Ні Антон, ні Юрка на пахаванне не прыехалі. Юрка, Улянін муж, якраз быў у Кракаве, рыхтаваў кангрэс архітэктараў, адказным арганізатарам якога ён і з’яўляўся, і мы вырашылі, што яму трэба заставацца там, давесці справу да канца, бо, калі ён з’едзе, кангрэс можа сарвацца. А на Антона я разлічвала. Я так і не змагла да яго дазваніцца і вымушана была даць тэлеграму. Позна вечарам ён пазваніў мне сам. Далёкім голасам паспачуваў, пашкадаваў, што не зможа прыехаць, прапанаваў прыслаць памочніка з грашыма і машынай. Зазлаваўшы, я адмовілася ад такой дапамогі і ўжо хацела кінуць слухаўку, як раптам успомніла рапуху ў тэлевізары – я была ўжо паспела намёртва (які страшны каламбур!) забыць пра яе і ўсё з ёй звязанае.
– Тосік, што ты там уздумаў? Навошта табе гэта? Я так баюся за цябе…
– Не хвалюйся, – Антонаў голас памякчэў, прыблізіўся, ён яўна не чакаў гэтага Тосіка, памяткі маладосці, якая вымавілася нечакана і для мяне самой. – Усё будзе вельмі добра. Ты ж ведаеш, я заўсёды гуляю толькі напэўна, з казырамі.
Як недарэчна разанула гэтае «гуляю»! Даўнавата мы з табой ужо не гулялі, я наогул забыла, што такое гульні – усё ў нашым жыцці было нават надта сур’ёзна. Але я не паспела сказаць пра гэта – у кухню, дзе я гаварыла, зайшоў Уругваец, за ім – заклапочаная Уляна. Мая прысутнасць патрабавалася на чарговай гаспадарчай нарадзе, і я паспяшалася развітацца.
Пасля памінак мы з сястрой не сталі прыбіраць.
– Хадзем наверх, – прапанавала Улянка, калі ўсе разышліся зза вялікага, састаўленага з трох, стала. – Паляжым крышку. Ногі дыгаюць.
У сваім пакоі яна апусцілася на канапу і закрыла вочы рукой – бабін жэст, які мы абедзве перанялі.
– Здаецца, зрабілі ўсё так, як яна наказвала, – сказала сястра, не адкрываючы вачэй. – Як хацела. Поп толькі мне не вельмі спадабаўся – занадта спяшаўся, па-мойму.
– Улянка, мне трэба паведаміць табе адну важную рэч.
Улянка расплюшчыла вочы.
– Бабуля памерла не сама, не сваёй смерцю. Яна памерла ад таго, што нехта дабавіў у каву сардэчны прэпарат – кардыёстымфортэ. Я заварыла каву для Зоські, калі яе ўкусіла змяя, але даць не паспела – Зарніцкая павезла нас у бальніцу. А бабуля, відаць, па сваёй звычцы (каб дабро не прападала) дабавіла ў каву малако і стала піць… А ў каве быў гэты лек…
– Адкуль ты ведаеш? Чаму не сказала раней? – голас Улянкі гучаў глуха.
– Кубак з кавай, выпіты напалову, стаяў перад ёй на стале, калі я прыехала. А ведаю напэўна, дзякуючы фенаменальнай нюхаўцы Зарніцкай. Калі яна прыбегла на мой крык на веранду, кінулася да бабулі і амаль адразу абвясціла: «Яна памерла». Знаеш, лішні раз пабачыла, якая яна спраўная і якая я недарэка. Яна запатрабавала, каб мы перанеслі бабулю ў хату, выклікала хуткую – а раптам рэаніматары ўсё ж… Да прыезду хуткай рабіла штучнае дыханне… А потым, калі хуткая канстатавала смерць і паехала, мы вярнуліся на веранду, я сядзела як ідал, нават нічога не магла гаварыць, а яна пачала набіраць па мабільніку Хведзьку… Раптам бачу, яна неяк панюхала паветра – як сабака, бывае, робіць стойку. Потым падышла да стала, узяла кубак з кавай, таксама панюхала і пакаштавала на язык… Потым паглядзела на мяне дзіўна і кажа: «Ведаеш, Алка, у гэтую каву нешта дабаўлена. А ну дай пачак!» Яна забрала пачак з сабой на аналіз. А вечарам, калі прыехала зноў, сказала, што і ў заваранай каве, і ў пачку знайшла кардыёстымфортэ. Вельмі вялікую дозу. Досыць вялікую, каб выклікаць сардэчны прыступ.
– А дактары з хуткай не заўважылі нічога падазронага?
– Канечне, не. Дзевяноста сем год! Што тут падазраваць, якая тут можа быць прычына смерці, акрамя старасці? Напісалі даведку, і ўсё. У даведцы напісана, дарэчы, што прычына смерці – сардэчны прыступ, але нікому б да галавы не прыйшло, што ён – справакаваны. Ніхто нічога не заўважыў бы, каб не Зарніцкая.
Мы глядзелі адна на адну. Дзве сястры, падобныя да немагчымасці. Толькі адна крышачку кульгавая целам і вельмі кульгавая душой. Я чытала яе думкі, як свае. Улі праз мяне дасталася за жыццё пад бок і пад галаву; як сястра я не падарунак. Бывала ўсялякае. Яна расшуквала мяне ў хрушчобах у Менску на Розачцы і знаходзіла там у непрытомным стане. Яна плаціла дактарам за вывядзенне мяне з запою. Было, мы з ёй год не размаўлялі. Ёй прыйшлося дзеля мяне даваць хабар. І аднойчы я ўжо была прытарочана да справы аб забойстве.
І вось зноў.
Самае галоўнае, гэта была абсалютна незразумелая сітуацыя. Хто, навошта падсыпаў кардыёстым у каву? Навошта і хто?
– Так, – Улянка памаўчала. – Ну, куды ўляпалася цяпер?