А потым стаіш тут, пад спорным дажджом, і вада сцякае па падвялым твары, плашчы вайсковага колеру, гумовых зялёных чобатах.
Зараз я вытру з морды ваду, пагляджу яшчэ раз на ярусы, на якія дождж падзяліў прастору, пайду дахаты (там захаваўся такі неразбураны куточак, дзе можна спакойна сесці і пісаць) дый занатую ўсё як ёсць па парадачку. А калі гэта будзе зроблена, паеду і больш сюды не вярнуся.
І яшчэ: не ўсё ў гэтай аповесці выдумка, не ўсе супадзенні з рэальнасцю выпадковыя. Але калі з гэтай нагоды да мяне прыпруцца так званыя афіцыйныя асобы, то я ад усяго адкручуся. Змагу. Для іх, мастацтвазнаўцаў у штацкім, дадам, што дзеянне адбываецца ў 2012 годзе.
Норы ў часе
Любімы мой занятак – рыць норы ў часе. Калі іх рыю, калі-нікалі таксама чую шэпт зямлі. Але рэдка.
Страдчэ, Любча ды Дабрацічы
Усё пайшло ў маім жыцці наперакос з самага пачатку, літаральна. Нараджаць матуля насуперак парадам сваёй маці, а маёй бабы, выправілася ў нядаўна створаную вясковую амбулаторыю. Баба Макрыня, якая не бачыла ў гэтым ніякай патрэбы, адгаворвала маю маці, па звычцы, з кіем у руках. Але біць цяжарную не наважылася. Таму маці пайшла. Тым больш яна ўсё ж такі была адукаванай маладой настаўніцай і верыла ў неабходнасць прагрэсу, медыцыны і гігіены. Верыў у гэта і фельчар, які прымаў яе роды. Ды ці веры ў яго было замала, ці вопыту, ці ён, апроч прагрэсу, верыў яшчэ і ў гарэлку, але, як толькі нарадзілася дзяўчынка (мая сястра Улянця – Влянця, як кажуць у нас), ён, нічога больш не чакаючы, узяўся зашываць падраную матуліну прамежнасць, засяродзіўшыся на тым, каб роўна класці швы.
– Нет, как же, нельзя не зашивать, – адказваў ён на просьбы змучанай парадзіхі. – Матка будет между колен болтаться. Некрасиво!
І ён шыў. Матуля, натуральна, крычала, бо калі скуру і мышцы на табе зашываюць без анестэзіі, ды па зболеным, ды тоўстай іголкай… Боль ад гэтага быў настолькі моцным і настолькі перакрываў усе іншыя адчуванні, што не толькі для фельчара, але і для мамы было поўнай нечаканасцю, калі, прарываючы свежанакладзеныя швы, на свет папёрла я.
– Что за чёрт? – сказаў, па маміных словах, невыказна здзівіўшыся і замёршы з хірургічнай іголкай у руцэ, эскулап, ці, лепей сказаць, пэон. – Ещё чтото лезет!
У педвучэльні, якую скончыла мама, каб стаць адукаванай, не вучылі, як раджаць, таму, абміраючы ад пакутаў, яна не магла развеяць яго здзіўленне, бо і сама нічога не разумела, да таго ж яна і гаварыць толкам не магла, бо падчас патуг адрухова напружвалася з усіх сілаў, а калі боль адпускаў, старалася хоць аддыхацца. Таму нейкі час фельчар толькі тупа лупіў вочы на тое, што медыкі мянуюць родовыми путями і што ў звычайнай мове мы стараемся ніяк не называць; абрамленыя не ўсюды акуратна паголенымі валаскамі, поўныя болю і зіхоткай крыві, цёмныя пульсары путей зеўралі ўсё больш.
На маё шчасце, у гэты час у палату вярнулася санітарка. Менавіта яна падхапіла мяне зпад рук аслупянелага працаўніка народнай аховы здароўя, дзякуючы чаму я не грымнула на падлогу, яна ж паўстрымала яго ад паноўнага накладання швоў да таго моманту, пакуль не выйшла плацэнта.
Ужо праз гадзінку ў Дабрацічах дазналіся, што ў Макрынінай Евы нарадзіліся блізнючкі- дзяўчаткі. То бок мы.
Калі санітарка абмыла і спавіла нас з Улянкай, і яна, і маці, і фельчар, які да таго часу асавеў, пабачылі, наколькі мы падобныя адна да адной. Да рысачкі. Маці падкрэслівала, што, нарадзіўшыся, мы адразу перасталі крычыць і толькі разглядаліся аднолькавымі цёмнымі вочкамі. Фельчар сказаў, што нам добра, але пасля ўсяго, што было, яго словы не мелі ўжо вагі ані для мамы, ані для санітаркі. А не крычалі мы, думаю, проста таму, што не ведалі, што будзе далей. Працягу. Не ведалі, што людзі нараджаюцца не дзеля таго, каб ім было добра. Ад сілы, яны нараджаюцца, каб добра стала каму іншаму.
Нягледзячы на абсалютнае падабенства, нас з сястрой адрозніць было лёгка: я кульгала. Доктарка ў Брэсце, куды мама павезла мяне, калі з адчаем заўважыла гэтую хібу, сказала, што рэч у последствиях родовой травмы, бо дзіця ішло ножкамі наперад. І што гэта павінна прайсці. Але гэта не прайшло дасюль, хоць і стала амаль незаўважным.
Тады стаяла позняя ўпэўненая вясна – цяпер такіх у нашых краях ужо не бывае: павевы ветру яшчэ халодныя; на пясчаных пагорках цвітуць коцікамі вербы, а на адхонах каляі – занесеныя з чыгуначным жвірам малачаі; белыя малюткія пяціпялёсткавыя кветкі макрыцы матляюцца на тле брунатнага моху лясных прагалінаў. Лотаць. Мяккія фарбы зямлі. Людзей амаль не відно. Тае вясны драўляныя слупы на мяжы замянялі на бетонныя, якія прастаялі потым гадоў трыццаць. Калючы ж дрот замянялі пастаянна, па меры неабходнасці.