Ні пра маму Еву, ні пра тату, якога звалі не Адамам, а Анатолем, або Толікам, згадкі потым не будзе, таму з даччыной пашаны пра іх лёс можна сказаць колькі слоў зараз: яны абое загінулі, калі нам з Улянай было па дзевяць. Цяпер я нават не памятаю іх твараў (у мяне вельмі слабая памяць), асабліва калі намагаюся ўявіць блізка, і, думаю, не памятаю іх духоўных вобразаў. Але, здаецца, стрыжнем мамінага жыцця (пасля страху голаду – галоўнай фобіі для ўсяго нашага краю) быў страх перад машынерыяй – яна баялася аўтамабіляў, дарог, электрычнага току, рознага роду бытавых прыладаў і нават лекаў, што прыносілі нам прагрэс і гігіена, якія яна ж сама, як настаўніца малодшых класаў, павінна была прапагандаваць. Мне цьмяна помніцца, як кожны раз, калі тата затрымліваўся на рабоце ці дзе яшчэ больш чым на дзесяць хвілін, яна мянялася з твару (рысаў якога я пры гэтым не памятаю) і пачынала енчыць ды прычытаць, паступова даводзячы да слёз ды жаху і нас з сястрой. Толік жа, наш папа, быў тым чалавекам, дзякуючы каму мы гаворым на расейскай без акцэнту – ад самага нашага нараджэння ён гаварыў з намі толькі па-расейску, наўмысна, каб навучыць. Сам жа мову вучыў самастойна, бо дзядуля з бабуляй, натуральна, расейскай не ведалі. Ён выбіўся ў людзі настолькі, што атрымаў ад свайго завода кватэру ў Брэсце, а праз год дачакаўся чаргі на машыну, па якую на ВАЗ выправіўся разам з мамай. Мама ж, нягледзячы на свой страх перад машынамі, да такой ступені хацела «жыгулі», што дзеля гэтага эканоміла кожную капейчыну, апраналася сама і апранала нас з Улянкай у самашытыя сукенкі і паліто, якія надточвала на рукавах і па падоле па тры разы, і карміла сям’ю надгаладзь. «Жыгулі» колеру марской хвалі, якія яны купілі і на якіх ехалі з завода, перакуліліся недзе пад Пінскам, ужо адносна недалёка да дому. Адтуль іх везлі ўжо ў трунах.
Я ўжо даўно не разглядала тыя некалькі фотаздымкаў бацькоў, якія захаваліся ў бабы – рыжыя зза недасканалага замацоўніка, запэцканыя з адваротнага боку адлюстраванні прамінулых секундаў.
Татава прозвішча таксама было Гадун, таму маме не прыйшлося мяняць пашпарт, калі яна выйшла за тату. Мне часта гаварылі, што я вельмі падобная да татавай маці, Вляны – а Уляне, якую і назвалі так у гонар бабулі, не казалі ніколі. Бабуля Уляна помніцца яшчэ больш цьмяна за бацькоў – выразам бясконцай і безабароннай дабрыні ў вачах. Паводле словаў бабы Макрыні, баба Уляна была недалуга – гэтак Макрыня называла, напрыклад, тых, хто дазваляе сябе біць. А баба Уляна ў маладыя гады, пакуль не падраслі сыны, часта бывала бітая мужам, які, дарэчы, быў на галаву ніжэйшым за яе.
І фельчара, і санітарку я потым пару разоў бачыла. Яе – у царкве ў Страдчы: хударлявая жанчына з карычневым тварам, з нашых, з вялікімі разбітымі работай рукамі, апранутая па модзе першай паловы ХХ стагоддзя – каптанчык, швэдрык, спадніца, шаляноўка. У фельчара твар быў круглы, укормлены, у чырвоных прожылках, пальцы тоўстыя, не брудныя. Апранаўся ён невыразна і танна ў брэсцкім магазіне Одежда, і яго заўжды выбіралі дэпутатам у мясцовыя саветы. Як інтэлігенцыю. Мясцовую. Абое ўжо на тым свеце. Няма больш і Дурыцкай вясковай амбулаторыі, дзе адбылося нашае першае знаёмства з гэтым светам. Бо Дурычы пераназвалі Знаменкай. І амбулаторыя, натуральна, зрабілася Знаменскай. І гэта змяніла, трэба думаць, яе сутнасць.
Дарога ад Дурычаў да нашых Дабрацічаў, па якой нас везлі з бальніцы, віецца роўным полем уздоўж мяжы; вашывыя хутаркі гайдаюцца пад цёплым сонцам, гадзючыная дуброва збоку, балота, міма Гары, адкуль відаць дамы Дабрацічаў, каля могілак, потым зноў балота – бела-баваўняныя пухоўкі сітніку, аер над брунатнай вадой, жоўтыя касачы. У адным месцы ля самага межавога дроту, калі стаць на дыбачкі, можна разгледзець на адлегласці яблыні і бэз – асабліва выразна вясной. Там, пад бэзам, стаялі Дабрацічы раней. Да трыццаць дзявятага года. Да саветаў. Да прагрэсу і гігіены.
Страдче, Любче, Добратычі, Дурычі – я яшчэ застала гэтае вымаўленне: праз мяккае ч – назвы вёсак зусім не змяніліся ад часоў інвентару 1566 года. Маўляў, чые? Нейкага Старада, нейкай Любы, нейкага Дабраты ды нейкай Дуры… Заміраючы, я расчытвала стары дакумент у Луцкім архіве студэнткай на практыцы. Пра Любча ніхто ў нас нават не чуў, і месца, дзе стаяла вёска на сорак дымоў, не ведаў. Яно прапала. Не стала яго, сяльца нейкай Любові. А рэшта засталася. У Дурычах нарадзіліся, а ў Дабрацічах жылі мы з сястрой.