Выбрать главу

Кацярына Карпаўна. Не паеду, сынок, і ўсё.

Фяўроння Захараўна. Во, я так і ведала. Ушылася старая абармоціха, як блыха, у нашу кватэру. Цяпер яе ніяк не выкурыш.

Маёр Козлікаў. Матка, мы з табой так не дамаўляліся. Не валяй дурака. Мне пакой патрэбен.

Кацярына Карпаўна. Вызвалю я табе пакой, сынок.

Маёр Козлікаў. Чулі? Не паедзе — і вызваліць? Як жа гэта?

Кацярына Карпаўна (ціха). Памру!..

У пакоі наступае цішыня. Парушае яе Фяўроння Захараўна.

Фяўроння Захараўна. Ага, знайшла дурняў. Яна — таго, а нам — пахаванне строй.

Маёр Козлікаў (на жонку). Заткніся! Мы з маткай пра смерць гаворым. (Да Кацярыны Карпаўны.) Кажаш, матка, памрэш?

Кацярына Карпаўна. Памру, сынок, хутка памру.

Маёр Козлікаў. Але ж пакой мне патрэбен сягоння.

Фяўроння Захараўна. І не іначай.

Кацярына Карпаўна. Сягоння і памру. Я ж цябе, сынок, ніколі не падводзіла.

Маёр Козлікаў. Гэта так. Але цяпер — асобы выпадак.

У пакой убягае сяржант Дзюба.

Сяржант Дзюба (дакладвае). Таварыш маёр, дакумент з загса дастаўлены. (Падае канверт.)

Маёр Козлікаў (бярэ). Трэба мне цяпер гэты дакумент, як сабаку пятая лапа. (Хавае канверт у кішэні. Больш непасрэдна да сяржанта Дзюбы.) Вот скажы мне, сяржант: мая матка заявіла, што сёння дасць дуба. Можна ёй верыць ці не?

Сяржант Дзюба. Можа, і памрэ, раз сказала.

Маёр Козлікаў. Мне не «можа». Мне — дакладна трэба.

Сяржант Дзюба. Памрэ, таварыш маёр. Старыя, яны чуюць касую. Гэта Піліпіха з Цельпухоўкі кароў не выйшла даіць. Старшыня Абцугайла паехаў заганяць яе на ферму. Старая енчыць, што акачурыцца да вечара. Не паверыў Абцугайла. Вытурыў яе на кароўнік. А пад вечар старая сканала, як і гаварыла, прама на рабоце…

Маёр Козлікаў. Заставайся, матка! Толькі памры. (Плача.)

Кацярына Карпаўна. Каранат?..

Маёр Козлікаў. Ну што табе яшчэ, матка?

Кацярына Карпаўна. Просьба ў мяне да цябе, сынок, ёсць. Апошняя.

Маёр Козлікаў. Давай… раз апошняя.

Кацярына Карпаўна. Дзед Язэп у нас быў, вартаўнік цельпухоўскі. Можа, помніш яго?

Маёр Козлікаў. Чаму ж не. Хаты ў вёсцы побач стаялі.

Кацярына Карпаўна. Во, дык заходзіў. Сабачка ў яго прапаў, да вартаўніцтва надта вушлы. Надта прасіў, каб ты дапамог знайсці яго… Не адмоў чалавеку, сынок!..

Маёр Козлікаў. Вот у нас сяржант — спецыяліст па сабаках. З-пад зямлі адкапае. Так, сяржант?

Сяржант Дзюба (вяла). Так.

Маёр Козлікаў. А што так нявесела? (Робіць голас металічным.) Сяржант Дзюба!

Сяржант Дзюба (падцягваецца). Я!

Маёр Козлікаў. Адшукаць сабаку дзеда Язэпа!

Сяржант Дзюба. Й-ёсць а-а-адшукаць са-баку дзеда Язэпа!..

Маёр Козлікаў. Во гэта другі манер. (Уздыхае, кладзе руку на плячо сяржанта Дзюбы. Да залы.) Бяда з гэтымі старымі: ні самі не жывуць, ні другім не даюць. Гэта ж толькі на іх і робім: на пенсіі, на лякарствы, ільготны праезд, харчаванне. Тут не адзін дом, тут усю дзяржаву ў дом састарэлых ператварылі. Дзе ж нам выкарабкацца да сусветнага ўзроўню жыцця. Я б закон такі выдаў: колькі каму жыць. Даярка там, трактарыст — хай жывуць, колькі ўкалваць могуць. Паэтам, акадэмікам ды ўсёй гэтай гнілой інтэлігенцыі — шэсцьдзесят гадоў, і баста. Нечага свет капціць, дзяржаву абіраць. Так, сяржант?

Сяржант Дзюба. Так точна, таварыш маёр.

Маёр Козлікаў (падазрона). А чаго гэта цябе трасе, як у ліхаманцы?

Сяржант Дзюба. На дзяжурстве прастудзіўся.

Маёр Козлікаў (нацэджвае з самагоннага апарата шклянку гарэлкі). Зараз мы цябе адстудзім! (Падае сяржанту шклянку.) На, пагрэйся!

Сяржант Дзюба (перамінаецца з нагі на нагу). Прабачце, таварыш маёр, не магу. Пры выкананні службовых абавязкаў.

Маёр Козлікаў (моршчыцца). Я — дазваляю. Пі!

Сяржант Дзюба. Ёсць выпіць! (Перакульвае шклянку ў рот, закашліваецца, выцірае слёзы.)

Маёр Козлікаў. Ну як?

Сяржант Дзюба. Аг-гонь!

Маёр Козлікаў. У мяне — усё марка: што гарэлка, што жонка, што сабака.