Выбрать главу

Я перавяла дыханне і зірнула на хлопцаў. Валік мройна пасміхаўся, у Толіка блішчэлі вочы, а ўсмешка стала больш акрэсленай і шырокай. Прапалі без следу гэтыя пяцьдзясят гадоў, прапалі і калгас, і ТАА «Агравіталіка+», і нэндза, і клопат, не было ні абседжаных дачнікамі прыгоркаў, ні зялёных рапух у тэлевізары – тут сядзелі дзеці Дабрацічаў, і жыццё было наперадзе, а зямля ў гэты час стала празрыстай, як шкло, і адкрыліся скарбы – і не толькі кляйноты львоўскага ювеліра… Улянка глядзела на нас насмешліва – але відно было, што і яна, гісторык, якому не ў навінку трымаць у руках старажытныя паперы, уражаная.

– Ну як, усё зразумелі? – спыталася яна.

– Што ж тут не зразумець, – Толік шумна ўздыхнуў. – Нейкі ювелір плыў Бугам, на яго напалі бандыты…

– Рэкеціры, – удакладніў Валік.

– Ага, рэкеціры, а ён перад смерцю схітрыўся схаваць лар з каштоўнасцямі ды яшчэ перадаць сыну цыдулу… Запіску, значыцца, дзе той лар шукаць… А далей што было? Аддаў той пан Кастамалоцкі цыдулу? І што са скарбам?

– Тут больш нічога, здаецца, няма. Далей ідуць іншыя акты.

– І ўсё гэта адбывалася вось тут, паблізу! Не верыцца.

– А што ж ты думаў, што тут людзі не жылі? Не елі, не пілі, грошы не зараблялі?

– Цікавая ж твая работа, Алка! Гэта не на трактары гной вывозіць.

– Ды якая яна мая! Калі б Улянка не пачала праглядаць папкі, я б іх так нечытанымі назад і аддала.

Я зусім, трэба прызнацца, забыла пра дакументы з архіва!

Перад тым як паехаць з Менска, я спрабавала знайсці работу – і лепш па спецыяльнасці, чым на Камароўцы гандляваць алеем – і звярталася дзеля гэтага да знаёмых. Вольга Бабкова,[10] задумаўшыся на хвіліну, сказала гэтым сваім голасам, у якім, за закрытымі аканіцамі, напэўна, жыве Вользіна душа:

– Ведаеш што, здаецца, у нас у архіве ёсць магчымасць папрацаваць па-за штатам – расчытваць старыя акты. Гэта, канечне, капейкі, але, з другога боку, і не кепска – будзеш сядзець у сваіх Дабрацічах і разам з тым працаваць, чытаць і набіраць на кампутары старыя дакументы.

Такі варыянт выклікаў у мяне прыліў радасці. Ён падаўся мне ідэальным спосабам паступова вярнуцца да спецыяльнасці. (Хаця, калі падумаць, гэта смаленая кабыла ў чыстым выглядзе: у гадах, калі іншыя рыхтуюцца да пенсіі, я збіралася пачаць працоўную дзейнасць па спецыяльнасці! Але былі ў мяне свае прычыны: я шукала работу, бо мне трэба было адчуць сябе незалежнай; незалежнай мне трэба было адчуць сябе таму, што мой муж Антось знайшоў сабе маладую, і мне пра гэта данесла ананімка па тэлефоне; а здрадзіў мне муж, таму што больш не мог выносіць маёй недарэчнасці і хацеў сабе нармальнага жыцця…)

У архіве мяне нагрузілі гурбай ксеракопій старых нечытэльных актаў. Я гартала грунтоўна сшытыя ў тэчкі ксеракопіі, і мой энтузіязм прыкметна меншаў. Я абсалютна нічога не магла разабраць! Вязь каліграфічных і не вельмі літараў, кірыліца і лацінка… Усё ж такі я вельмі даўно вучыла палеаграфію ва ўніверсітэце, і з таго часу не практыкавалася. У Дабрацічах жа на мяне навалілася гара справаў, таму гэта ўсё і ляжала на стале некранутым.

Сама не чакаючы ад сябе такога, я бомкнула:

– Слухайце, а калі лар гэты так недзе і ляжыць? А што, калі яго пашукаць? Улянка, колькі цяпер могуць каштаваць кляйноты вырабу сямнаццатага стагоддзя?

Улянка паціснула плячыма.

– Залежыць ад таго, з чаго і як яны зробленыя. Калі, прыкладам, срэбныя, то… ну, не ведаю, можа, прыкладам па некалькі дзясяткаў – сотняў даляраў кожны… А калі залатыя, ды добрай, якаснай работы, ды з брыльянтамі, то могуць і вельмі дорага каштаваць… Калі маюць гістарычную і мастацкую вартасць – то наогул немаведама колькі, нават і да мільёнаў… Мяркуючы па тым, што гэты пан Трызна іх шукаў з рызыкай для жыцця, мусіць, былі досыць дарагімі для свайго часу, не біжутэрыя… Здаецца, я нешта чула пра ювеліра Трызну, але дакладна не памятаю, я не спецыяліст па сямнаццатым стагоддзі. Але выкіньце гэта з галавы, – рашуча адсекла сястра, заўважыўшы, што хлопцы, як і я, пільна яе слухаюць. – Шукаць скарб – гэта несур’ёзна.

– Чаму несур’ёзна? – ускінулася я. – Таму што я гэта прапанавала?

– Некалькі соцень даляраў кожны… – задуменна паўтарыў Толік і пачухаў прыгожае брыво. – А сапраўды, чаму несур’ёзна?

– Ведаеце, дарагія мае, увогуле скарбаў як такіх у зямлі многа, гэта вядома. Як сказаў Валік, людзі тут жылі, і грошы зараблялі… А паколькі для мінулых часоў закапаць грошы ў зямлю было таксама натуральна, як нам сёння адкрыць рахунак у банку, і паколькі на кожнага цяпер жывучага прыпадае мноства ўжо памерлых, то зразумела, што і скарбаў павінна прыпадаць нямала, але ж… Скарбы знаходзяць або выпадкова, або ў выніку стараннага збору і аналізу інфармацыі. У дадзеным выпадку інфармацыі яўна замала. Ну што мы ведаем: ювелір схаваў свой лар недзе на Бугу, магчыма, у ваколіцах Кастамалотаў, але гэтыя ваколіцы могуць быць досыць вялікімі, прытым на абодвух берагах ракі, а берагі гэтыя нам недаступныя – правы бераг на нейтральнай паласе, левы – і увогуле Польшча… Самі Кастамалоты на польскім беразе… Усё гэта занадта няпэўна. І потым, вы ж бачыце, лар ужо шукалі: і сын ювеліра, і гэты Кастамлоцкі, напэўна, калі цыдулу забраў… Ды і ці да скарбаў нам цяпер? Мне то напэўна не до тэго, – Улянка устала і зноў падышла да стала. – Давайце яшчэ вып’ем. Здаецца, на памінках трэба піць тройчы, а мы ж на памінках.

вернуться

10

Прыдуманая аўтарам асоба.