Выбрать главу

— А можа, не будзе нічога, — працягнула Ася ўпарта.

Калі яна заснула, я дастаў гадзіннічак з яе сумачкі і схаваў у надзейнае месца. Калі, вядома, можна назваць надзейным месцам рыпучую масніцу пад лаўкай.

А раніцай знік Клякса. Ужо як мы, на зайздрасць суседзям, клікалі яго, грукалі міскай і павабна шамацелі паперкамі, — усё было марна. Кот знік. А на бруднай зямлі ля хацінкi адбіліся нечыя велізарныя пяціпальцавыя сляды. На сцяне бялелі свежыя драпіны. Бог мой, ды тут кіпцюры большыя, чым мой нож. Мяркуючы па разварочанай загарадзі, пачвара сышла ў лес. А значыцца, нам сунуцца туды не варта. Хоць ката было шкада страшэнна. Я ледзь стрымліваў слёзы, што ўжо казаць пра Асю.

— Клякса! Коцічак! — крычала яна. Потым рашуча падняла з зямлі нейкі сук…

— Куды сабралася? — я ледзь паспеў схапіць яе пад локаць.

— За Кляксам! — заявіла Ася, і я жыва ўявіў, як дзіця ў яе ўлонні грозна сціснула кулачкі. Сапраўды, жанчына-ваяр. Не палкай заб’е, дык жыватом заштурхае.

Я ўзяў сучок з яе рук і лёгка пераламаў.

— На дровы добра. Для бойкі — не. І потым… баюся… наўрад ці ён яшчэ жывы….

— Але што як ён проста заблукаў? — прагаварыла Ася жаласна. — А што, калі ён цяпер сядзіць на дрэве і кліча нас? Ты ж не можаш ведаць дакладна!

З сумненнем паглядзеўшы на свой сцізорык, я паціснуў плячыма. Што ж, у лес дык у лес. Заадно праверым, ці меў я рацыю наконт гадзінніка і нашай так званай бессмяротнасці.

Сляды нябеснага візіцёра былі пагрозліва красамоўныя. Абадраная кара на старых дрэвах. Зламаныя ад кораня маладыя рабінкі з аб’едзенымі вяршынямі. Пабітыя і перавернутыя карчакі. А можа, проста лось ці мядзведзь? Я не сустракаў у нашым лесе звяроў буйнейшых за вавёрку — але калі я іх не сустракаў, гэта ж не значыць, што іх няма?

Мы ішлі па слядах, імкнучыся не шумець. Раптам Ася прыціснула палец да вуснаў і паказала мне вялікі выварацень, закіданы яловымі лапамі. Ох, як не хацелася мне сунуцца ў гэтую невядома чыю лежню. Але Ася глядзела, і я, расправіўшы плечы, рушыў наперад. Асцярожна адсунуў ад увахода адну яловую лапу, другую...

Калі вочы прывыклі да цемры, мы ўбачылі ў паглыбленні беласнежную шкуру. Не ведаю, хто гэта быў, але ён гучна соп і, мяркуючы па ўсім, салодка спаў. І да велізарнага яго боку чорнай плямай прыткнуўся да болю знаёмы клубок.

— Клякса! — прашыпеў я, молячы Бога, каб белы звер не прачнуўся.

Кот нібы чакаў, калі яго паклічуць. Тут жа выбраўся да нас і прыняўся церціся аб ногі. Я стаяў у роздуме, пераводзячы позірк з белай шкуры на свой нож.

Ася пакруціла галавой.

— Ты што! У яе дзеткі ўвесну народзяцца, нельга яе забіваць!

— Каго — яе?

Яна паціснула плячамі.

Мы закідалі галінкамі ўваход у бярлог і пайшлі дахаты. Клякса сядзеў на маім плячы, як пухнатая чорная курыца. Ася ж, хітра зірнуўшы, сказала:

— А можа, там у бярлогу спіць карова! І ўвесну яна будзе даваць нам малако.

— Карова? Спусцілася з неба па лесвiцы, грозна парыкала і залегла ў зімовую спячку? Ты ў сваім розуме? — засмяяўся я.

— А хто і што тут наогул у сваім розуме? — сказала Ася задуменна.

Мы вярнуліся да хацінкi. Лесвiца больш не здавалася злавеснай, стаяла сабе, легкадумна прыпёртая да аблокаў. А можа… Не, праўда… Залезці на неба і паглядзець, што там такое? Можа, там стаяць мяхі са снегам. Усяго толькі і трэба высыпаць некалькі ўніз, каб ссунуць з месца бясконцую восень.

Я перавёў позірк на Асю.

— Давай, давай, табе ж карціць, я бачу, — усміхнулася яна. — Ты заўсёды быў вялікім хлапчуком, аматарам прыгод…

— Зазірну з нашага сутарэння на верхнія паверхі, — я падміргнуў, — раптам жыццё там лепей ды ляшчы буйнейшыя?

Яна кіўнула.

— Ты ж справішся тут адна… некаторы час?

— Канечне, — хутка сказала яна. — Так. Я прывыкла спраўляцца адна… не хвалюйся…

Махнуўшы мне рукой, Ася паплялася ў хацінку, Клякса пабег следам. А я паставіў нагу на ніжнюю прыступку…

Дзіўныя людзі, баяцца вышыні. Хоць з вышыні наша жыццё, дробнае, мітуслівае, бачнае як на далоньцы. Вунь лес, цёмныя іголачкі хвой, возера-кропелька. Там дзесьці парыпвае хацінка-развалюшка, шпацыруе Клякса, і Ася глядзіць у акно, гадаючы, ці вярнуся я… А праўда — ці вярнуся? Мною авалодала дзіўнае пачуццё, нібы і не маё. Там, за аблокамі, хаваўся неразведаны, патаемны сусвет… можа, там жылі людзі, стаялі хаты, па морах блукалі караблі, — а можа, толькі дрэвы сыпалі ў ціхія воды азёр пажухлае лісце, і толькі птушыны крык разлятаўся над пустымі абшарамі… Я мог бы стаць гаспадаром гэтага свету, рабіць, што захачу, бо я вольны — так, як толькі можа быць вольны памерлы чалавек… у мяне няма ні абавязкаў, ні прыхільнасцей… а Ася — яна прывыкла спраўляцца адна, так яна сказала.