Я прапанаваў выклікаць двух мясцовых палісменаў і пасля іх прыходу паспрабаваў падняць пліту, цягнучы за шалік. Але змог я хіба крыху яе зрушыць, і толькі з дапамогай аднаго з канстэбляў урэшце ссунуў каменную глыбу. Пад плітай зеўрала чорная яміна, у якую мы ўсе зазірнулі. Масгрэйв, укленчыўшы, апусціў туды свой ліхтар.
Перад намі адкрыўся маленькі пакойчык на сем футаў углыб, даўжынёй і шырынёй чатыры футы. Ля сцяны стаяў нізкі акаваны мосенжам куфар, вечка якога было адкінутае, а ў замку тырчаў старадаўні ключ. Тоўсты слой пылу накрываў куфар звонку, а сырасць і чарвякі так патачылі дрэва, што куфар нават унутры зарос шараватай плесняй. Некалькі металічных дыскаў — відаць, старыя манеты, такія, як ляжаць у мяне, — валяліся на дне, але больш у куфры нічога не было.
Аднак у той момант мы нават не думалі пра старую скарбонку, бо нашыя погляды прыкавала тое, што скурчылася побач з ёй. Гэта было цела апранутага ў чорны касцюм мужчыны, які прысеў на карачкі, апусціўшы галаву на край куфра і абхапіўшы яго рукамі. Праз такую позу твар чалавека быў у трупных плямах, што сказіла яго да непазнавальнасці, але калі мы выцягнулі цела, рост, адзенне і валасы няшчаснага дапамаглі майму кліенту пазнаць свайго зніклага дварэцкага. Ён памёр некалькі дзён таму, але ніякая рана ці крывападцёк не сведчылі пра тое, як ён сустрэў сваю жахлівую смерць. Калі мы вынеслі цела з сутарэння, перад намі паўстала новае пытанне, не менш злавеснае за тое, з якога мы пачалі.
Прызнаюся, Ўотсан, тады я быў расчараваны сваім расследаваннем. Калі я знайшоў месца, да якога адсылае рытуал, я спадзяваўся, што справа развязаная, але цяпер я стаяў тут і быў, відавочна, гэтак жа далёкі ад разгадкі таямніцы, якую сям’я Масгрэйваў з такой пільнай асцярожнасцю захоўвала. Я, канечне, праліў святло на лёс Брантана, але цяпер мусіў высветліць, якім чынам ён загінуў і якую ролю ва ўсіх гэтых падзеях адыграла зніклая жанчына. Я прысеў на бачурку ў куце і старанна ўзважыў усе акалічнасці справы.
Мой метад у такіх выпадках вам вядомы, Ўотсан: я стаўлю сябе на месца злачынцы і, ацаніўшы для пачатку яго разумовыя здольнасці, спрабую ўявіць, што на яго месцы зрабіў бы я сам. Тут было проста, бо Брантан меў выбітны розум, і мне не давялося рабіць персанальнае выроўніванне, як яго называюць астраномы. Брантан ведаў, што дзесьці схаваныя нейкія каштоўнасці. Ён знайшоў сховішча. Зразумеў, што пліта, пад якой хаваецца скарб, занадта цяжкая, каб падняць яе без дапамогі. Што ён зрабіў потым? Ён не мог звярнуцца да кагосьці чужога, нават калі б меў на прыкмеце чалавека, вартага даверу, бо ў гэтым выпадку давялося б адчыняць дзверы дома, што павялічыла б рызыку быць выкрытым. Нашмат лепш знайсці памочніка ў доме. Да каго ж ён пайшоў? Да адданай яму дзяўчыны. Як бы кепска ні ставіўся мужчына да закаханай у яго жанчыны, ён ніколі да канца не паверыць, што яе каханне для яго страчанае. З дапамогай дробных знакаў увагі ён паспрабаваў памірыцца з Хоўэлс, а потым зрабіў яе сваёй суўдзельніцай. Яны разам прыйшлі ноччу ў сутарэнне і, аб’яднаўшы сілы, прыпаднялі камень. Да гэтага моманту я мог прасачыць іх дзеянні, нібыта бачыў іх на свае вочы.
Але падняць такі камень дваім, асабліва калі адна з іх жанчына, было надта цяжка. Нават нам з дужым сасэкскім палісменам было нялёгка. Што яны зрабілі, каб палегчыць справу? Тое, відаць, што зрабіў бы і я. Я падняў і ўважліва разгледзеў некалькі паленаў, раскіданых па падлозе, і хутка ўбачыў тое, што чакаў. Адно з іх, даўжынёй каля трох футаў, мела на канцы вельмі выразныя расколіны, іншыя ж былі прыціснутыя з бакоў, быццам іх сплюшчылі чымсьці надзвычай важкім. Цягнучы пліту, дварэцкі з пакаёўкай, відавочна, падсоўвалі дровы ў шчыліну, пакуль урэшце адтуліна не зрабілася такой шырокай, што ў яе мог пралезці чалавек. Яны падперлі пліту пастаўленым вертыкальна паленам — пра гэта выразна сведчаць расколіны на ніжнім яго канцы, на які прыпала ўся вага пліты. Пакуль мае дапушчэнні былі цалкам верагоднымі.
Але як я мусіў разважаць далей, каб узнавіць драматычныя падзеі той ночы? У адтуліну, бясспрэчна, мог залезці толькі адзін чалавек, і гэта быў Брантан. Дзяўчына чакала вонкі. Брантан адамкнуў замок, імаверна, перадаў ёй змесціва куфра (а іначай куды знік скарб?), і тады... І што ж здарылася тады?
Калі яна ўбачыла, што мужчына, які яе пакрыўдзіў — магчыма, нават мацней, чым мы думалі, — цяпер у яе руках, агонь помсты, што дагэтуль тлеў у палкай кельцкай душы, раптам разгарэўся. Ці выпадкова павалілася палена і пліта замуравала Брантана ў каморцы, што зрабілася яго труной? Ці вінаватая яна толькі ў тым, што прамаўчала пра гэтае здарэнне? Ці гэта ўдар яе рукі выбіў падпорку, каб пліта легла на сваё месца? Як бы там ні было, я амаль бачыў фігуру гэтай жанчыны, што прыціснула да сябе скарб і ашалела бегла па прыступках, а ў яе вушах гучалі прыглушаныя крыкі і шалёныя ўдары па каменнай пліце, пад якой задыхаўся яе няверны каханы.