Чорная дарагая машына – здаецца, гэта быў «мерсэдэс» – падкаціла амаль бясшумна і спынілася. Адчынілася задняя дзверка, і на пыльную, выпаленую бязлітасным сонцам траву Ляльчынага падвор’я ступіла бездакорная, ідэальна чыстая лакірка, бліснуў шаўковы полыск калашыны – выйшаў мужчына.
Колькі ўсяго было наканавана мне перажыць праз яго! Госпад Бог, напэўна, па смерці памесціць нас недзе побач.
Вельмі прыгожы; моцныя, поўныя сілы і думкі рысы. Твар вельмі плаўна пераходзіць у шыю, а сілуэт моцнага цела трохі шыракаваты праз паўнату. Зрэшты, паўната не празмерная, відаць, што яе трымаюць у запланаваных межах.
Гэты чалавек адыграў мо найважнейшую ролю ў маім жыцці. Твар у яго быў смуглявы, як бы злёгку абпалены гарачым ветрам, і цяпер паветра абвявала яго інакш, чым іншых.
– Добрый день, – спакойна павітаўся ён.
– Добрага здароўя, – троху насцярожана адказала Улянка.
– Меняа заавут Иван Митрич, – незнаёмец гаварыў, канечне, па-расейску; адны галосныя ён каўтаў, а іншыя трохі расцягваў. – А вы, надо думать, Ульяна и Алла? У меня к вам дело, я заезжал счас к вам, но вас не окзаалось, – ён павёў рукой у бок нашай хаты. – Удачно, что вы тут… Ну что, бабшка, наадумалась? – звярнуўся ён да Лялькі.
– А мой ты сынку! То ж я ніц ня знаю! Я ж стара, я ўжэ тут паміраць буду.
– Бабшка, я же тебе всё об’яснял! От ведь старуха, толкую-толкую ей, да толку нет, – павярнуўся ён да нас. – Цяжка са старымі, – ён добразычліва пасміхнуўся. – Вось людзі, – ён кіўнуў на насельнікаў суседняга двара, якія ўсе пільна глядзелі ў наш бок, – нармальныя, разумныя, з імі мы адразу дамовіліся.
Венеролаг, відаць, прыняў жэст Івана Дзмітрыевіча як заклік падысці і адразу заспяшаў да нас.
– Рэч вось у чым: я хачу выкупіць усю гэтую зямлю, – Кукаль шырока павёў рукою. – З пагоркам, крыніцамі, дубровай. Вашыя ўчасткі таксама. Плачу добрую цану. Ідзі, я зараз падыду, – адаслаў ён назад венеролага, і той паслухмяна павярнуў. – Я пабудую тут дом адпачынку. Якая будзе ваша цана?
– Не будзе нават мовы ні пра якую цану. Наш дом не прадаецца, – здзіўлена адказала Улянка.
– А ты што скажаш? – спытаў ён мяне.
– Папрашу звяртацца да мяне на вы.
– Я заплачу вельмі добра, можаш спытаць вось у іх, – і ён зноў паказаў на дом з сурфініяй на сцяне. – Сто тысячаў. Ну, дамовіліся?
Лялька-маладая не вытрывала, дастала з міскі катлету і пачала есці; яна заплюшчыла вочы, зрабіўшыся падобнай да расліны, якую паліваюць у спёку.
– Ты сумасшедший? – спытала Уляна.
– Я дзелавы чалавек. Мне трэба гэтая зямля. Сто дзесяць. Падумай, якія грошы, – ён як ацэньваючы акінуў вокам Уляну, – ты столькі за ўсё жыццё не атрымаеш. Уяўляеш, колькі за іх можна купіць? Гэта ж багацце, спадчына для дзяцей.
Кукаль гаварыў спакойна, ветліва, хоць і на «ты», але Улянка пачала закіпаць.
– Мае дзеці – не твой клопат. Дом не прадаецца, я ж сказала.
– Паслухай, ну гэтая старая розум згубіла, але ж ты ж сучасны чалавек? Чаго ўпарціцца? Купіце сабе многа лепшы дом у іншым месцы.
– Сам купі сабе дом у іншым месцы.
Ён прыўзняў брыво. З машыны выйшлі два высокія маладзёны; як у дурным фільме, далібог. Але голас Кукаля пакуль заставаўся роўным. Рухам стомленага чалавека ён пацёр лоб.
– Падумайце. Ну, застаняцеся вы тут… Якая вам карысць будзе сядзець пад плотам дома адпачынку? Адпачывальнікі, тое, гэтае, шум, гам… Падумайце над маёй прапановай. Тут будзе вялікі комплекс. Вось там – галоўны корпус, тут – бар, абсталюем крыніцу як след, купал надбудуем, расчысцім…
Трохі далей за пагоркам стаяў дом бацькі Толіка. Стары Ёвік даўно памёр, Толік жыў у прымах у Страдзічах, але тут трымаў гарод. Мусіць, пачуўшы ляскат дзверак, ён вызірнуў з хлява, дзе нешта парадкаваў і заспяшаў да нас, як быў, з віламі ў руках.
– Што ж, давайце так дамовімся, – падвёў рысу Кукаль. – Я дам вам на роздум дзеньдругі, але не цягніце, мне час дарагі. Не забывайце, грошы – яны ўсеагульны эквівалент, а з домам усякае можа быць… Ён старэе, рассыпаецца, шашаль яго точыць, згарэць можа, ці мала што…
Ён няспешна павярнуўся і, так і не падышоўшы да венеролага, больш не зірнуўшы ў наш бок, сеў у машыну, і «мерсэдэс» ад’ехаў.
– Тоўсты зноў наконт куплі дома прыязджаў? – пацікавіўся Толік, падыходзячы.
– Ты яго ведаеш?
– Бачыў. Бачыў, як ён прыязджаў да вашай бабы і яна яго адшыла – помніш, я гаварыў на памінках? – бачыў, як прыязджаў да бабы Лялькі – добрага здароўя, баба! – чуў, як яна прыкідвалася дурніцай…
– Што за ён?
– Дык бізнэсмен. Круты. У яго бізнэс у Берасці, рэстараны, месцы на рынку… Але, гавораць, асноўны даход яму прыносяць наркотыкі і прастытуцыя. Ён тут у нас асоба вядомая. Кароль. Ну і чагосьці ўцямяшылася яму купіць тут зямлю.