Забіты яшчэ раз пацягнуўся, замкнуў паволі вочы і быў гатоў.
Рускі перахрысціўся над мёртвым і палез у яго кішэню ў штанах. Выцягнуў адтуль пакамечаны ад доўгага часу і замаслены ліст у канверце. Болей нічога не было, і ён расчаравана ці нездаволена падраў яго на колькі частак. Абдумаўшыся, падняў іх з зямлі, каб пасля скурыць. І зноў кінуў. Аж рукі трохі дрыжэлі, і было брыдка, што так блазнуе, быццам не ворага забіў, а якога свайго. Смялей памацаў у яго за пазухаю, ува ўсіх кішэнях і ў шапцы і ізноў нічога добрага не знайшоў. Аглядаючы яго боты, ці варта здзіраць, глянуў незнарок у цямноту ночы, спалохаўся... Схапіў кацялок з бульбаю ў адну руку, дзве стрэльбы за раменне — у другую і пусціўся бегчы што ёсць духу да сваіх.
У роце яму не далі веры, што забіў аўстрыяка, і думалі, што прост у полі дзе звайшоў гэтую аўстрыяцкую стрэльбу. Але, праўда, была яна нядаўна ношаная, «цёплая» і пачышчаная. Можа, і забіў.
Толькі чалавек з гэтага часу перамяніўся. Быў дужа маркотны, кінуў брадзіць па дварах і бульбоўніках, упадабаў ляжаць на зямлі з раскінутымі нагамі і рукамі... Урэшце зазябіў сабе грудзі, і яго адправілі з пазіцый і прывезлі спярша ў нейкі паўднёвы горад, а потым у наш шпіталь, глыбей у тыл.
Тут не ведаюць, як яго разумець. Доктар Гэрмэер, немец з Дзвінску, якога мы ўсе не любім, лічыць Рускага за прыкідаку, іначай не заве, як «сімулянтам», і нават у вочы яму кажа:
— Ты, прахвост, прыкідаешся! Ты ўсё гэта выдумаў! Падлечым табе грудзі і ўсё роўна паедзеш ізноў на фронт.
Другі доктар, старшы, на прозвішча Квяткоўскі, а родам, як кажуць, з-пад Баранавіч, старанна лечыць яму грудзі рознымі ўдыханнямі і паветранымі ваннамі, а на яго нервы зважае мала і быццам не чуе, калі таго пачынае забіраць хвароба:
— Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..
— Ну-ну-ну, гэта не столь важна, — гаворыць старшы доктар Рускаму, пераходзячы на другіх хворых і раненых.
«Не столь важна! Не вельмі важна, гм!» — думаю сабе я.
Я на свае вушы чуў ад Рускага аб тым, як ён забіў беднага аўстрыяка, і спярша таксама не паверыў: ці мала хітрых бестый бывае паміж салдат. Аднак, я на свае вочы бачыў, у першую ж яго ноч у нашым шпіталі, як ён горка плакаў і жаліўся, што яму ўсё нешта здаецца. Няшчасны, нягледзячы на бром і падскурнае ўпырсківанне, заліўся слязьмі так шчыра і жалосна і так доўга, што ніяк не можна было яму не верыць...
1915