Выбрать главу

Мы занеслі Зосю ў машыну і ўладкавалі на раскінутым крэсле – у Ленкі мікрааўтобус, – я падсадзіла туды ж малых і скочыла сама.

– Асцярожныя будзьце! – баба засталася ля плота. – З Богам!

Малых па дарозе высадзілі каля Уругвайцавага дома, хуценька патлумачыўшы сітуацыю цётцы Кацьцы.

– Навошта ж было забіваць змеяў? – незадаволена адчытвала мяне Зарніцкая, калі я расказала ёй пра абставіны сённяшняй раніцы. – Невук!

– А што я мела рабіць!? – абурылася я. – Карміць іх малачком з місачкі?

– Злавіць і адвезці далёка ў лес! Ці на Чорнае балота! – адрэзала Ленка, абыходзячы на павароце нейкі лядашчы «форд». – Што за цемра – як што, дык адразу забіваць змеяў! – яна абурана націснула на газ, і стрэлка спідометра папаўзла да ста сарака (ёсць свае плюсы ў тым, што брук часоў санацыі залілі асфальтам нашых часоў – заўважу ў дужках). – Усе выпадкі смерці ад укусаў атрутных змеяў у Еўропе – насамрэч вынікі няправільна аказанай дапамогі. Так званай дапамогі! Закруцяць жгут на назе – і маеш атручанне прадуктамі распаду тканак. Ці пакладуць на спіну – і чалавек у непрытомнасці захлынаецца ванітамі («Галаву, галаву павярні!» – халадзеючы, успомніла я). Элементаршчыны не ведаюць! А як пласкарэзамі лупіць – гэта ведаюць…

Кола адпусціла, і я заўважыла, што еду ў Брэст у перапэцканай спадніцы і вынашанай, у дробныя дзірачкі, майцы. Ленка кіравала машынай, чытаючы мне лекцыю па асновах медыцынскай дапамогі, адной далонькай павяртаючы стырно, а другой рукой набіраючы нумар прыёмнага пакоя абласной бальніцы – там яе таксама ведалі, бо і дактары трымаюць хатніх жывёлаў.

Ленка – ветэрынар. Яе маці калісьці гвалтам не пускала яе ў ветэрынарны інстытут – у нашыя маладыя гады «звярыныя дактары» маглі спадзявацца адно на працу ў калгасе, і Ленчына маці шчыра не хацела дачцэ такой долі. А хацела, каб яна працавала настаўніцай – гэта гарантавала заробак і сацыяльны статус. Маці не магла прадбачыць, як усё павернецца і хацела як лепей. Не магла прадбачыць і Ленка, але ўсё ж настаяла на сваім, бо, колькі я яе памятаю, пяшчота яе да ўсяго, што дыхае, была невымернай. Так Ленка не зрабілася настаўніцай, а стала ветэрынарам, адначасна пайшоўшы з сям’і, бо маці яе не прабачала непаслушэнства, а гэта быў ужо сапраўдны бунт. Цяпер Ленка мае сваю ветлячэбніцу, дзвюх дачок ад розных мужоў і ўнука. Чырвоная марынарачка Ленкі зрабілася ў Брэсце і ваколіцах знакамітай; да нас яна прыехала са Страдзічаў, дзе прымала роды ў сенбернарыхі коштам паўтары тысячы еўра – улюбёнкі сям’і баптысцкага прэсвітара. У яе незвычайныя рукі – шырокія, моцныя, з доўгімі гнуткімі пальцамі, фенаменальная інтуіцыя і здольнасць не спаць дні і ночы, таму мяне не дзівіць, што яна стала вельмі заможнай. Трэці муж Ленкі маладзейшы за яе на пятнаццаць гадоў; пасля таго як ён сказаў аднойчы, што дзеля яе здольны стаць не толькі герантаманам, але і некрафілам, яна пагадзілася выйсці за яго замуж.

А пазнаёміліся мы з Зарніцкай на бульбяніку. Яна тады вучылася ў шостым класе ў 13-й брэсцкай школе і была першай, хто загаварыў з намі, дзеравенскімі, якія выбіралі бульбу на суседніх барознах. І адзінай, не выключаючы і настаўнікаў, хто не кпіў з нашай мовы. Потымпотым, калі мы з Улянкай моцна пасябравалі з Зарніцкай, яна атрымала ад нас мянушку ЗаранадБугам, або Зарніца – ад прозвішча і подпісу: Зара – і закавыка.

Зосю ўладкавалі ў рэанімацыю, у асобны бокс. Пачувалася яна лепш – падзейнічалі супрацьатрутныя лекі. Доктар запэўніў мяне, што небяспекі ніякай няма, і, дамовіўшыся, што вечарам Зосю наведае Зарніцкая, а заўтра прыеду і я, мы паехалі назад – Ленцы трэ было вярнуцца ў Страдзічы.

У Дабрацічах, высадзіўшы мяне, Алена падняла капот, каб нейкую там трасцу паправіць, і папрасіла прынесці папіць. Таму першай бабу пабачыла я сама: адваліўшыся, яна сядзела за сталом на верандзе, на лаўцы, галава закінутая, хустка трохі спаўзла. Ямка рота. Акуляры коса на худым жаўтаватым твары.

Яна была мёртвай.

Чужая смерць

Увесь пахавальны клопат і само пахаванне прайшлі для мяне змазана. Улянка яшчэ паспела прыехаць. Людзей прыйшло няшмат, але адусюль: утравелымі сцежкамі, зарослымі кукальнікам ды пурхаўкамі, пад хмарай, што гадавалася за Бугам, з Страдча, Дурычаў, Заказанкі прыйшлі маладзейшыя за яе, нашу бабу. Дабрацінцы сабраліся ўсе, акрамя старой Лялькі, якая даўно не ходзіць. Прыйшоў Афанасий Петрович – бабулін дружбак з дачнікаў. Сёння ў яго за поясам адсутнічала нязменная сякерка, але штаны былі тыя самыя – чыста памытыя, некалі даўно сінія. Ён адзіны заплакаў, калі труну з хаты вынеслі на двор. Ды яшчэ чапля, якая, выгнуўшы гакам шыю, пралятала ў гэты момант над дваром, крыкнула: «Ай!» Я бачыла ўсё праз нейкае чорнае сіта – людзей, труну, чаплю, святлейшую за хмару, якая паўзла за ёй… Уляну, Уругвайца, Лёніху, Ярашыху, Аксанку…