Выбрать главу

Неяк у сакавіку, трасучыся ў тралейбусе, я думаў пра бальбуту, думаў, як я прыйду да яе сёньня ўначы — і тут на прыпынку ўвайшоў нейкі чалавек, які падаўся мне такім звычайным, што я нават адвярнуўся, так мне зрабілася нядобра.

Гэта быў мужчына: ня лысы, але досыць рэдкавалосы, апрануты не багата, але ў новае, з рынку, такое, каб не вылучацца, з вачыма не дурнымі, але і не сказаць, каб разумнымі, цела ягонае было цалкам прапарцыйнае, але прапорцыі зжэрлі ягоную індывідуальнасьць, у яго не было ні шнараў, ні ра­дзімак, ні барады, твар быў жаўтавата-шэры, але не занадта шэры і не занадта жоўты, а акурат такі, каб зьлівацца з колерамі гораду; ягоную зьнеш­насьць цяжка было запомніць, ён быў не высокі, але і ня нізкі, хутчэй: сярэдняга росту... сярэдняга веку, сярэдняе клясы, сярэдняе адукацыі, сярэдніх памераў, сярэдніх патрэбаў — і нарадзіўся ён, відаць, таксама ў сераду.

Такі сабе сярэдні мінімальны беларус, базавая чалавечая велічыня.

Ён быў звычайны нават у параўнаньні з тымі, хто сядзеў вакол мяне і напаўняў сабой тралейбусныя вантробы, ён быў такі звычайны, што я ажно фізычна адчуваў ягоную банальнасьць, ягоную ўсярэдненасьць, ягоную нармальнасьць, ён быў такі, быццам сама паўсядзённасьць прызначыла яго сваім прадстаўніком, сваім паслом у гэтым гарадзкім тумане, нібы яна сьцьвярджала празь яго сваю змрочную ўладу ў натоўпе. Сярэдні мужычок ухапіўся за поручань і пазяхнуў, агаліўшы ня надта добрыя, але ўсё яшчэ цэлыя зубы. Сьцьвер­дзіў­шыся на новым месцы, заняўшы месца пад сонцам, ён пачаў пужліва-гідліва азірацца — так яны ўсе робяць, калі ня бачаць непасрэднай пагрозы.

Паміж намі адразу ўзьнікла нейкае супрацьстаяньне — хоць я бачыў яго ўпершыню, і ён мяне таксама. Нешта такое зьявілася ў паветры, быццам на нас зь ім нехта глядзеў. Ён таксама адчуў штосьці ня тое, пачаў кідаць на мяне позірк за позіркам, ён не разумеў, у чым тут рэч, але каркам сваім лавіў нейкія хвалі маёй агіды і маёй залежнасьці ад яго — позіркі рабіліся ўсё больш нядобразычлівыя, і ўсё больш страху і нянавісьці зьяўлялася ў ягоных неглыбокіх вачах.

Я ня мог адвесьці ад яго позірк. І тады раптам уявіў сабе, што ён, гэты звычайны чалавек, вось гэты вось містэр Норма, Нармалды, зараз скажа мне штосьці на бальбуце.

Мяне быццам па галаве выцялі.

Быццам тралейбус паляцеў у прорву.

Быццам мною стрэлілі з гарматы ў неба.

Ён, гэты звычайны мужычок, мог бы гаварыць на бальбуце. Мог бы ёй валодаць. Мог бы гаварыць на бальбуце свае сярэднія словы, думаць сярэднія думкі, фармуляваць на бальбуце свае сярэднія патрэбы. А чаму, уласна кажучы, не? Мужычок быў жывы, як плесьня, і бальбута была жывой. Зараз ён раскрые рот... І я пачую...

Гэтага не магло быць.

І ўсё ж магло. Ягонага мозгу цалкам хапала, каб засвоіць вызначаныя мной правілы. Памяці было дастаткова, каб вывучыць усе словы. Ягоны рот мог вымавіць гэтыя гукі ня горш за мой — і ягоная мова магла зрабіцца бальбутай, як і любой іншай.

Любой іншай — чаму б не маёй?

Гэта было неверагодна балюча.

І неверагодна прыемна.

Мяне апанаваў сорам. Вельмі падобны да таго, які я адчуваў некалі ў дзяцінстве. Салодкі сорам папяровага хлопчыка, які малюе папяровых жанчын і таропка камечыць, баючыся, што яго засьпеюць за гэтым заняткам.

Ня ў стане адвесьці вачэй, я глядзеў на мужыка ў тралейбусе і ў думках даваў яму прамовіць на бальбуце то адну, то другую фразу, ён лыпаў вачыма, ён шалеў ад майго гіпнозу, ён падумаць ня мог, што здольны на такое — гаварыць на мове, якой няма. Мой патэнцыйны бальбутанін. Як жа ты мяне тады напужаў.

Праўда, якая адкрылася мне ў той момант, апякала маю сьвядомасьць. Усяго толькі адна памылка сьветабудовы, усяго толькі магчымасьць памылкі, толькі ўяўленьне пра памылку — і бальбутай можа загаварыць кожны. На мяне навалілася раптам страшная рэўнасьць, якая ня проста ўзрушвала, яна фізычна ўзбуджала — і я нічога ня мог зрабіць з гэтым узбуджэньнем. Я дзяліўся тым, што любіў — і мне хацелася, каб яны бралі гэта ў мяне на вачах. Жэрлі, чвякалі, авалодвалі, рабілі сваім, клалі сабе ў рот. Я быццам сачыў за чужым любоўным актам. І мне ўсё было мала. Я прагнуў пра­цягу.

Адарваўшы мокрыя рукі ад поручня, на наступным прыпынку я ўсё ж выбег на вуліцу. Містэр Нармалды зь ягонай звычайнасьцю і ягонай нянавісьцю мог нарэшце ўздыхнуць спакойна. Але ня вы, дарагія мае мінсквічы. Я ішоў скрозь натоўп і спрабаваў прымераць бальбуту на кожнага, хто сьпяшаўся насустрач: насупленых мужчын, жанчын зь невідушчымі вачыма, на дзяцей і старых — і ні пра кога ня мог сказаць з пэўнасьцю, што ён ня мог бы гаварыць на бальбуце, калі б яго навучылі.