Калі вярталіся назад, дзяўчынка маўчала — і ў чоўне, і на шляху ад возера да хацінкi. Я цягнуў бульбу і кошык з уловам, а яна размахвала сумачкай і круціла галавой, разглядаючы верас, бярэзнік, шызыя ягады ядлоўцу і плюшч, што кучаравiўся па хацінцы. Плюшч? Адкуль тут плюшч? Учора яшчэ былі падгнілыя, парос-лыя зялёным мохам сцены. Няйнакш заўтра ружы з’явяцца і дарожка, пасыпаная пяском, — гідкая казачная хатка з дзіцячай кніжкі-размалёўкі. Рыпучая хацінка, дарэчы, была не менш за мяне здзіўлена з’яўленнем новай расліннасці. Раз-пораз яна скідала ўпартыя атожылкi, нібы атрасалася ад нанесенага смецця. Але плюшч чапляўся вусікамі, выпускаў новыя лісточкі-зорачкі і караскаўся вышэй і вышэй, пагражаючы заплесці вокны і заткнуць комiн. Хацінка парыпала-парыпала і змірылася. Выдаўшы чарговы рыпучы гук, адчыніліся касабокiя дзверы, і дзяўчына ўвайшла.
— Ой, як тут утульна! — усклікнула яна. Кінула торбу на ложак і прынялася даследаваць тэрыторыю — ну сапраўды, як котка. Ткнула нос ва ўсе дзюры, адчынiла шафку з посудам, зазірнула ў палатняныя мяшэчкі з рэзкімі затаўкамі, пападнімала вечкі абкуродымленых кацялкоў. А я разглядаў круглы жаночы гадзіннічак, які выпаў з яе торбы. Бранзалетка-ланцужок, расколіны па шкле, змерзлыя стрэлкі паказваюць без чатырнаццаці восем…
Вось яно што.
— Значыцца, і ты…? — сказаў я, падкідаючы гадзіннічак на далоні.
Яна ўскінула на мяне вочы. Ужо не лялечна-блакітныя, падсветленыя сонцам, а халодныя, шэрыя. Сталыя. Цікава, ці шмат яна памятае?
— І я. Толькі бачыш, што атрымалася, — сказала яна ціха. — Давай вя-чэраць…
— Цябе як завуць? — спытаў я амаль ветліва.
— Ася, — сказала яна, памарудзіўшы. — А ты памятаеш сваё імя?
Я не памятаў, не памятаў наогул ні-чо-га. Так атрымалася — я жыў выключна сучаснасцю. Многія людзі палічылі б гэта шчасцем.
Суседзі ігралі на піяніна, у вокнах ружавела, печ пастрэльвала іскрынкамі. Я скроб і трыбушыў ляшчоў, Ася чысціла бульбу, Клякса ганяў па падлозе залацістую круглую цыбульку. Потым усё гэта — рыба, бульбінкі, цыбуля, заправы, — булькала і кіпела ў кацялку. Як даўно я не еў нічога больш смачнага! Выпіўшы кавы — дзіўна, знайшоўся цэлы слоік на печы! — мы пасядзелі, моўчкі гледзячы на агонь, памаўчалі кожны пра сваё. І вядома, я не завёў гадзіннік. Нават не ўспомніў пра яго…
Калі дзяўчына ўлеглася спаць на адзіны ложак у хацінцы, мы з Кляксам выправіліся ў двор. Улегліся на абярэмка сена і глядзелі на неба. У небе штосьці важдалася, шастала, скрэблася, падрыгвалі зоркі. Клякса паводзіў вушамі, прыслухоўваючыся да начных гукаў. Паляжаў са мной трохі і збег на паляванне. А я заснуў, і мне, як звычайна, нічога не снілася.
Раніцай мяне абудзіў пах. Адурманьваючы салодкі пах аладак з яблыкамі. Суседзі пяклі іх на сняданак па нядзелях. Ну, гэта я так вырашыў, што па нядзелях, бо ніякага часу і календара тут, вядома, не было.
На парозе мне сустрэўся Клякса. Хвост жыццярадасна задраны, у зубах — палова аладкі. Ася за сталом піла каву. Перад ёй на велізарнай талерцы дымілася гара пульхных жоўтых блінцоў. Духмяных. Гарачых. Сапраўдных! Але ж у хаце не было яек, мукі і ўсяго астатняга! Як ёй гэта ўдалося?
— Дзе ўзяла? — прамыкаў я. Цяжка размаўляць з набітым ротам. А тут яшчэ і смятана апынулася ў белым соусніку, густая, халодная.
— Там, за акном, — махнула рукой яна, — суседзі пачаставалі.
Я ледзь не ўдавіўся.
— Якія яшчэ суседзі?
— Ну тыя, што ўчора Шапэна ігралі, — паціснула плячыма Ася.
Мне стала прыкра. Пакуль я ўдыхаў водары і глынаў слінкі, пераконваючы сябе, што мне нічога не свеціць, Ася проста працягнула руку і ўзяла тое, што ёй жадалася. Чаму я сам да гэтага не дадумаўся?!
— Ты чуў? Уначы ў небе хтосьці корпаўся, варушыўся, — сказала Ася, і ў яе вачах мільгануў страх.
— Тут такое часта бывае, — цяпер ужо я паціснуў плячамі. — Часам і пацяруха сыплецца, галінкі сухія, костачкі…
— Чые костачкі? — падскочыла яна.
— Вішнёвыя! — ну і палахліўка! Мабыць, думае, што неба — гэта нешта накшталт антрэсоляў, дзе можа пасяліцца страшная калматая пачвара. З ікламі, вострымі кіпцюрамі, драпежная і крыважэрная… Я спахапіўся. Як бы не напрыдумляць лішняга. І тут жа, пацвярджаючы маю асцярогу, у паветры раскаціўся злавесны, вантробны рык. Дахаты прыбег Клякса. Хвост мяцёлкай, поўсць на хрыбце ўздыбілася — ці то біцца памкнуўся, ці то хавацца.
— А гэтая пачвара можа спусціцца да нас? — дрыготкім голасам спытала Ася.