Дзіўна, яна нават не пачула, як трашчаць сухія галінкі ў мяне пад нагамі. Не азірнулася, калі я кашлянуў. Не скаланулася на мой воклік. Глухая хіба? Яна балбатала з кімсьці, напеўна прамаўляючы словы і часам пасмейваючыся. Доўгія светлыя валасы, сукенка-распашонка, пісклявы голас. Адкуль тут узялося дзяўчо? І з кім гэта яна гаворыць? Аднак! Яна трымала на руках майго Кляксу! Гэты здраднік разваліўся ў яе на каленях пузам дагары, раскінуў лапы і бессаромна вуркатаў.
— Ах ты мой салодкі, ах ты мой чорны, кацянятка ты маё, — сюсюкала дзяўчына, і мне стала прыкра. Што ты за драпежнік, калі падстаўляеш жывот ворагу? Не, не выжыве ён без мяне ў лесе, занадта даверлівы…
— Клякса! — гаркнуў я.
Кот, які даўно пачуў маё набліжэнне, ніяк не адрэагаваў. Нават з ветлівасці вухам не таргануў. Затое дзяўчына запнулася, здрыганулася ўсім целам (нарэшце!) і падняла на мяне вочы. Блакітныя, шаўковыя, адпаведныя сённяшняму небу.
— Твой каток? — усміхнулася яна і паднялася. Я хацеў пакпіць з яе, але спыніўся. Таму што ў дзяўчыны быў проста велізарны жывот. Усё, на што мяне хапіла, — гэта ўзяць ката і паспрабаваць нахмурыць бровы, што атрымалася няважна. Не, я не адчуваю паталагічнай клапатлівасці да цяжарных жанчын, але прызвычаіўся ставіцца да іх з павагай. Бо калісьці і мая маці спалохана затуляла рукамі жывот, аберагаючы ў ім — мяне.
Сонца прыпякала, ад зямлі падымаўся гарачы пах травы, грыбоў, верасоў.
Я глядзеў на дзяўчо. Вецер раздзімаў яе раскудлачаныя валасы, варушыў недарэчныя фальбоны на сукенцы. Можа, яе з’яўленне тут — знак таго, што мне час сыходзіць? Вось вярнуся зараз дахаты і завяду гадзіннік. Толькі… толькі перш трэба налавіць рыбы для ката, бо яму тут жыць.
Усю дарогу да возера Клякса разняволена вісеў у мяне на шыі чорным цёплым каўняром, а ля самай вады саскочыў і схаваўся ў чаратах. Была ў яго забава — жабак палохаць. Праўда, якія жабкі позняй восенню? А цяпер — вунь, сядзяць, спінкі сонцу падставілі.
Выцягваючы сетку, я адчуваў, што здабычы шмат. Вяндлярню б змайстраваць, назапасіць. Ды навошта мне гэта трэба? Я чалавек вольны, сёння ўвечар сыду і не вярнуся. А ляшчы трапіліся на любату, адзін больш за другога. Можа, не заводзіць пакуль гадзіннік ды як след прыгатаваць рыбу? Запячы ў лісці, напрыклад, ці юшку зварыць. Мех цыбулі ў Рыпучай хацінцы быў, ды і прыправы нейкія, па мяшэчках рассыпаныя, я бачыў, толькі гатаваць жадання не было.
За алешынамі непадалёк мільганула ружовая сукенка. Ізноў яна!
Падышла качынай хадой, з сумачкай праз плячо. Прыкрыла далонню вочы ад сонца, загледзелася на іншы бераг.
— А што там?
— Чарнічнік, — зларадна сказаў я. — І бульбяное поле.
Насамрэч там не было нічога гэтага. Толькі бруд, пустэча ды голыя стомленыя дрэвы.
— Бульбачкі хочацца, — яна перавяла погляд на чараты. — Давай сплаваем?
— А чоўна няма, — яхідна сказаў я.
Дзяўчо пашукала вачыма ў алешніку і вербалозе, якія аплялі бераг.
— Павінен быць, — задуменна сказала яна. — У такіх месцах заўсёды хаваюцца чаўны. Пайду пашукаю.
У такіх месцах заўсёды хаваюцца вужы. Ідзі, ідзі. Знойдзеш шмат бруду, камароў і — калі пашанцуе — тоўстую агідную змяю. Дзяўчаты баяцца ўсяго паўзучага. Мне вельмі закарцела пачуць яе спалоханы віск. Проста страшэнна закарцела.
— Дапамажы мне! — пачулася з кустоў. Прадраўшыся скрозь сухія пугі хмелю, ліснік і павоі (як, адкажыце, яна прайшла тут?!), я здзіўлена ўтаропіўся ў човен. Стары, рассохлы, але падцякае быццам не моцна. І вёслы на месцы. І вяроўка, якой човен прывязаны да шэрага, крывога ствала алешыны. Прыйшлося адвязваць, адцягваць, садзіцца на вёслы і грэбці. З чаротаў з трэскам выскачыў Клякса: як гэта, хацелі сплысці без яго!
— Кіця, кіця, — адразу засюсюкала дзяўчына. Яна ўжо ўладкавалася на карме, расправіўшы сукенку, паклаўшы на калені ружовую торбачку. Божа, і туфлі ў яе ружовыя, з кветачкамі…
Кот жыва заскочыў у човен. І мы адплылі.
Самае смешнае, што на тым беразе, за прыбярэжным пяском і бярозкамі, насам-рэч было бульбяное поле. А непадалёк, сярод старых хвой і папараці, — чарнічнік. Эх, тут бы бровар прыдумаць. Ці хоць бы бакалейную краму, з крупамі і цукрам. У дзяўчыны на дзіва моцнае ўяўленне. Амаль усё, што яна жадала, здзяйснялася адразу. Вернемся ў Рыпучую хацінку — папрашу яе пашукаць слоік з кавай. Стоп! Што значыць — вернемся? Прыгрэўшыся на сонейку, я ледзь не запрасіў дзяўчо да сябе ў хату!
— Ну што, застаешся тут? — сказаў я. — Збірай чарніцы, капай бульбу, увогуле, жыві ў сваё задавальненне. Гэты бераг твой, а той — мой.
Яна паглядзела мне ў вочы. Нязграбна прысела і пачала збіраць ягады. Мяне хапіла, можа, на паўхвіліны, а потым я выправіўся на поле ў пошуках рыдлёўкі. І не сумняваўся, што знайду…