І тады я наважыўся.
Гэта было дурное рашэньне, але я ня мог нічога з сабой зрабіць. Звонку яшчэ прытомны, яшчэ прыстойны, я ўжо даў згоду на ўдзел у гэтай оргіі з самім сабой.
Змакрэлы і, напэўна, хваравіта-бледны, з заміраньнем сэрца я спыніўся каля Макдональдсу і дастаў тэлефон.
Удаючы, што тэлефаную некаму, я стаяў у цэнтры гораду, сярод размаітых чалавечых істотаў, якія абыякава агіналі мяне, сьпяшаючыся па сваіх справах, і гучна і нахабна размаўляў на бальбуце. На мове, якой не было, з суразмоўцам, якога не існавала. Упершыню ў жыцьці.
Слова. Фраза. Размова. Плынь дзіўна мэлядычных гукаў, якую заглушала гучнае мармытаньне гораду.
І зноў: нічога не зьмянілася.
Яны ішлі на мяне, паўзь мяне, спускаліся ў падземны пераход, гаварылі, маўчалі, кашлялі, пляскалі нагамі на сакавіцкай слоце, і ніхто не зьвяртаў на мяне ўвагі. Быццам бы я па-расейску балбатаў, далібог.
У цэнтры вялікага гораду, на вачах ва ўсіх, упершыню гучала няісная мова — і нікога гэта не хвалявала. Ад таго, што нікому няма да мяне справы, ад таго, што ніхто, ніводзін чалавек з тых, што праміналі маю постаць у брудным плашчы і няўклюдна завязаным шаліку, не здагадваўся, што адбываецца, мне зрабілася млосна. Узбуджэньне дасягнула нейкай мяжы, за якой я ўжо ня мог сябе кантраляваць. Мне тэрмінова трэба было пабыць аднаму. Я забег у грамадзкую прыбіральню, заплаціў і схаваўся ў кабінцы. Я абмацаў сваё цела, яго гусіную скуру, усе яго цёплыя выступы, засунуў рукі сабе ў штаны, пад пахі, на сьпіну і пакрысе вярнуў сабе адчуваньне сваёй цэласьці.
Супакоіўшыся, я задумаўся.
Яны не маглі разумець, што я, усьміхаючыся, крычаў там, наверсе, у тэлефон. Але нейкае імгненьне яны ўсё ж чулі гэтыя дзіўныя гукі. Яны, вядома ж, падумалі, што я замежнік. Іхная памяць на сэкунду-другую адзначыла неахайнага, спацелага іншаземца, які стаіць каля Макдональдсу і размаўляе зь некім па-свойму, яна прыклала незнаёмыя гукі да свайго прымітыўнага набору стандартных узораў, іхныя мазгі ацанілі немагчымасьць вырашыць задачу — і нягеглы іншаземец быў выкінуты з памяці, бо быў ідэнтыфікаваны як занадта кароткі, нецікавы, непатрэбны ім, бескарысны эпізод. Ці мала каля Макдональдсу іншаземцаў. Да іх тут даўно прызвычаіліся.
І ўсё ж яны мяне чулі, мае суайчыньнікі. Чулі! А я гаварыў. Вёрз лухту пра надвор’е, кошты і ежу. Быццам былі людзі, якія маглі мне адказаць.
Так я ўпершыню вывеў бальбуту ў сьвет. Голай, жывой, на кароткім ланцужку. Здаецца, ёй спадабалася. Яна хацела яшчэ.
Я ня мог ёй адмовіць. Вечарамі я выходзіў у горад, лез у самую гушчыню, у віры локцяў, заплечнікаў, патыліц, прыладжваўся да насельнікаў падземных пераходаў, даставаў тэлефон і размаўляў на бальбуце. Яны азіраліся, у іхных вачах успыхвала і гасла цікавасьць. Можа, яны прымалі мяне за італійца. А можа, за таго, хто выгульвае турыстаў па Менску — бальбуце пляваць на вымаўленьне. А можа, і ім было пляваць, каго я выгульваю — няісную мову ці няісных людзей.
Так мінуў мокры люты, пракрочыў міма сакавік, горад прасох, паўсюль, на леташняй шорсткай траве, на асфальце, на дрэвах і сьпінах зьявіліся пляміны, нібы ад пральнага парашку. Пачаўся красавік, вярнуўся холад. Вылазкі ўжо не прыносілі ранейшага ўзбуджэньня — і вось акурат у гэтым часе, калі гульня пачала мне надакучваць, я абсалютна нечакана атрымаў на электронную пошту невялікі, але жвавы ліст.
“Што ж, спадару, — пісаў мне хтосьці невядомы, нават не павітаўшыся, — дзякую, неблагая задачка. Ня ведаю, каго вы надумалі дурыць, але ж праект досыць саманадзейны. Што да мяне, дык нават мая прыродная лянота не настолькі склеіла мне мозак, каб не разгадаць мілы тварык новага конлянгу. Мàю чамусь даўнюю сымпатыю да іхных нетутэйшых пысаў. Праўда, жыцьцё іхнае як у матылькоў. Блукаю часам па могілках выдуманых моваў, і ведаеце, спадару, дарослую магілку там рэдка калі пабачыш. Усё памірае на стадыі народзінаў. Больш чым пэўны, што і вы сваё дзецішча даўно пахавалі, так і ня даўшы яму ні голасу, ні колеру, ні лапкай махнуць. Ну так, пераклад... І што далей? Лінгваканструяваньне, да жалю, гэта ж для вас усіх хіба гульня на вечар. Але, відаць, імя айцец пасьпеў прыдумаць, га? Дык жа дашліце мне назвіска дзеля навуковага інтарэсу, вам хоць нейкі ўспамін, а мне ў калекцыю імёнаў мёртвых новы экспанат. А лепш дадайце да назвы яшчэ некалькі перакладаў разам са слоўнічкам. Хочацца пабавіцца ў вольную хвілінку.