— Вунь там раней быў адзін, але дзесяць гадоў таму ў яго ўдарыла маланка, і мы яго ссеклі.
— Вы памятаеце, дзе ён рос?
— Безумоўна.
— Іншых вязаў тут няма?
— Старых няма, затое шмат букаў.
— Я хачу зірнуць на месца, дзе быў вяз.
Мы прыехалі ў двухколцы, і мой кліент адразу, не заходзячы ў дом, павёў мяне да лужка, на якім стаяў вяз. Гэта было прыкладна на сярэдзіне дарогі паміж дубам і домам. Здаецца, маё расследаванне прасунулася наперад.
— Як я разумею, вышыню вяза вызначыць цяпер немагчыма? — спытаў я.
— Я магу вам яе назваць: шэсцьдзесят чатыры футы.
— Адкуль вы ведаеце? — здзіўлена спытаў я.
— Калі мой хатні настаўнік задаваў мне задачы па трыганаметрыі, у іх заўсёды патрабавалася вымераць вышыню. Хлопчыкам я вылічыў вышыню кожнага дрэва і кожнага будынка ў маёнтку.
Якая нечаканая ўдача! Я здабыў патрэбную інфармацыю хутчэй, чым можна было чакаць.
— Скажыце, калі ласка, — спытаў я, — ваш дварэцкі задаваў вам такое пытанне?
Рэджыналд Масгрэйв здзіўлена паглядзеў на мяне.
— Цяпер мне прыгадваецца, — адказаў ён, — што некалькі месяцаў таму Брантан пытаў пра вышыню вяза ў сувязі з нейкай спрэчкай са стайнікам.
Навіна была цудоўнай, Ўотсан, бо пацвярджала, што я рухаюся ў правільным кірунку. Я зірнуў на сонца. Яно кацілася да захаду, і я падлічыў, што менш чым праз гадзіну яно апынецца акурат над самымі высокімі галінамі старога дуба. Такім чынам, адна са згаданых у рытуале ўмоваў будзе выкананая. Што да цені вяза — тут, відаць, маецца на ўвазе самы далёкі канец гэтага ценю, іначай у якасці пункту адліку быў бы абраны камель. Значыць, трэба вызначыць, куды падаў канец ценю, калі сонца апыналася над самым дубам.
— Мабыць, гэта было няпроста, Холмс, калі вяза ўжо не існавала?
— Што ж, прынамсі, я ведаў, што калі Брантан змог, змагу і я. Дарэчы, ніякай складанасці. Разам з Масгрэйвам я пайшоў у ягоны кабінет і вытачыў вось гэты калок, да якога прывязаў доўгую вяроўку з вузялком на кожны ярд. Потым я ўзяў два вудзільны агульнай даўжынёй шэсць футаў і разам з кліентам вярнуўся да лужка, дзе рос вяз. Сонца акурат дакранулася да верхавіны дуба. Я змацаваў і ўсталяваў свой вымяральны прыбор, адзначыў кірунак ценю і змераў яго. Атрымалася дзевяць футаў.
Цяпер засталіся зусім простыя вылічэнні. Калі палка шасці футаў адкідвае цень у дзевяць футаў, то дрэва шасцідзесяці чатырох футаў мусіць адкідваць цень у дзевяноста шэсць футаў, а кірунак будзе, безумоўна, адзін. Я адмераў патрэбную адлегласць і, апынуўшыся амаль ля сцяны дома, адзначыў канец меркаванага ценю калком. Уявіце маю радасць, Ўотсан, калі за дзве цалі ад майго калка я ўбачыў у зямлі канічнае паглыбленне. Я зразумеў, што гэтую пазнаку зрабіў Брантан і што я не губляю яго следу.
Адтуль я адлічыў патрэбную колькасць крокаў, вызначыўшы кірункі свету з дапамогай кішэннага компаса. Першыя дзесяць крокаў кожнай нагой напераменку вялі мяне паралельна сцяне дома і, адмераўшы іх, я зноў пазначыў калком месца. Потым асцярожна зрабіў пяць і пяць крокаў на ўсход і два і два на поўдзень. Яны прывялі мяне да самага парога старых дзвярэй. Адзін і адзін крок на захад значылі, што я мушу ступіць на каменную падлогу калідора, дзе і знаходзіцца вызначанае рытуалам месца.
Яшчэ ніколі я так моцна не расчароўваўся, Ўотсан. На хвіліну мне падалося, што ў мае разлікі закралася вялікая памылка. Сонца, заходзячы, ярка асвятляла падлогу калідора, і я добра бачыў, што ўжо шмат гадоў ніхто не чапаў гэтыя старыя, сцёртыя нагамі шэрыя камяні, трывала змацаваныя цэментам. Брантан тут дакладна нічога не шукаў. Я абстукаў падлогу, але гук паўсюль быў аднолькавы: ні звання шчылінак і расколінаў. Але на шчасце, Масгрэйв пачаў разумець сэнс маіх дзеянняў і, захоплены не менш за мяне, выцягнуў скрутак, каб праверыць разлікі.
— І ўніз! — закрычаў ён. — Вы забылі пра словы “і ўніз”!
— Я думаў, што нам давядзецца капаць, але цяпер разумею, што памыліўся. Ёсць тут сутарэнне?
— Ёсць, такое ж старое, як сам дом. Вось дзверы, хутчэй уніз!
Мы спусціліся вітымі сходамі, і мой спадарожнік запаліў вялікі ліхтар, які стаяў на бочцы ў куце. Мы адразу зразумелі, што ўрэшце дайшлі да патрэбнага месца і што мы не адзіныя, хто апошнім часам тут пабываў.
У сутарэнні захоўвалі дровы, але паленне, якое раней было раскіданае па ўсёй падлозе, цяпер акуратна ляжала ўздоўж сценаў, вызваліўшы прастору пасярэдзіне. Там мы ўбачылі вялізную і цяжкую каменную пліту з праржавелым жалезным кальцом, да якога быў прывязаны цёплы шалік у кратку.
— Нічога сабе! — усклікнуў мой кліент. — Гэта шалік Брантана! Магу паклясціся, я бачыў гэты шалік на ім! Але што гэты нягоднік тут рабіў?!