Выбрать главу

Маёр Козлікаў. Хто асмеліцца зачапіць сабаку маёра Козлікава?

Сяржант Дзюба. Дачу ж вашу абакралі.

Маёр Козлікаў. Маўчаць, мля! Асабістую ахову прыстаўлю да Пана Фокса.

Фяўроння Захараўна. А чаго сяржант тут аціраецца?

Маёр Козлікаў. Сяржант Дзюба! Слухай загад: зараз жа дуй у загс, вазьмі там дакумент на маё імя — і ў той жа момант назад!

Сяржант Дзюба (казырае). Ёсць. (Кідаецца да дзвярэй, але яго спыняе маёр Козлікаў.)

Маёр Козлікаў. Сяржант, запомні: дакумент асаблівай сакрэтнасці. Не ўздумай чытаць або паказваць каму.

Сяржант Дзюба (казырае). Ёсць, не чытаць і не паказваць. (Знікае.)

Фяўроння Захараўна (маёру Козлікаву). Лапушка, што яшчэ за сакрэты?

Маёр Козлікаў (лагодна). Я табе скажу потым. А цяпер давай займёмся Панам Фоксам. Зубапратэзнік чакае.

Маёр Козлікаў бярэ сабаку і ідзе на выхад. За ім спяшаецца Фяўроння Захараўна.

(Ля парога.) Мы нічога не забыліся?

Фяўроння Захараўна. Пашпарт сабачкі я ўзяла. Перакусіць ёй на дарогу — катлетак, каўбаскі таксама…

Маёр Козлікаў. А грошы? На залаты зуб?

Фяўроння Захараўна (разгублена). У мяне няма.

Маёр Козлікаў (шарыць па кішэнях). Во, мля, і ў мяне няма. (Да Кацярыны Карпаўны.) Матка! Дай грошы на залаты зуб сабаку!

Кацярына Карпаўна нібыта не чуе, моўчкі працягвае збіраць рэчы.

(Гучней.) Матка!.. Дай грошы!

Кацярына Карпаўна (усхліпвае). Сынок, якія ж у мяне грошы? Я ж вам усё аддала: хатку сваю цёпленькую, дагледжаную людзям прадала — табе машыну купіла. Кароўку, іншую жыўнасць спусціла, што гарбом гадамі нажывала, — вам на тэлевізары. Пенсію маю вы атрымліваеце. Няма ў мяне ні капеечкі, сынок.

Маёр Козлікаў. Што ў цябе, матка, на шыі ў вузельчыку?

Кацярына Карпаўна (інстынктыўна прыціскае рукі да грудзей). Гэта на мае апошнія дзянькі, сынок.

Маёр Козлікаў (лагодна). Матка, твае апошнія дзянькі пройдуць на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Я для цябе ў тым доме асобны пакой выб'ю, нават большы, чым ты ў нас мела. Табе, як пані, у пасцелю будуць насіць абеды, вячэру. Дактары будуць цябе наведваць па першай просьбе. Лякарствы выпісваць. І ўсё — бясплатна. Дык навошта табе грошы?

Кацярына Карпаўна (ціха). На смерць.

Маёр Козлікаў. І пахаваюць, матка, цябе дарма. Спецыяльным артыкулам прадугледжаны сродкі на адзенне, труну, месца на могілках. Прападуць нізавошта твае грошы.

Кацярына Карпаўна. Не прападуць. Добрым людзям аддам.

Фяўроння Захараўна. Во, я так і гаварыла: зусім сумленне страціла старая. (Падскоквае да Кацярыны Карпаўны.) Ды што з ёй цырымоніцца? Забраць — і ўсё!

Кацярына Карпаўна (яшчэ мацней прыціскае рукі да грудзей). Жывая не аддам. Возьмеш толькі ў мёртвай. (Плача.)

Маёр Козлікаў (на жонку). Спыніся! Нідзе не дзенецца. Я ведаю яе, супакоіцца — і аддасць.

Фяўроння Захараўна. А чым зараз плаціць за залаты зуб?

Маёр Козлікаў. Дамоўлюся. Сват пачакае.

Маёр Козлікаў і Фяўроння Захараўна выходзяць. Маёр Козлікаў крычыць з-за дзвярэй.

Матка! Каб пакуль вярнуліся — была гатова!

У пакоі застаецца адна Кацярына Карпаўна.

Кацярына Карпаўна (збірае валізку). Ці ўсё гэта я ўзяла? Сукенкі ёсць: і на будні дзень, і на хаўтуры. Хусткі — крамная, цёплая, вайлакі… А посуд? Во міскі і не паклала. Галава як рэшата дзіравае. Зусім памяці не стала. (Нясе міску, з любоўю разглядвае яе.) Яшчэ з мужам удваіх сёрбалі з цябе, сяброўка ты мая неразлучная. І ў вёсцы служыла, і тут. А куды цяпер паедзеш?.. (Усхліпвае.) У якую далёкую дарогу адправімся, у якую турму адвязе нас сынок? Хоць бы разочак, хоць бы адным вокам зірнуць на родную вёску, на прададзеную хатку… Ой, навошта ж я, дурная, гэта зрабіла? Дзе мазгі былі? Чаму людзей не паслухалася? Суседа Язэпа? Гэта ж ён так адгаворваў, як прадчуваў бяду. Як ведаў.

У пакой ціха заходзіць дзед Язэп са стрэльбай. Кацярына Карпаўна не заўважае яго.

Чуў бы ты, суседзе Язэп, як я цябе памінаю.