Яна трындзела далей, але я ўжо не слухала.
Забалела і затачылася галава. Ён звар’яцеў! Кінулася да тэлефона – і гарадскі, і мабільнік намёртва занятыя. Звар’яцеў! Невідушчымі вачыма я глядзела на экран тэлевізара, па якім ужо ганяліся нейкія бульдозеры.
Ён здурэў, гэта зразумела. Нічым іншым нельга патлумачыць такога кроку. Даб’ецца цікавасці праваахоўных органаў, калі не чаго горш. Даб’ецца таго, што і яго, і косці яго продкаў да дваццатага калена рытэльна перамыюць і таксама рытэльна змяшаюць з брудам. Даб’ецца таго, што выцягнуць на свет і мой жах, які я лічыла нарэшце пахаваным.
Вечар прайшоў сумбурна. Тэлефоны Антона па-ранейшаму раздражнёна выяўлялі занятасць, тэлевізар я проста баялася ўключаць. Баялася я і тэлефонных званкоў, якія маглі ўжо сёння раздацца тут у мяне ў Дабрацічах, але іх пакуль не было. Стары тэлефонны апарат на палічцы ў кухні старой хаты маўчаў і нараніцу – гатуючы снеданне, я міжволі прыслухоўвалася.
Раптам, як працяг маіх трывожных чаканняў, з лесу пачуўся адчайны дзіцячы крык. На такі крык рэагуеш імгненна. Віхурай вылецеўшы з хаты, я адрухова схапіла пласкарэз Фокіна, што стаяў ля ганка і кінулася за брамку. Краем вока пабачыла, што ад курніка, спіраючыся на кульбу, спяшаецца за мной і бабуля.
Што там? Шалёны сабака? П’яны бандыт?
Праз некалькі секундаў, вырваўшыся за плот, я пабачыла дзяцей.
Збялелыя, спалоханыя, залітыя слязьмі твары. Дзяўчынкападлетак, сагнуўшыся, трымалася за лытку.
– Змяя! Мяне ўкусіла змяя!
– Боюсь! Боюсь! – заходзілася другая, меншая.
– Укусіць нас, укусіць! – у жаху паўтараў хлопчык.
Гэта была гадзюка. Яна не ўцякала. Тоўстая. Маленькая галоўка. На ігліцы. Побач з гурбай хмызу. Цэлячы ў шыю, я ўдарыла па ёй пласкарэзам, і сама ледзьве не закрычала, калі безгаловае тулава пругка заматлялася, плямячы крывёю пясок.
Калі гадзючына кроў капае на хлеб, хлеб стогне. Пясок – не, пясок маўчыць, што б на яго ні лілося. Я не баюся паўзуноў да непрытомнасці, але цяпер вясёлкавае кола закруцілася ў мяне перад вокам.
– Абапрыся на мяне, дзяўчынка. Не крычыце, дзеці! Тут больш няма змеяў. Не крычыце, я сказала!
Але дзеці крычалі. Бабуля ўжо амаль бегла, і я падумала, што яна немінуча ўпадзе і тады немінуча зломіць шыйку клуба. Але гэтага не адбылося. Паспяхова дабегшы да нас, яна кінула навокал надзіва востры погляд праз свае таўшчэзныя акуляры, раптам выхапіла ў мяне пласкарэз і з размаху гакнула проста ля маёй нагі. Яшчэ адна, меншая трохі, змяя ў курчах задзерлася і зазвівалася на моху, яшчэ адна маленькая галоўка адскочыла ад тулава.
Якія норы свае шукалі яны тут – невядома, ці можа ў іх тут было спатканне ці сімпозіум (перадвыбарны сход?) – не знаю. Раней ніколі ў Дабрацічах змеяў не было.
– Выклікай «хуткую»! Бягом! – распарадзілася бабуля. – Гэта Уругвайцавы ўнукі.
Высілкам волі я пераадолела дурноту, што была падступіла да горла, і пабегла дамоў. Калі, ужо ад брамы, азірнулася, укушаная дзяўчынка кульгала да плота, спіраючыся адной рукой на пласкарэз, другой – на бабіну кульбу, а баба вяла за рукі сплаканых малых.
Бесталкова тыкаючыся ў дыск, я набрала нумар Зарніцкай.
– Ленка, тут дзяўчынку ўкусіла гадзюка, у нагу, што рабіць?
– Не панікуй. Забяспеч спакой назе. Ніякіх жгутоў. Можаш даць моцнага чаю ці лепш кавы. Вы ў Дабрацічах?
– Так.
– Буду праз пяць хвілінаў, я ў Страдчы.
Я паставіла чайнік на газ і кінулася насустрач Зосьцы – цяпер я яе пазнала, гэта сапраўды была Уругвайцава ўнучка.
Нага пухла на вачах, сіне-чорная фарба, здавалася, разлівалася пад тонкай скурай. Зоська ўжо амаль не магла ісці.
– Патрывай, зайчык, зараз прыедзе цётка Алена, і кавы зараз табе дам, табе палепшае ад яе.
Зося няпэўнай рукой выцерла пот з ілба і асела мне на рукі. Я падхапіла тоненькае цельца пад пахі, данесла да гамака. Зося страціла прытомнасць, адвалілася назад, і, неяк дзіўна булькочучы горлам, здавалася, хацела нешта сказаць. Слупянеючы, я глядзела на яе і не ведала, што рабіць.
– Галаву, галаву павярні! – бабуля ўзнікла зза маёй спіны і сама павярнула дзяўчынку на бок. Зосю вырвала.
Засвісцеў чайнік. Я хутка запарыла каву, але не паспела даць яе – бразнулі дзверкі Ленчынага «мерсэдэса», і вось ужо мая дарагая сяброўка, у нязменным чырвоным вырвівокаўскім гарнітуры, бяжыць да нас, адкрывае зноў-такі нязменны чамаданчык, ломіць галаву ампуле з празрыстай вадкасцю і робіць Зосьцы ўкол, ушчыпнуўшы тонкую руку.
– Так, паехалі ў бальніцу, – распарадзілася яна. – Не бойцеся, ад укусу гадзюкі яшчэ ніхто не памёр, але трэба паехаць – навошта ёй тут мучыцца, трэба кропельніцу паставіць з антыдотам.