Выбрать главу

— А той самы, што прыслалі да нас з сібірскіх лясоў ваяводам. Я раней была ліса-краса — дзяўчына, а цяпер нашага ваяводы — Катафея Іванавіча — жонка.

— А ці нельга паглядзець яго, Лізавета Іванаўна?

— У! Катафей Іванавіч у мяне такі сярдзіть: хто яму не спадабаецца, адразу з'есць. Ты ідзі прыгатуй быка ды прынясі на паклон. Ды глядзі, быка пакладзі навідавоку, а сам схавайся, каб Катафей Іванавіч цябе не ўбачыў, а то кепска табе будзе!

Мядзведзь пайшоў па быка, а лісіца—дадому.

Вось прынёс воўк барана, аблупіў, стаіць і думае. Глядзіць — і мядзведзь прэцца з быком.

— Дзень добры, Міхал Іванавіч!

— Здароў, брат Лявон! Што, не бачыў лісіцы з мужам?

— Не, Міхал Іванавіч, сам іх чакаю.

— А ты схадзітка да іх, пакліч,— кажа мядзведзь ваўку.

— Не, не пайду, Міхал Іванавіч. Я непаваротлівы, ты лепш ідзі.

— Не, не пайду, брат Лявон. Я касматы, касалапы, куды мне!

Раптам — ні адсюль ні адтуль — бяжыць заяц. Воўк і мядзведзь як закрычаць на яго:

— Хадзі сюды, касавокі!

Заяц ажно прысеў, вушы на спіну паклаў.

— Ты, заяц, паваротлівы і на нагу лёгкі: збегай да лісіцы, скажы ёй, што мядзведзь Міхал Іванавіч з братам Лявонам Іванавічам даўно ўжо гатовы, чакаюць цябе, значыцца, з мужам, Катафеем Іванавічам, хочуць пакланіцца бараном ды быком.

Заяц прыпусціў да лісіцы на ўсю моц. А мядзведзь з воўк пачалі думаць, дзе б гэта ім схавацца.

Мядзведзь кажа:

— Я палезу на хваіну.

А воўк яму кажа:

— А я куды дзенуся? Я ж на дрэва не ўскарабкаюся? Схавай мяне куды-небудзь.

Мядзведзь схаваў ваўка ў кустах, заваліў сухім лісцем, а сам залез на хваіну, на самую макаўку, і пазірае, ці не ідзе Катафей Іванавіч з лісіцаю.

Заяц тым часам прыбег да лісіцынай нары:

— Мядзведзь Міхал Іванавіч з ваўком Лявонам Іван-вічам прыслалі сказаць, што яны даўно чакаюць цябе з мужам, хочуць пакланіцца вам быком ды бараном.

— Бяжы, касавокі, зараз будзем.

Вось і пайшлі кот з лісіцаю. Мядзведзь убачыў іх і кажа ваўку:

— Нейкі ж ваявода Катафей Іванавіч дужа маленькі!

Кот адразу ж кінуўся на быка, поўсць натапырыў, пачаў ірваць мяса і зубамі і лапамі, а сам мурчыць, нібыта злуецца:

— May, мау!..

Мядзведзь зноў кажа ваўку:

— Невялікі, ды пражэрлівы! Нам учатырох не з'есці, а яму аднаму мала. Чаго добрага, ён і да нас дабярэцца!

Захацелася і ваўку паглядзець на Катафея Іванавіча, ды скрозь лісце не відаць. I пачаў воўк ціхенька разграбаць лісце. Кот пачуў, што лісце шамаціць, падумаў, што гэта мыш, ды як кінецца — і проста ваўку ў пысу кіпцюрамі ўчапіўся.

Воўк перапужаўся, усхапіўся і давай уцякаць.

А кот сам спалохаўся і сігануў на дрэва, дзе сядзеў мядзведзь.

«Ну,—думае мядзведзь,— убачыў ён мяне!»

Злазіць яму не было калі, вось мядзведзь як чмякнецца з дрэва вобземлю, усё нутро адсадзіў, падхапіўся ды наўцёкі.

А лісіца наўздагон крычыць:

— Уцякайце, уцякайце, каб хаця ён вас не пазадзіраў!..

З таго часу ўсе звяры пачалі ката баяцца. А кот з лісіцаю прызапасілі на ўсю зіму мяса і пачалі жыць ды пажываць. I цяпер жывуць.

ЯК ЛІСІЦА ВУЧЫЛАСЯ ЛЯТАЦЬ

Сустрэўся з лісіцаю журавель:

— Што, лісіца, ці ўмееш лятаць?

— Не, не ўмею.

— Садзіся на мяне, навучу. Села лісіца на жураўля. Падняў яе журавель высока-высока.

— Што, лісіца, ці бачыш зямлю?

— Ледзь бачу, з аўчынку зямля здаецца!

Журавель і скінуў яе з сябе. Лісіца ўпала на мяккае месца, на капу сена.

Журавель падляцеў:

— Ну як, умеет, лісіца, лятаць?

— Лятаць-то ўмею — садзіцца цяжка!

— Сядай зноў на мяне, навучу. Села лісіца на жураўля. Яшчэ вышэй падняў ён яе і скінуў з сябе.

Упала лісіца на балота: на тры сажні правалілася ў зямлю.

Так лісіца і не навучылася лятаць.

ГЛІНЯНЫ ХЛОПЕЦ

Жылі-былі дзед ды баба. Не было ў іх дзяцей. Баба і кажа:

— Дзед, дзед, вылепі з гліны хлапчыну, нібыта і сын будзе.

Дзед вылепіў з гліны хлапчыну. Паклаў яго на печ сушыць. Высах хлопец і пачаў прасіць есці:

— Дай, бабка, малака кадушку ды бохан хлеба з падушку.

Прынесла яму баба гэта, а ён з'еў усё і зноў просіць:

— Есці хачу! Есці хачу!

I з'еў у дзеда з бабай увесь хлеб, выпіў усё малако і зноў крычыць:

— Есці хачу! Есці хачу!

Няма чаго яму больш даць. Гліняны хлопец саскочыў з печы і з’еў бабку з прасніцай, дзядка з кавенькай — і падаўся на вуліцу.

Ідзе насустрач бык. Гліняны хлопец кажа яму:

— З’еў я хлеба пяць боханаў-падушак, малака пяць кадушак, бабку з прасніцай, дзядка з кавенькай— і цябе, бык, з'ем!