Бальбута адкрытая: калі лянота, лацінскія тэрміны можна бальбутызаваць і не адчуваць сябе прысаромленым. Што да ўласных імёнаў і назваў, дык іх згодна з правіламі можна пісаць як хочаш. Нават калі тваё прозьвішча “Шчыміржыцкоўскі”. Як каму называцца — ягонае права. Якое трэба паважаць.
Што ж, свабода — нож са мноствам лёзаў: на бальбуце можна гаварыць і лёзунгамі:
“Belarus istuzu!”
“Kаu nefuzu, nekusuzu”.
“Fuzalnutika ujma tutikama, istu kopju!”
“Deutschland gur ujma!”
“Rosija statuzu tork!”
“Fu Amerika ujma noju!”
Або нават так:
“Duzu tributika stutima — о tajnuta!”
“Ugustrilutika — o nehitruta!”
Самое слова “balbuta“ азначае “мова”, а яшчэ “слова”, “імя”, “назва”, “выказваньне”, “пасланьне”, “ліст”, “маўленьне” і гэтак далей. Ад “balbuta” мы можам утварыць іншыя часьціны мовы са мноствам значэньняў: “balbuzu” — гэта і “гаварыць”, і “называць”, і “клікаць”, і “чытаць спавешчаньне”, “balboje“ — “моўны”, “іменны”, “гаваркі”, “балбатлівы”, “слоўны”, “выказаны”... “Balboju” — вусна, словамі, моўна... Balbuta duzu tau algutima balbuzu. Былі б толькі іншыя словы, якія сваёй лёгікай і сілай створаць сытуацыю свабоды. У бальбуце ўсё вырашае кантэкст. Бальбута стымулюе чалавека гаварыць і не баяцца, падштурхоўвае экспэрымэнтаваць і аддаваць даніну разнастайнасьці і бясконцасьці сьвету. Браць шмат словаў, усе, што пад рукой, і не баяцца вокрыку.
Што да ліку, дык я вырашыў, што для лічбаў і колькасьцяў варта прыдумаць асобную схему. Сучасны чалавек і так увесь час мае перад вачыма напісаныя лічбы — дык чаму б замест таго, каб ужываць складаныя архаічныя формы, проста не агучыць тое, што бачыць зрок і візуальна фіксуе мозак.
0 — zironk
1 — onk
2 — donk
3 — tronk
4 — kronk
5 — skonk
6 — sonk
7 — sidonk
8 — etonk
9 — nonk
10 — dzonk
Вядома, для сотняў і далей спатрэбілася яшчэ некалькі словаў.
100 — stonk
1000 — tisonk
1000000 — milionk
І калі мы кажам “сто пяцьдзясят тры” — на бальбуце гэта будзе stonk skonkitronk. А калі, напрыклад, “тысяча дзьвесьце семдзесят дзевяць”: tisonk donkisidonk nonk.
Нас было чацьвёра. Bim kronk au. Даслоўна: было чатыры “я”.
Але спачатку быў я адзін, бог. U ksutima au onkuru bim, B.O.G., suta da kavuta, amgluta da negrimuta. У пачатку я толькі адзін-ды-усё быў, адзін-ды-усё, чалавек і кава, час і цішыня.
Da donk bim m-e-e-suta kroskoje. Meesutko. А другім быў ён — Козьлік.
Ко-о-зьлік...
4.
Нацешыўшыся ўпотай з навастворанай мовы, вылепіўшы зь яе гнуткага месіва, як дзіця з падоранага плястыліну, паўтузіна наіўных фігурак, я крыху супакоіўся і цьвёрда вырашыў нікому пакуль што пра бальбуту не казаць. Удасканальваць яе пакрысе, каштаваць раз-пораз яе нечуваны смак і ні ў якім разе ні з кім не дзяліцца. Трэба было зрабіць паўзу — хай адляжыцца, перастане быць сном, набярэцца сілы прыняць усе прызначаныя ёй выклікі. А лепш, думаў я маркотна і зь нейкай садысцкай асалодай, — няхай назаўжды застанецца маёй і толькі маёй мёртвай красою.
Але створаная мной мова не выглядала мёртваю. Не, халера на яе, яна не ляжала нерухома на пасьцеленым мной ложы, у вясельным убраньні, халодная і дасканалая. Не! Яна спакушала, яна вібравала, не давала засяродзіцца на нечым іншым, клікала зь цемры, вабіла сваімі салодкімі галоснымі. Яна танчыла перада мной, яна зьвінела — нездарма я навешаў на яе столькі звонкіх зыкаў, яна густа і жарсна трубіла ў свой рог — і мне рабілася ўсё больш ніякавата. Яе здольнасьць да жыцьця была ідэальнай. Яна магла ўсё — і належала мне аднаму.
Як ашалелы ўсходні сатрап, кожную ноч я прыходзіў у яе пакой, ключ ад якога існаваў толькі ў адным асобніку, любаваўся ёй, насычаўся, перасыпаў з далоні ў далонь яе золата, шоўк і срэбра, нюхаў яе матэрыю, гладзіў яе скуру — і адчуваў страх: або яе скрадуць, або я раздам яе натоўпу. Раздам усім убогім, тупым і безаблічным, раздам у адным жудасным, п’яным парываньні, і больш ніколі не змагу вярнуць. “Апошні раз я быў у цябе”, — кляўся я шторазу пасьля сваіх візытаў, і ўсё роўна: варта было Верачцы сысьці на працу, я кідаўся адчыняць клетку.
Неяк узімку я ня вытрымаў і пачаў перакладаць на бальбуту вершы і розныя кароткія тэксты. Бальбута быццам толькі гэтага і чакала — у ёй нарэшце завіравала кроў, яна прымала любую форму, якую я ёй прапаноўваў, ёй не былі патрэбныя загады і напаміны, яна з усьмешкай выгіналася, мякчэла або наадварот цьвярдзела, варта мне было толькі ўявіць, чаго я ад яе хачу. Яна валодала прасторай слова і перастварала любы вобраз, які мне заманулася прынесьці ў яе залатую клетку. Мая бальбута — яна была такой паслухмянай, такой паслужлівай... Штодня я назіраў чарадзейства: на маіх вачах вокамгненна вырасталі новыя расьліны, істоты, краявіды — нікім ня зьведаныя, нікому ня бачныя, іх мог спазнаць толькі я. Аднаго майго жаданьня хапала, каб уся гэтая раскоша і таямніца згарнулася і зноў саступіла месца рэальнасьці. Я быў яе каралём. Дыктатарам. Адзіным яе каханкам, першым і апошнім. Яе сэрцам. Яе забойцам.