Калі шклянка апусцела, я ўжо глядзела на свет нашмат больш аптымістычна. З глыбіні алкагольнага ап’янення, як гусь з калюжыны, я задаволена высунула галаву і мірна радавалася.
Ну сапраўды, што ж такога асаблівага адбылося ў гэтую ноч пасля дажджу, якую я правяла на гародзе? Ды нічога! Лёніху і Міхася я наогул адкінула ад разгляду: ну, быў у людзей клопат, хай сабе і ноччу. Абаіх я ведаю настолькі добра, што падазраваць іх у нечым дрэнным проста не магу. Не, цалкам верагодна, што Лёніха цягалася куды-небудзь з не вельмі добрапрыстойнай мэтай (варажыла на полі Макаручкі, каб у той не радзіла бульба, даіла таемна кароваў з калгаснага статку, што стаяць табарам ля Хутара…), а Міхась, здольны як паэт хутка і моцна закахацца, сапраўды ішоў да якой маладой дачніцы, але гэта не мае да мяне ніякага дачынення і застаецца іх прыватнай справай.
Што ж датычыць прывіда за мяжой, дык гэта, напэўна, быў сапраўды прывід, то бок мне падалося. Я ўсё ж жыву ў ХХІ стагоддзі і маю вышэйшую адукацыю. Прывідаў не бывае. Яго там і не было. Прымроіўся ад празмернай стомы ды бяссоннай ночы. Чалавек жа ля акна – таксама дачнік, законны спадкаемца Сівога, заўзятар алкаголю і таго, што дрэнна ляжыць, гнаны гэтымі жарсцямі, шукаў магчымасці іх наталіць. Дробязь. Такіх цяпер хмары. Як машкары.
Стукнулі дзверы. Бабуля, абапіраючыся на кіёк і папраўляючы акуляры, выйшла на кухню і выказала здзіўленне, што я ўжо не сплю. Я, зрабіўшы пэўны высілак, сфакусавала позірк і спыталася, што сёння варыць. Бабуля прапанавала боршч з буракоў і картоплю і пайшла адчыняць курнік.
Такім чынам, усё стала на месцы. Закрычалі, вырваўшыся на волю, куры. Пырснуў у акно першы на сёння прамень сонца. Пачалася раніца.
Але як сварылася бабуля, калі даведалася, што я ноччу абгарнула бульбу! Як ганіла мяне, што цягаюся па начах па лесе! Гэта нагадала мне яе лепшыя гады.
Чорнае балота
Гэтым летам я як хамяк на коле: пакуль кола стаіць, набіваю запысныя мяшкі, разглядаюся з цікавасцю, нават прыгажосць наводжу… Але вось нехта крутане кола – і пабегла. Спыніцца немагчыма. Шалеючы. Знемагаючы. А саскочыць з кола не дазваляе слабаразвітасць мозгу.
…Я тулялася па хаце, не ведаючы, за што ўзяцца. Дакладней, ведаючы, і нават добра ведаючы – трэ было б прыбраць хату перад прыездам Улі – толькі вось брацца за анучу катэгарычна не хацелася. Замест таго, каб шчыраваць па закутках з пыласосам, я павалілася на канапу ды шчоўкнула тэлевізійным пультам.
– Радетели за народ всех мастей и оттенков, – адразу ж пачулася з ажылага экрана, – давно обанкротившиеся политиканы и воротилы бизнеса, для которых банкротство – лишь вопрос времени и интереса правоохранительных органов, усмотрели в объявленных досрочных выборах возможность удовлетворения своих мелких, но навязчивых амбиций.
«І дзе ўсё ж такі бярэ БТ[8] такіх дыктараў? – ляніва думала я. – Тэарэтычна зразумела, паводле якіх крытэраў іх там адбіраюць. Але, але, але… Такую вось трэба добратакі пашукаць. Прысы[9] на шырыні плячэй, вочкі як свярдзёлкі ў глыбіні залежаў тлушчу. Тлушч нават на лбе. Цыцкі распіраюць зялёную бліскучую апранатку – ну рыхтых рапуха на нерасце. Ды пры такой знешнасці верх кар’еры павінен быць: сядзець у ачку ды абвяшчаць: «Занята!»
– Вот и сегодня, – вяшчала тым часам бабішча ў тэлевізары, – появился очередной кандидат в президенты. На этот раз это некто Антон Бобылёв, директор унитарного предприятия «Гамма».
Мяне падкінула на канапе. На экране змянілася карцінка: мой муж, седзячы ў сваім кабінеце, нешта гаварыў, але словаў чуваць не было, замест яго рапуха за кадрам працягвала:
– Белорусский народ прекрасно помнит, сколько бед принесло ему в прошлом чернобыльское гаммаизлучение, сколько горя и слёз, материнских бессонных ночей, страданий детей. Гамма – знак беды для нашего народа, и симптоматично, что человек, возглавляющий предприятие с таким названием, пользуясь демократичностью нашего государства – возможно, излишней, – пытается добиться своих явно неблаговидных целей за счёт либеральности белорусских законов. Несомненно, что наши люди смогут отличить подлинное от наносного, и разберутся, что на самом деле представляет собой каждый из кандидатов, и кто из них действительно способен защитить нашу страну от катастроф и опасностей…