Выбрать главу

А ніжэй польскімі літарамі, але ўкраінскімі словамі:

Sonce nyzeńko

Pryсhodź, serdeńko

Tody pryjdesz

Jak Lalku prożenesz

Пісала наша баба, здагадалася я. А намаляваны, значыць, той самы Сцяпан. Лёніха, гэтае дабрацінскае інфармацыйнае агенцтва і архіў разам, данесла да нас калісьці гісторыю кахання і здрады, героямі якой былі наша тады яшчэ маладзенькая незамужняя баба, такая ж маладзенькая Лялька і гэты Стэпан. Па словах Лёніхі, Сцяпан і наша баба кахалі адно аднаго і хацелі пабрацца, але потым Лялька адбіла Сцяпана – проста дзеля інтарэсу, ён быў у яе васямнаццаты. Хутка Лялька яго кінула, ён паспрабаваў вярнуцца да сваёй Макрынькі, але яна яго напёрла і выйшла замуж за нашага дзеда Васіля, аднак ніколі ў жыцці Ляльцы не прабачыла. Сапраўды, колькі помню, яны сварыліся, наша баба і баба Лялька… Баба Лялька цяпер бязногая – яе разбіў параліч; у адрозненне ад нашай бабы, яна і ў старасці захавала мілавіднасць; у яе мяккія карыя вочы і зморшчыны, якія Гогаль назваў бы гарманічнымі. Але за гэтай мілавіднасцю крыецца характар не менш моцны, чымся ў нашай ведзьмы.

– Ну і што ты ёй скажаш? – паціснула плячыма Улянка, калі я паказала ёй знойдзеную на гарышчы цыдулу і прапанавала схадзіць да бабы Лялькі. – Чы то нэ вітэ, баба Лялька, атруцілі нашу бабу? Песня пра Грыця нейкая…

– Грыця – не Грыця, але трэба ж, як кажа Толік, з чаго-небудзь пачаць! Можа, выйдзем на нейкую зачэпку, хоць якую! Ці так і будзем тут сядзець і чакаць у бяздзеянні? Я хачу знаць, хто гэта зрабіў і навошта! І потым, ты не думаеш, што атрута можа яшчэ дзе з’явіцца ці яшчэ якая трасца адбудзецца?

– Ну добра, сходзім, толькі давай спачатку яблыкі спарадкуем. Але яна нават не можа хадзіць, баба Лялька. Не, гэта ахінея, немагчыма.

Парадкаванне яблыкаў зацягнулася, бо іх быў мільён, а Улі мусова было перапрацаваць усе. Потым трэ было зноў карміць жыўнасць, парадкаваць хлеў – свіння нарыла горы… Выбраліся, калі ўжо павярнула на вечар.

Хаціна Лялькі не так далёка ад нашай, з другога боку пагорка. Каб прайсці да яе, трэба мінуць маёнтак, які нядаўна набыў пад дачу ў нашчадкаў старога Дзяніса нейкі венеролаг. Цяпер тут дым каромыслам: хату абклалі цэглай, надбудавалі другі паверх, прырабілі абавязковую лазню, сярод двара красуецца басейн, з якога б’е фантан. Тут бегаюць дзеці, пахне шашлыкамі, стол ломіцца, вецер трэпле над ім яркі тэнт. Мы прайшлі ўздоўж плота з рабіцы. Ляжкастыя жанчыны загаралі ў шэзлонгах, мужчыны, якія ведаюць, навошта жывуць, пілі піва. На цаглянай сцяне вісеў вазон з піскам сезона – малінавай сурфініяй.

Ляльчына хата стаіць якраз насупраць. На двары валяецца сухая вужыная шкурка; чорнае драўлянае кола прарастае палыном ля калодзежа. Старая Лялька і яе дачка Лялька таксама абедалі – яны сядзелі на загаце, а на сподачку паміж імі ляжала нарэзаная і пакрашаная алеем цыбуля; яшчэ быў хлеб. Прысмакі, якія мы прыхапілі і якія выступілі нагодай для нашага візіту – маўляў, прынеслі бабе, якая праз бязногасць не магла прыйсці, з памінак куцці, а разам з ёю і яшчэ таго-сяго, – былі тут яўна дарэчы.

Баба Лялька сустрэла нас сардэчна і ветліва; яна так заўжды ўсіх сустракае. Яна пакланілася нам са сваёй загаты і падзякавала, пасадзіла каля сябе і пачала распытваць, але хутка я пабачыла, што нам лепш пайсці: яны абедзве – і Лялька-старая, і Лялька-маладая – былі папросту галоднымі. Голад дасюль быў з імі заўсёдна, як з ісціннымі дабрацінцамі. Але дабрацінскі кодэкс не дазваляў паказваць, што галодны, не дазваляў есці ў прысутнасці чужых.

Лялька-старая валодала сабой лепш, а вось Лялька-маладая з прастадушнасцю вар’яткі не зводзіла вачэй з місак з катлетамі і халадцом. А яна – сапраўды вар’ятка; яна наша раўналетка; зімой і летам туляецца ад бар’яка да бар’яка; у хустцы, зпад спадніцы відаць сарочку з засохлымі крывавымі плямамі; твар густа намазаны бураком або абсыпаны радыкальна ружовай старызнай пудрай. Яна ўвесь час засяроджана думае пра нешта, але гаворыць, пра што б яе ні спыталі, заўжды толькі два сказы: «У тую нядзелю мы былі ў царкве. І ў тамтую нядзелю». Яна штонішто разумее, дапамагае маці: капае і поле гарод, корміць курэй, але ёй трэба казаць. Сама б яна нават вады не выкруціла. Іншых дзяцей, акрамя гэтай нябогі, у бабы Лялькі ўжо няма.

Улянка цішком падапхнула мяне локцем у пуза, і я ўжо памкнулася ўставаць, але раптам мізансцэна змянілася.