Такім чынам, кожная новаствораная мова мусіць спалучаць у сабе мілагучнасьць і вольнасьць эспэранта, розум і прытомнасьць такіпоны, лёгкае вар’яцтва славянскіх гаворак і шматзначнасьць усходняга герогліфа.
Бальбута адпавядала ўсім пяці патрабаваньням.
Яна і праўда атрымалася даступнай і лёгкай. Яе правілы можна засвоіць за некалькі хвілін, а лексыку за дзень.
Фанэтыка адвольная, толькі “l” заўжды мяккі. J — гэта ёт і чытаецца як “й” і не інакш. Націск заўжды на перадапошні склад — але ў словах з “-utima”, “-utika, -utikama” толькі на “u”.
Скажы: balbutika. Гэта значыць: словы. Або: мовы. Або...
Лацінская графіка, знаёмая кожнаму. Пісьмо без дыякрытыкі — гэта лішняе. Ніякіх дыграфаў, дыфтонгаў, артыкляў, сопляў, дубляў, дробных дуэляў... Кожны назоўнік у намінатыве мае канчатак -uta, пры зьмяненьні — -utіma.
Скажы: balbuta balbutima. Найлепшая мова. Мова мовы. Ці Песьня песьняў?..
Для назоўнікаў, што азначаюць занятак або прафэсію, я прыдумаў адмысловы прафэсійны суфікс: -aln для мужчын і -alinga для жанчын.
Скажы: balbaln. Balbalinga. Tajnobalbaln. Tajnobalbalinga. Паэт-ка... А мо, проста апантаны амбіцыямі няздарны лінгвіст-аматар?
Ну, а множны лік: -utika. Я ўжо казаў. Прасьцей не бывае. Словы ў множным ліку, калі зьмяняюцца, набываюць канчатак -utikama.
Balbutika. Словы. Balbutikama. Словаў. Grimuta mau balbutikama. Музыка маіх словаў. Ну і фанабэрыя... Музыка, блін, маіх словаў...
Кожны прыметнік сканчаецца на -oje, прыслоўе на -oju, дзеяслоў на -uzu. Прыметнікі і прыслоўі не зьмяняюцца. Зьмены нічога не дадаюць для іх разуменьня, дык нашто майстраваць для бальбуты лішнія віньеткі, загрувашчваць цьвяточкамі мой зьбіты цьвікамі лёгікі твор. Бальбута — канструктывізм з элемэнтамі ар-дэко, а ня нейкі імпэрскі кічавы псэўдаклясыцызм. Так вырашыў я, першы Бальбутанін.
Ведама ж, зь дзеясловамі выйшла крышку складаней. Мінулы час дзеяслова ўтвараецца дадаваньнем перад ім часьціцы bim, будучы час — bu.
Скажы: bu balbuzu. Гаварыцьму. Bim balbuzu. Гаварыў.
Умоўны лад дзеяслова, мой любімы лад, робіцца так: бярэм дзеяслоў і дадаем да яго сьпераду bif. Прызнаюся, гэта я прыдумаў чыста для прыгажосьці. А яшчэ для таго, каб надаць туманнасьці і хітрыкам бальбуты крышку шчырасьці. Той, хто валодае бальбутай, заўжды гуляе сам з сабой.
Як сканструяваная мова бальбута спалучае ў сабе рысы як апрыёрных, так і апастэрыёрных канлангаў. То бок яна і бярэ з чужых крыніцаў, і дае жыцьцё новым. Яе лексычная база складаецца з двух сотняў словаў, якія даюць нам усе неабходныя карані і козыры. Утварэньне іншых і перадача ўсіх магчымых значэньняў — у руках таго, хто кажа. Тут і ўключаецца паэтычная сіла бальбуты — бо толькі маючы ўяўленьне пра паэзію, адкрываючы ў сабе таямнічыя рэзэрвы фантазіі, актывізуючы ўсе свае даўно атрафаваныя органы, адказныя за цуд, можна выказаць на бальбуце тое складанае, што ў табе ёсьць. Асьвяціць сябе ўнутраным агнём гэтай мовы — і яе, узьніклую з пустэчы, полымем знойдзенай у сабе сілы. Патэнцыйна кожнае выказваньне на бальбуце — гэта гатовы верш, калі табе хочацца ад жыцьця чагосьці большага, чым жратва, прыбіральня, асалода і сон.
Вось ён, слоўнік, той зачараваны замак, дзе ляжаць скарбы бальбуты, balbutika balbutima, скарбы, якімі можа карыстацца кожны, і ад гэтага іх зробіцца яшчэ больш.
BALBUTA
СЛОЎНІК:
Як бачым, філязофія бальбуты заснаваная на разнастайнасьці, свабодзе і паэзіі. У ёй няма слова “мусіць”. У ёй няма слова “мы” — толькі бясконцая колькасьць вольных і ўнікальных “Я”. У ёй няма слова “бог” — калі некаму заманецца займець бога, ён назаве яго сваімі словамі, тымі, якія спатрэбяцца менавіта яму і нікому іншаму. У ёй няма ні маралізатарства, ні маралі, няма словаў, якія б ацэньвалі, добра нешта ці кепска, правільна ці не. Усё мае права на існаваньне. Сьвет складаны — і гэта ня добра, і ня дрэнна, так ёсьць. А калі хочацца выказаць, што адчуваеш, выказаць ацэнку, можна скарыстаць іншыя словы — якія пагасяць эмоцыі, супакояць, і застанецца толькі праўда. Бальбута экалягічная і талерантная: у ёй няма розьніцы паміж чалавекам і жывёлай, паміж пустазельлем і расьлінамі з Чырвонай кнігі, няма перавагі адных над іншымі, няма моўнага прыгнёту, няма ўлады дакладнага і канчатковага называньня. Бальбутай цяжка некага прынізіць, а вось апяяць — калі ласка. Слова “прыгожы” ў ёй азначае толькі асабістае стаўленьне да аб’екта. Бальбута — мова густу. Мова свабоды, паэзіі і шчасьця.