Выбрать главу

– Калі вернешся? – Ліза села на зэдлік і адчула, які ён кволы і ненадзейны.

Наста насыпала кашы сабе і ёй, паставіла кубкі з кавай:

– Не хачу пісаць пра гэтыя спартовыя зборы, не хачу, не хачу. Добра табе.

Далей усё развівалася па гадамі адпрацаваным алгарытме: Ліза мыла посуд, Наста мылася ў ванне, Ліза мылася ў ванне – Наста фарбавалася перад вялікім люстэркам у калідоры, Ліза фарбавалася перад вялікім люстэркам у калідоры – Наста прасавала адзенне і апраналася, Ліза прасавала адзенне і апраналася – Наста выбягала з хаты. Перад тым як замкнуць кватэру, Ліза са шкадаваннем зірнула на пліту, на якую ўчора не хапіла часу. Як жа аддзерці тлушч?

* * *

– Мне, калі ласка, французскі. Я іду на вяселле, хутка пачнецца, яўжо пры макіяжы, а на манікюр учора не паспела, дык са мной абмянялася маці, яна была да вас запісаная, і вось мне французскі, – калі вы хочаце навучыцца адключацца ад рэчаіснасці, паспрабуйце папрацаваць манікюркай і не ўдумвацца ў чужыя гісторыі.

Наста: У мяне палова спартоўцаў панапівалася.

Ты як?

Ліза: Мне б таксама напіцца

Калі вернешся?

Наста: Позна

– Да мяне прыехаў пляменнік, ён гісторык, а наш горад жа гістарычны, толькі не ўсе гэта разумеюць. А ён з замежжам працуе, бо калі нам даўніна непатрэбная, то што ёй гніць? Але ўсё працуе, працуе, ды халасты, ніяк не ажэніцца, – новая кліентка зірнула на Лізу і спалохалася, што спалілася і выдала месца знаходжання рэдкага ў гэтых драпежных мясцінах халастога звера. – Толькі тут яму, зразумела, пары няма, не яго ўзровень. А хочаце я вам рэцэпцік капусткі хрусткай скажу?

– Блакітным. А на гэты пазногаць наклейце кветачку, – і больш нічога за ўвесь сеанс. Самая прыемная размова, дзякуй, прыходзьце яшчэ.

– І вось Віцька знайшоў маладзейшую, але не нашмат, і зараз з ёй жыве, адбудаваў дом, але і той дом пакінуў, малайчына такі, – цікава, вадкім сродкам адмыецца пліта ці парашком? Пальчаткі гумавыя добра б купіць, а Віцька, канешне, малайчына.

Горш, калі пачыналі распытваць яе:

– А дзе вы жывяце? А вы думаеце купляць кватэру? А чаму не замужам? А колькі плацяць вам? І што, вы ўсё так і будзеце манікюркай?

Ліза не мела што адказаць, атаму навучылася задуменна хітаць галавой і ўсміхацца так, што кліенткі пачыналі самі выдумляць гісторыі пра яе мары і планы – заставалася толькі згаджацца. Гэтыя гісторыі Ліза слухала з цікаўнасцю, мо спадзявалася, што нехта падкажа ёй, што рабіць далей. Пасля звальнення ёй здавалася, што час спыніўся. Не, не так: яна спынілася, а жыццё ідзе побач. Маўляў, спектакль, дзе Ліза іграла галоўную ролю, вывучыла словы і падрыхтавала прыгожы касцюм, але спазнілася, і таму пачалі без яе. А зараз няёмка выходзіць на сцэну – там спраўляюцца ж добра і так і, напэўна, абурацца, чаго яна лезе, сама вінаватая, трэба было думаць раней. А менавіта тады, калі памылілася і столькі часу змарнавала на вучобу, якая не мела нічога агульнага зрэчаіснасцю. Ці з вучобай усё было добра, а няправільна толькі тое, што два гады рабіла нелюбімае?

З пазногцямі – усё дакладна: адразу бачыш вынік і, калі сапсавала, можна падцерці ацэтонам. А тут. З’ехаць і шукаць працы, пра якую марыла? А калі яе няма? Ці ёсць, а Ліза не падыдзе?

– У вас такія прыгожыя блакітныя вочы, глыбокія-глыбокія, – новая кліентка – мастачка, пальцы перапэцканыя фарбай. – І валасы залатыя. Дзіва, што не замужам. Вы зачараваная русалка, якая чакае свайго прынца. Вось і амаль не размаўляеце, бы няма голасу. І вы чакайце, чакайце, ён абавязкова з’явіцца.

Ліза ўсміхнулася і кіўнула.

* * *

Пасля працы Ліза зайшла ў краму і набыла нарэшце пальчаткі, а таксама малака і спагеці з памідорамі. Спадзявалася, што паспее прыгатаваць вячэру да таго, як вернецца Наста, але калі адчыніла дзверы, адчула пахяблычнага пірага – найлепшы водар, які можа сустрэць дома.

– Амаль гатовы, дапякаецца, – Наста сядзела на падлозеў калідоры, вакол валяліся старыя газеты, – Увесь дзень думала, што ў тым стосе, не магла працаваць.

Ліза села побач:

– Сорак дзявяты год? Не такая і даўніна.

– Па-першае, мне, як журналісту, цікавая гісторыя прэсы. І не крыві твар, я ўсё бачыла. Па-другое, хаця б прагартаю перад тым, як закінуць назад на антрэсолі. Тут толькі барацьба, пасевы, ураджаі, а мне гэтага і ў нашых газетах хапае.