Пакуль мы з Улянкай спускаліся ўніз, спусцілася за Буг і сонца. Зніклі чырвоныя водбліскі; ноч, пакуль што ў сінім, падбадзёрыўшыся, ступіла смялей.
– Не змаглі раней, – яшчэ ад плота гукнуў Толік. – Чарота сказаў: «Што хочаце, а не пушчу! Я і сам мусіў быў пайсці развітацца з Макрыняй Лукашаўнай, але ж надвор’е чакаць не будзе. Нябожчыца сама была гаспадыняю, яна нам прабачыць. Звязем сена – разам на магілу сходзім».
– І праўда ж, хмара за Бугам стаяла, – дадаў Валік, падыходзячы. – Але бач ты, холадам працягло. А ўжо ж яго і трэ было б, гэтага дажджу. Тым больш, што сена сёння мы апошняе звезлі… Так што вы не крыўдуйце, што на пахаванне не прыйшлі. Ну ніяк не выходзіла.
– Што вы выбачаецеся, – махнула рукой Улянка. – Добра, што вось заехалі. Пойдзем дахаты. Вы рукі памыйце, а мы стол спарадкуем…
Мы з сястрой прыбралі талеркі, шклянкі і відэльцы, паставілі чыстыя прыборы. Толік з Валікам адцягнулі два лішнія сталы, і мы селі.
Днём мы з Улянкай не сядалі за памінальны стол. Там паднесці, там падабраць – трэ было паслугаваць людзям, што прыйшлі ў апошні раз да бабулі. Такая была наша задача на хаўтурах, і яна нам даўно, настойліва і падрабязна была ёю ж, бабуляю, расталкавана. Але цяпер вечар, цяпер іншая справа. Цяпер кожная страва скінутая з трох талерак у адну, афіцыйная частка скончылася.
Толік адкаркаваў бутэльку і, на імгненне замёршы над маёй чаркай, запытальна глянуў на Улю. Яна кіўнула, і ён наліў мне. Я на такія рэчы ўжо не рэагую, прывыкла – што будзеш рабіць, алкагалічка, сабой распараджацца не можа.
Цішыня. Цямнее за акном, голая лямпачка. Кожны раз на Вялікдзень у гэтым самым пакоі мы накрывалі на стол. Бабуля ніколі не сядала на пачэснае месца – заўсёды збоку, прыціснуўшыся да каго з дзяцей, але перад першай гаварыла заўжды яна. Звычайна ў вершах – простыя думкі, дзеяслоўныя рыфмы. А цяпер цішыня, і мы маўчым, трымаючы гарэлку перад сабой.
– Дык што я хацеў сказаць? – Толік устаў, чаго я ад яго не чакала. – Мо і не мне трэ было б першаму, але што ж… Я вось што сказаць хачу: першае, што я помню ў сваім жыцці – баба Макрынька. Ды вы ж ведаеце: калі мне было чатыры гады, я на плёсе біў лёд і праваліўся, а яна мяне выцягла. Выратавала. Дык вось помню: хапаюся пальцамі за ледзяныя брылы, а яны выслізгаюць, і то чорная вада перада мной, то белы снег і сіняе неба, і вось раптам мяне хапае за каўнер моцная рука, і я ўжо ляжу на снезе, мне не хапае паветра, а з рота ідзе пара… І яна мяне на рукі, і ўбягі…
Валік раптам засмяяўся і адразу ж сумеўся недарэчнага смеху:
– Ох, цябе яна пёрла ў чатыры гады, а мяне ў пяцьдзясят чатыры…
– Як так?
– Ды з месяц таму, вяртаўся аднекуль праз Дабрацічы, бачу – баба Макрыня цягне мех на спіне, ідзе, на кульбу спіраецца. Я з возу злез, кажу – дайце памагу! А яна праз свае акуляры прыгледзелася, пазнала і кажа: «А, Валічак! Спасіба, але я шчэ цябе пацягну, не толькі мяшок!» – «Няўжэ ж?» – «А от!» – Я смехам падышоў, яна мех зваліла на зямлю, а мяне падхапіла і падняла! Я, праўда, адразу саскочыў, але ад зямлі яна мяне адарвала… Дык памянём.
– А помніце, як яна гэтага тоўстага адшыла? – працягваў Толік, калі мы выпілі.
– Не было нікога ў Дабрацічах, хто б раней за яе ўставаў.
– Мой бацька расказваў, што яна адзіная з жанчынаў магла ўпраўляцца на жняярцы.
– А як яна білася з аграномам?
– А як павесіла шалёнага ката?
– І тапіла кацянятаў, і ганяла сабак, і біла дзяцей, што лазілі ў садок…
– Хто разумее бабулю, той разумее ўсё, – сказала Улянка.
– Якія незвычайныя словы, – заўважыў Валік.
– Гэта не мае, – азвалася Улянка.
– А твой, казалі, падаўся ў выбары? – павярнуўся да мяне Толік. – Рызыкоўны. Дык ты, мусіць, зараз паедзеш у Менск, дапамагаць?
З’ехаць у Менск? Такая думка дасюль мне не прыходзіла. Антон мяне не кліча, а самой напрошвацца… Тут застаецца бабіна хата, бабін сад, бабіна гаспадарка… Я іх не кіну. Адчуваю, што маю абавязак давесці іх да ладу. Адчуваю, што мушу разабрацца з тайнай бабулінай смерці – тут у Дабрацічах, дзе ўсё і адбылося.
Я паглядзела на сястру і пабачыла, што яна мяне разумее.
Пасля другой сястра коратка расказала хлопцам, што бабуля памерла праз тое, што нехта з невядомых прычынаў падсыпаў у каву кардыёстымфортэ.
– Няясна, навошта канкрэтна, для каго, – сказала сястра. – У такой дозе гэта атрута і для Алкі, і для мяне – для любога, у каго слабае сэрца. Але ўдарыла па бабе.
Насычаны гарэлкай Толік, ды пасля другой, не вельмі паверыў:
– Ого! Дык гэта ж дэтэктыў! «Забойства ў Дабрацічах», 1-я і 2-я серыі.
Ніхто не падтрымаў няўдалы жарт.