– Трэба Кацьцы наказаць, хай забярэ, – прапанавала я.
– Не дапрэ, ён цяжкі. Вынесі кажух, каб не ляжаў на зямлі, – распарадзілася баба.
Але кажуха выносіць не прыйшлося – Міхась Яраш, якога ў Дабрацічах больш зналі як Мішыка Ярошышына, з граблямі на плячах і ў майцы з надпісам «Ірмошынай – нізачот» вяртаўся з сенакосу і збочыў да нас.
– Я яго давяду, – сказаў ён, зразумеўшы абставіны. – Граблі тут у вас пакіну. Я, тым больш, і збіраўся да вас зайсці – хацеў спытацца, – звярнуўся ён да мяне, – як у Word’зе зрабіць праверку ўкраінскай артаграфіі?
Мішык жыве тут паблізу. Хутка, пэўна, пад яго хату будуць прыязджаць экскурсіі цэлымі аўтобусамі. А пакуль што яго амаль штодня наведваюць адзіночныя экскурсанты – барадатыя задуменныя тыпусы, якіх яго практычная бабуля, Ярашыха, выкарыстоўвае для нарыхтоўкі сена і іншых пільных гаспадарчых прац. Але сёння ён вяртаўся з сенакосу адзін.
– Элементарна. Заходзь потым, пакажу.
Мішык бесцырымонна падхапіў дзядзьку Геніка пад пахі, паставіў на ногі, страсянуў і прапанаваў:
– Ходзьма, дзядзька. Цётка Каця чакае. Чарачку табе наліе.
Генік іранічна ўзняў брыво, але даўся давесці сябе дадому.
– Праўда, цётка Каця замест чарачкі дубца дала, – пасмейваўся Міхась, калі вярнуўся. – Гэта яго ў венеролагаў так начаставалі, ён ім лёх перакрыў. Так што цётка замкнула Геніка ў хаце і пабегла высвятляць адносіны… Дык што там з праверкай артаграфіі?
Мы прайшлі ў мой пакой, дзе на вялікім непісьмовым стале стаяў кампутар і ляжала гурба тэчак і папер – меркавалася, што я тут буду працаваць, але спадзяванні, як выявілася, былі марнымі – мне не было калі носа абцерці, не тое што працаваць на кампутары…
Я ўключыла ноўтбук і паказала Мішыку патрэбную яму аперацыю.
Затрызвоніў тэлефон, і я пабегла на кухню. Уляна званіла з Нарвегіі, і мы вельмі коратка пагаварылі.
– Што там у вас чуваць? – спыталася яна. – Ды заплаці ты нарэшце за мабільны – нашто ён табе наогул, калі заўсёды заблакаваны? Як баба?
– Усё добра! Не хвалюйся, разбірайся там з вікінгамі!
– Я папазаўтра прыеду, ужо купіла білет. Сустракаць не трэба. Што прывезці?
– Дажджу, бо ў нас тут Сахара!
Мішык у чаканні мяне бязмэтна перагортваў опцыі Word’а.
– Улянка прыязджае? – спытаўся ён.
Улянка – археолаг, і ў Нарвегіі ўдзельнічае ў нейкай канферэнцыі. Здаецца, тэма яе даклада – «Археалагічныя пацверджанні прысутнасці вікінгаў на тэрыторыі Полацкага княства ў ХIII стагоддзі». А можа, і не такая. Можа, я нешта наблытала. Я не моцная ў навуцы, хаця таксама гісторык па адукацыі.
– Ага, праз тры дні.
І тут я стала сведкам, як паэты твораць, забываючы пра ўсё і адыходзячы некуды ў свой свет: у Міхася раптам сталі вельмі далёкімі вочы, і ён зноў запытаўся пра артаграфію, пра якую я яму ўсё расталкавала вось толькі што. Мне вельмі спадабалася назіраць, як спее ў паэце чарговы верш. А можа, ён мае нейкія пачуцці да Улі? Вось як на яго уздзейнічала паведамленне пра яе прыезд! Цярпліва паказала ўсё зноў.
У сенцах загрукала бабуля: прынесла з садка паданкі, Міхась прачнуўся ад сваёй задуменнасці і пайшоў дадому. Потым вярнуўся па забытыя граблі.
А дзень гарэў і ярыўся. Па пяску стала немагчыма хадзіць босай. Абвяла лістота на бэзе. Чысцячы ў халадку лісічкі, я ляніва (а пры такой спякоце немагчыма інакш) думала пра прыезд Улі, пра тое, што яна ўзрадуецца, пабачыўшы бабу дзейнай і моцнай. Узрадуецца, пабачыўшы мяне. Яна, я ведала, зірне на мяне хутка, пытальна, скоса, і прасвеціць наскрозь. Яна адзіная ведае, якія насамрэч адносіны ў нас з Антосем. Яна лепшая за мяне. Яна – маё адлюстраванне, але лепшае, чыстае і некульгавае. Калі яна нараджала, мне балела. Калі я сядзела ў турме, яна ссохла. Ручай яе жыцця бруіцца побач з маім, але воды не мяшаюцца.
Я выскачыла замуж яшчэ студэнткай (Бог ты мой, калі ж прамінула жыццё!?). Муж заняўся бізнэсам, у нас з’явілася кватэра ў Менску, зачараванае кола на кухні і ў гасцёўні круціла мяне, пакуль я не пачула дыягназ: «У вас никогда не будет детей». Сямнаццаць год таму.
«У вашых апавяданнях спрэс крайнасці, – сказаў мне нядаўна Дынько. – Француз прыязджае вывучаць нашых дачнікаў, і яго забіваюць на сметніку! Ці праўдападобна гэта?» Ці праўдападобна, калі саладжавыя пахі смажанага, і прахалодны пах бялізны ў шафе, і свет таршэра вечарам, і нашмараваныя лісты манстэры – усё раптам, у імгненне губляе сэнс ад гэтых шасці словаў: смоква бясплодная, зярняты на камені – і твар Антона, апушчаны долу разгублены твар.
А потым – цуд, і нараджэнне маёй дзяўчынкі.
А потым – смерць.
Доктарка, якая ўпершыню паставіла маёй дачушцы гэты дыягназ – рак, працавала ў 2-й бальніцы. Не помню, як я выйшла адтуль. Недзе на Старажоўскай мне стала немагчыма дыхаць, я прывалілася да зярністае сцяны старога будынка, мяне званітавала, перад вачыма сцямнела, і я скурчылася на каналізацыйнай рашотцы ля гастранома. Снег не быў халодным, а прыйшла я ў змыслы ад таго, што нада мной заліваўся брэхам сабачка (дакладней, залівалася брэхам, бо гэта была яна), а жанчына трапала мяне за плячук: