Выбрать главу

Маёр Козлікаў (падыходзіць да Кацярыны Карпаўны). Матка, ты гэтымі сваімі малітвамі толькі душу мне вярэдзіш. (Падымае яе, праводзіць да пасцелі.) Ляж во і думай, што табе трэба зрабіць.

Кацярына Карпаўна паслухмяна ўкладваецца на канапу, адварочваецца да сцяны. У пакой заглядвае Фяўроння Захараўна.

Фяўроння Захараўна (маёру Козлікаву). Сабачка наш заснуў. Такі міленькі. Лапкі пад галаву. Роцік раскрыў і залаты зуб выставіў. Ідзі палю… (Раптам заўважае труну, крычыць.) А-а-а-а!.. (Спаўзае на зямлю, траціць прытомнасць.)

Маёр Козлікаў (кідаецца да Фяўронні Захараўны, трасе яе, б'е па шчоках). Фяўроння?.. Фяўроння?! Фяўронюшка…

Фяўроння Захараўна (расплюшчвае вочы, слабым голасам). А-а?.. (Паказвае на труну.)

Маёр Козлікаў. Гэта — для маткі. Для маткі труна!

Фяўроння Захараўна. Млосна… Прыбяры з вачэй.

Маёр Козлікаў. А, умомант. (Адстаўляе труну да сцяны, накрывае настольнікам.)

Фяўроння Захараўна. Дай мне вады!

Маёр Козлікаў заместа вады падае ў шклянцы самагонку. Фяўроння Захараўна робіць некалькі глыткоў, плюецца.

Я ў цябе прасіла вады, а не самагонкі. Ты разумееш, што такое вада?

Маёр Козлікаў. Прабач, вады дык вады. (Падае Фяўронні Захараўне ваду.)

Фяўроння Захараўна (п'е, крыху супакойваецца). Як старая?

Маёр Козлікаў. Амаль што ўсё.

Фяўроння Захараўна. Што яшчэ за «амаль»?

Маёр Козлікаў. Адыходную малітву толькі што адспявала. Дажывае апошнія хвілінкі. (Да Кацярыны Карпаўны.) Матка, ты як там?

Кацярына Карпаўна. Трохі адпусціла… Даруй, сынок, але лепей мне, лепей… На жаль.

Фяўроння Захараўна. Ой, людзі…

Маёр Козлікаў (абдымае Фяўронню Захараўну). Гэта цудоўна, што ёй лепш.

Фяўроння Захараўна. Каранат?

Маёр Козлікаў. А тое, што ўсім перад канцом становіцца лепш. Хіба не чула?

Фяўроння Захараўна (маёру Козлікаву). Праводзь мяне ў спальню.

Маёр Козлікаў. Ага, пакінем яе. Хай памірае спакойна.

Фяўроння Захараўна (ля дзвярэй у спальню). Цішэй, не грукай. Сабачка спіць.

Маёр Козлікаў і Фяўроння Захараўна знікаюць у другім пакоі. Чуваць лёгкі стук у дзверы. З'яўляецца дзед Язэп.

Дзед Язэп. Дзень добры ў хату. Дзверы насцеж — гаспадар дома?

Кацярына Карпаўна. Дома, дома. Праходзь бліжэй.

Дзед Язэп (здзіўляецца). А ты, Карпаўна, яшчэ не ў санаторыі?

Кацярына Карпаўна (уздыхае). Санаторыя мне адна ўжо. (Дрыжачымі пальцамі павольна развязвае вузельчык на шыі і працягвае Язэпу скрутак.) На, вазьмі.

Дзед Язэп. Што гэта?

Кацярына Карпаўна. На мае хаўтуры.

Дзед Язэп. Ды я першы лягу. Не вазьму.

Кацярына Карпаўна. Язэп, я ж цябе ў жыцці і не так шмат прасіла.

Дзед Язэп. Не-не, нізавошта. У цябе сын во які харошы. У санаторыю адпраўляе. Начальнік… Куды ж мне патыкацца?

Кацярына Карпаўна. Сын-то ў мяне нічога, а вот нявестка… (Уздыхае.) Пахавайце мяне на вясковых могілках, ля мужа майго Караната. (Голасам, на які нельга не адклікнуцца.) Суседзе Язэп, гэта мая апошняя просьба. (Працягвае зноўку вузельчык.)

Дзед Язэп (паціскае плячыма, але вузельчык бярэ). Мне што. Кішэню не адарве.

Заходзіць маёр Козлікаў.

Маёр Козлікаў. Ба, у нас узброены госць.

Дзед Язэп. Я, Каранатавіч, наконт сабакі, што прапаў. Такі ўчэпісты быў, і як у ваду…

Маёр Козлікаў. Ніякіх сабак, пакуль з хросным не дзербалызнем! (Нацэджвае з самагоннага апарата і падае дзеду Язэпу шклянку самагонкі.)

Дзед Язэп (адмаўляецца). Які з мяне піток? Паўчаркі ды пад масток.

Маёр Козлікаў. Хочаш са мной справу мець — пі!

Выпіваюць.

Дзед Язэп (ставіць шклянку, кхекае). Харошае зелле!

Маёр Козлікаў. У мяне ўсе харошае: і гарэлка, і жонка…

Дзед Язэп. І самі вы, Каранатавіч, харошы. Матку во ў санаторыю адпраўляеце.