Я заматляла галавой.
– Не, я тут не пры чым, дакладна. Нават уявіць не магу…
– А я магу! – сястра раззлавана ўсхапілася і захадзіла па невялікім пакоі. – Я магу! Ты зноў бярэшся за сваё! – яна села і пацёрла лоб. – Колькі ўжо можна, Ала! Мы ж дамаўляліся!! Ужо пяцьдзясят не за гарамі!
Я маўчала, стрымліваючы слёзы, якія, як заўжды, падступілі нечакана.
Улянка ўзяла сябе ў рукі.
– Ну, выбачай, сястрынка, – яна села і абняла мяне за плечы.
Я выцерла вочы.
– Гэта ты павінна мне выбачыць.
– А твой кардыёстым дзе? – спыталася Улянка.
– На месцы.
У мяне праблемы з сэрцам, і я павінна пастаянна прымаць гэты прэпарат, але толькі па паўтаблеткі ў дзень. Усе мае лекі выявіліся некранутымі.
– Так, так, так… Значыць, сітуацыя такая. Нехта падсыпаў у каву моцны сардэчны прэпарат. Можна меркаваць, з мэтай атруціць. Наколькі я ведаю, ім можна смяротна атруціцца нават здароваму чалавеку, калі доза будзе вялікая. А хвораму – вось як табе…
– Або табе, – кінула я.
Улянка на секунду задумалася і кіўнула.
– Так, або мне, – дастаткова проста трохі перавысіць дозу, каб справакаваць небяспечны сардэчны прыступ… Зосі, можа, нічога і не было б – яна маладая і ў яе, Богу дзякаваць, з сэрцам парадак… У бабулі сэрца было вельмі зношанае, гэта так, але яна ніколі і не піла кавы… Я, прынамсі, не помню, каб яна рабіла гэта. Ты правільна заўважыла: што яна выпіла каву – выпадковасць. Значыць, значыць, значыць… Значыць, можна сказаць з пэўнасцю: кардыёстымфортэ ў каве быў прызначаны не для яе… Для цябе?
– Не знаю. Але я бачыла смерць. За мяжой, ноччу.
– Алка, я заўважыла пачатую бутэльку віскі за лядоўняй на верандзе… Не здзіўлюся, калі ты бачыла чарцянят ў міжскрынкавай прасторы.
Прылоўленая на гарачым, я маўчала. У хаце было вельмі ціха.
– Бабуля памерла не сваёй смерцю. Чужой. Або тваёй, або маёй. Вось усё, што мы можам цяпер сказаць.
– Не, я сапраўды бачыла смерць, – пачала тлумачыць я і спатыкнулася. Да мяне раптам дайшло, што сказала Улянка. – Тваёй смерцю? Цябе маглі спрабаваць атруціць?
Невядомы зламыснік хацеў смерці Уляны? Я выказала такую здагадку проста праз раздражнёнасць, праз тое, што сястра адразу абвінаваціла мяне. А яна паставілася да гэтага так сур’ёзна?
І тут, у той час, калі я невымерна здзівілася, у час, калі сонца спусцілася досыць нізка і яго промні падкрэслілі ў кожнай фарбе чырвоныя адценні, калі святло на дварэ ненадоўга стала зусім фантастычным, а камлі бар’якоў – мядзянымі, пачулася знаёмае тахканне матора: трактар «Беларусь» жвава бег да нашае брамы, за ім меланхалічна, але таксама хуценька, трусіла кабылка ў возе.
Гэта ехалі да нас Толік і Валік. Яшчэ два чалавекі з нашага дзяцінства. З якімі звязаныя не агульныя, а розныя ўспаміны сясцёрблізнятак. Мой Толік – гэта мая частка ўспамінаў: зялёны мох, туман, пясок, які наліпае на халодную скуру, худзізна, дзякуючы якой лёгка пералічыць рэбры…
І бранілся непотребно, ібо бысть упоен владою…
Мой Толік.
Да замуства справа не дайшла. Пасля школы мы з Улянкай папёрлі ва ўніверсітэт, а Толік – у войска. А на другім курсе я ўжо не лічыла, што Толік – маё наканаванне. А на трэцім з’явіўся Антось. Не магу сказаць, што я ніколі не задумвалася, як бы магло пайсці маё жыццё, калі б я не праігнаравала аднойчы запрашэння ў Прылуцкі клуб на танцы… Але, як бы там ні было, я яго праігнаравала.
Цяпер Толік працуе трактарыстам. Больш за тое, ён трактарыст. Трактарыст. Ён усё забыў. Страшэнны алканаўт; сёлета, як я чула, ён выправіў сына вучыцца ў эканамічны ўніверсітэт у Менск, прычым на платнае. Твар у яго загарэлы да чырвонабурага, а зморшчкі настолькі рэзкія і глыбокія, што дна іх не відаць. Ён вялікі, але ўжо патроху стоптваецца ростам і звужаецца ў плячах. Гандзя, ягоная жонка, актыўна робіць з яго гаспадара цяпліцаў, свінукоў і пальмэтных яблыняў.
Валіка час змяніў менш. Ён – брыгадзір; раней у калгасе «Шлях Ільіча», цяперака – у ТАА «Агравіталіка+». У ім больш засталося ад таго хлопчыка, з якім мы хадзілі ў школу: круглы свежы твар, усмешка… Толькі тады ён быў з першых гарэзаў і свавольнікаў, а цяпер набыў нейкую задуменнасць і закарэў. Раз’язджаючы па ваколіцах на сваім возе, ён ляжыць на сене вальяжна, з форсам, рыхтык як калісьці ягоны дзед. А на службовай «ніве» ездзіць не любіць і амаль ёю не карыстаецца. Не мае куды спяшацца, тлумачыць.
Як ні дзіўна, але я ўзрадавалася. Нягледзячы на пахавальны дзень, я ўзрадавалася, калі, заглушыўшы матор, ляснуў дзверкамі трактара Толік, а Валік, злезшы з воза, грунтоўна прывязаў лейцы да слупка брамкі.