© Альгерд Бахарэвіч, 2017
© Logvino Literatūros namai, 2017
Рэдактар Сяргей Шупа
Мастачка Кацярына Пікірэня
Карэктарка Ліда Наліўка
Электронная версія Яўген Ціханаў
Выдавец “Logvino literatūros namai”
J. Savickio g. 4, LT-01108 Vilnius
v.270219-1 | lohvinau.by
Змест
Вокладка
Тытул
Правы
Уступ
Прысвячэнне
I. Мы лёгкія, як папера
Legoing klinkutima
II. Гусі, людзі, лебедзі
Сабакаловы
III. Нэандэртальскі лес
Памяці інжынэра Гарына
IV. Трыццаць градусаў у цені
Італійская кухня
V. Капсула часу
Мроя
VI. Сьлед
Бальбута. Граматыка і слоўнік
Дзесяць простых і канчатковых правіл мовы бальбута
Бальбутанска-беларускі слоўнік
Беларуска-бальбутанскі слоўнік
•
Гэта кніга складаецца зь некалькіх частак.
Шэсьць гісторый вядуць празь яе пакручастых.
У гісторыі першай стварае ўласную мову мянчук непакорны —
І канланг пачынае круціцца, як чортавы жорны.
У другой — мы ў будучым. Як ратавацца
Хлапчуку, што жыве ў паселішчы “Белыя Росы-13”?
А ў трэцяй старая ў хустцы пярэстай
На цудоўную выспу трапляе маркотнай нявестай.
У наступнай героем — сьпякотнае менскае лета.
Там блукае па горадзе вольны гультай з таямнічым пакетам.
Пра людзей, што ядуць камяні, і пра капсулу часу
Кажа пятая частка і курчыць дурныя грымасы.
Пачынаецца шостая ў танным бэрлінскім гатэлі.
У сярэдзіне веку — таго, што нядаўна сустрэлі.
Частак шэсьць, і ня важна, зь якой ты пачнеш падарожжа.
Можа, пятая выведзе ў першую — яна і ня гэткае можа.
А яшчэ ў гэтай кнізе ёсьць вершы і слоўнік.
Брэх сабакаў
І рэха ўначы,
І сьвятло эўрапейскае поўні.
Ю.
I.
Мы
лёгкія,
як
папера
1.
Хто б ведаў, як мне надакучыла ваша беларуская мова. І хто б ведаў, зь якой асалодай я пішу гэта. Надакучыла. Надакучыла.
Дакука.
Нуда.
Яна мне абрыдла. Брысь, мова, брысь. Ты ўдосталь нацешылася. Табой не заробіш, не заб’еш, не пабавішся, цябе ўжо не забудзеш. Нібы незнаёмая жанчына ў прывакзальным тумане, выкрадальніца пакінутых на хвілінку дзяцей, некалі ты зьявілася зьніадкуль, узяла мяне за руку і павяла ў тлумны, запляваны падземны пераход, поўны бляклых вітрын, азяблых галубоў і прадаўцоў лятарэек — а я ўсё азіраўся туды, дзе засталіся стаяць чамаданы: надзейныя, начыненыя будучыняй, ужо нічые. Ты разлучыла мяне з роднымі, ты прымусіла мяне прымроіць нейкі народ, празрысты, няўлоўны, няісны. Год за годам мы хадзілі з табой па сьвеце, начавалі ў дзіўных месцах, нейкіх муха-малочных вёсках, у бібліятэках, закінутых замках, у нейкіх падазроных заезных дамах — дзе давядзецца; ты купляла мне танныя цацкі і карміла, пакуль я ня вырас, ты вучыла мяне гаварыць ціха, а думаць хутка, удзень ты прымушала мяне жабраваць і кленчыць, а ўначы абяцала мне царства, і вось урэшце куды ты мяне прывяла —
у гэтую цёмную,
нібы задымленую,
здымную
аднапакаёўку,
у доме з мэмарыяльнай дошкай,
у горадзе М.,
у часы ўсеагульнага мораку.
І ваша расейская мова мне канчаткова апрыкрала. Хто б ведаў, як яна мяне дастала. Што ёй ні скажаш, усё ўжо было, усё адгукаецца тысячай бязглуздых рэхаў і даўно астылых літар. Гатовыя канструкцыі, чыгуннае ліцьцё, мова-труба, пакладзеная ўпоперак нашых жыцьцяў. Ты заўжды чагосьці хацела. Яшчэ ў жываце ў мамы, калі я яшчэ і чалавекам ня быў, а так, зьлепленым чучалкам — ты ўжо настойліва стукалася, чытала мне маралі, душыла сваімі ватна-марлевымі павязкамі, заражала мяне страхам. Мова, якая заўжды прыходзіць нібы з вобшукам, мова, якая заўжды мае права. Брысь, расейшчына, брысь, бляшаная мова жэсаў і пажаскіх карпусоў, мова вялікай і ліпкай літаратуры, голас мільёнаў маленькіх і лютых сваёй дробнай злобаю людзей.
А ангельская? Яна агоркла ня менш. Тое, што вы завяце ангельскай, усяго толькі разьдзьмутае, як пухліна, гумовае сэрца, якое натужна пампуе мільярды словаў штодня, нежывое сэрца, над якім павесілі лямпу. Халодная люмінэсцэнтная сьвецень. Мова-фаст-фуд, ад ангельскай паўсюль плямы, быццам сьвет — гэта ўсяго толькі куча сурвэтак на нечым стале. Ангельская — мова на транстлушчах і штучных дабаўках. О, яна ўмее падмазаць!.. Як шмат людзей думаюць, што ведаюць ангельскую, і лічаць, што гэтага хопіць для шчасьця. Наіўныя дурні. Як шмат мы маглі б сказаць, калі б адмовіліся ад вашага інглішу, калі б сказалі раз і назаўжды сваё “не” гэтай оргіі паразуменьня.