Палёгка. Ён жыў у тым самым горадзе, што і я. Мы дамовіліся сустрэцца на плошчы Перамогі, за столікам каля “Шчодрага” — быў там такі ўнівэрсам з кавярняй проста каля выхаду з мэтро, дэмакратычнае месца, таннае піва, кава, малочныя кактэйлі. Ён напісаў, што будзе трымаць у руцэ кнігу. “Якую?” — запытаўся я. Ён не адказаў. Хацеў мяне падражніць.
Я наўмысна прыйшоў раней. Не падыходзячы да столікаў, я заняў пазыцыю каля парапэта. Сеў на халодны мармур, закурыў з дрымотным выглядам, удаючы, што ніякага “Шчодрага” для мяне не існуе, а існуюць толькі дзявочыя ногі, што прабягаюць міма — травень толькі-толькі расшчодрыўся на цеплыню. А сам уважліва вывучаў, што робіцца пад парасонамі. Столікаў было тры. За адным сядзелі нейкія празьмерна валасатыя мужыкі, усе ў цёмных акулярах, сядзелі і жвава жэстыкулявалі, пра нешта спрачаючыся. Адзін у пэўны момант нават пагрозьліва прыўзьняўся, але іншыя прымірэнча схапілі яго за локці. За другім столікам бабуля раздражнёна назірала, як унучка есьць марозіва. Стол пакрываўся белымі плямамі, як фарбай, дзяўчынка аблізвала сабе запясьце, мезенец, указальны палец, раптам вафля зламалася, як быццам у дзяўчынкі пальцы хруснулі — і бабуля здрыганулася ад нечаканасьці. Трэці столік быў пусты. Амаль у шэсьць мужчыны сышлі, не перастаючы спрачацца. Але марозіва ў дзяўчынкі ўсё не сканчалася. Трэці столік занялі дзьве дамачкі, якія замовілі сабе па шампанскім. Кніг у іх не было.
Я выкурыў тры цыгарэты, калі да першага століка падышоў нейкі хлопчык гадоў васямнаццаці і пачаў азірацца. Я адвярнуўся, хоць падазрэньні мае расьлі, але мне хацелася пакуль што ім верыць. А калі зноў паглядзеў на столікі, дык з прыкрасьцю прастагнаў і саскочыў з парапэта. Няўклюдным падлеткавым рухам хлопчык дастаў з заплечніка кнігу, вецер прабег яе адным павевам і паляцеў далей. Хлопчык быў лішні, сьмешны, як прышч, і адчуваў гэта. Занадта вялікія рукі, якія ён ня ведаў, куды падзець, згрэблі кнігу і скінулі на асфальт. Ён палез падымаць, вострыя калені ўперліся ў столік — я пасьпеў разглядзець, што ён у шортах, голая, белая курыная скура рэзка кантраставала з атрутнай жаўцізной шкарпэтак. Мне раптам стала шкада сябе, я ледзь ня плакаў ад расчараваньня. Уся гэтая задума з нашай сустрэчай падалася поўнай лухтой. Як я буду выглядаць ва ўласных вачах, калі падыду да гэтага смаркача? Пра што мне зь ім гаварыць? Як усё бяздарна, фальшыва і небясьпечна. “Здраствуй, как цібя завут, я тот дзядзя, які прыдумаў бальбуту, хочаш, я буду цябе вучыць, мой мальчык?”
Козьліку было дзевятнаццаць, але тады, калі я ўпершыню пабачыў яго ля “Шчодрага”, мне падалося, што яму няма шаснаццаці. Чортаў вундэркінд, ён думаў, што абвядзе мяне вакол пальца. А я таксама яшчэ той геній, знаўца людзей — паддаўся на прымітыўную дзіцячую фальшыўку. Навошта мне дзеці? У нас зь Верачкай не магло быць дзяцей. Уяўляю, што гэта былі б за дзеці, калі б яна загадала мне іх завесьці. Ішчадзія. Беспашчадзія. Іх высокаблагародзія монстры.
Хуткім крокам, больш не азіраючыся, я ішоў у напрамку Дома-музэя першага зьезду РСДРП. Расчараваньне душыла мяне. Я ўжо быў амаль гатовы да таго, што пачую сёньня бальбуту ад незнаёмага чалавека. Упершыню і, магчыма, апошні раз. Але гэты пацан? Не, ператвараць бальбуту ў дзіцячыя цацкі не ўваходзіла ў мае пляны.
Я сыходзіў усё далей ад “Шчодрага”, ад фарсу, у які ледзь ня ўляпаўся, ад кпінаў, якімі нястомна ўзнагароджваў сам сябе. Ну і абэлтух. Над камуністычнай хаткай падымаўся дым. У музэйным садку пяклі шашлыкі. Запахла нашай менскай рэчкай — нібы яе толькі што дасталі з даўно ня мытай лядоўні. І тут нечая вялікая і нэрвовая рука легла мне на плячо.
“Извините! Вы же меня ждали?”
Я рэзка разьвярнуўся, і ён наляцеў на мяне — няскладны, як верш.
“Никого я не ждал”, — кінуў я невыразным голасам, хаваючы вочы. Вусны ня слухаліся, быццам я сто год іх не разьлепліваў, далоні пацелі, і салодкі пах шашлыку напаўняў рот густой сьлінай. Здаецца, я нават плюнуў яму на бараду.
Ён адступіў, пахілы, ускудлачаны і невысокі, ён нагадваў кактус. Я пагардліва паглядзеў на яго і паўтарыў ужо гучней:
“Что тебе надо? Денег нет, иди к метро, там постреляй”.
Ён скрывіўся. Здавалася, ён зараз заплача.
“Знаю я вас, — не сунімаўся я, парываючыся ўцячы да ракі. — Турист из какого-нибудь Пи-и-тера... Аддалжи-и-ите на метрошку... Весь город загадили”.