Празь некалькі тыдняў я атрымаў кучу грошай. Бабуліну хату ў прыватным сэктары прадалі, і ў мяне на руках было пяць тысяч даляраў.
А ўвечары мне пазванілі зь незнаёмага нумару і прапанавалі зьняць кватэру. Назвалі адрас і паклалі слухаўку. Не, я ня стаў ператэлефаноўваць, я не паставіўся да гэтага як да жарту, я не паспрабаваў выкінуць гэта з галавы. Мы ж не такія, праўда, Козьліку? Я бачыў сувязь паміж нажніцамі і гэтым званком. Мы вар’яты, Козьліку. І нашае вар’яцтва лёгкае, як папера. Там, дзе іншыя бачаць пагрозу — мы бачым цуд.
На другі дзень я паехаў па названым адрасе. На доме была мэмарыяльная шыльда ў гонар нейкага партакрата. Я дагэтуль не магу запомніць, як яго імя. Дамафон не працаваў, дзьверы пад’езду былі разнасьцежаныя. Я пастаяў крыху, назіраючы за тым, як з пад’езду выходзяць людзі. Звычайныя людзі зь вечным падазрэньнем у вачах, людзі, у якіх ёсьць праблемы, якія нікуды не падзенуцца. Я падняўся на трэці паверх, знайшоў дзьверы бяз нумару, гэта была тая кватэра, пра якую мне сказалі па тэлефоне. У замку тырчаў ключ. Я павярнуў яго і ўвайшоў. Унутры было ўбога, але цалкам прымальна. Я пасядзеў за сталом, гледзячы ў акно. Патрэскваў лічыльнік каля дзьвярэй, стары, савецкі яшчэ. Бліскучая чорная афрыканская маска з пробкамі замест вачэй. Я распрануўся, лёг на ложак, заснуў, а потым прыйшла Верачка, і ўсё стала як цяпер.
Разумееш, Козьлік, я не хачу думаць пра тое, што адбылося. Я ведаю, што галоўнае — не шукаць тлумачэньняў. Я толькі пажартаваць магу, наконт нейкай нябеснай службы сацыяльнай дапамогі, якая выдзяляе штогод стыпэндыі для тых, хто, як я, прайграў. Каб мы не падохлі. Там, наверсе, цяпер відаць сацыял-дэмакраты пры ўладзе. Ці наогул камуністы. А заўтра ўсё можа быць ужо ня так. Я хачу, каб яны там, наверсе, пра мяне забыліся. Я ведаю, што калі пачну шукаць, у чым прычына, усё можа скончыцца. А можа і не. Нічога ні ад чога не залежыць, Козьлік. Усё проста так або інакш, няма ніякіх прычынна-выніковых сувязяў. Я жыву як жыву, паціху трачу грошы, якія атрымаў пасьля бабулінай сьмерці, і нічога не хачу загадваць наперад. Я разумею, што Верачка ад мяне чагосьці чакае. Можа, таго, што я адрамантую кватэру. Ці што пайду на працу. Ці што ўкладу грошы ў нейкі бізнэс. Але іх ужо мала. Які там бізнэс... А можа, яна чакае, што я нічога ня буду рабіць. Я ня ведаю. Цяпер я думаю, што ўсё гэта: параза за паразай, страх, амбіцыі, барацьба за тое, каб выжываць, зьмяняцца, прыстасоўвацца, думкі пра самаспаленьне і ўся іншая фігня...”
Фігня — гэта я, вядома, не перакладаў. Так і сказаў: фігня. У атачэньні нетутэйшых, гарманічных бальбутыянскіх каўканьняў і патрэскваньняў “фігня” прагучала такой какафоніяй, што Козьлік ажно ўздрыгнуў.
“...уся іншая фігня — усё гэта было для таго, каб аднойчы ўвечары я запарыў сабе кавы, сеў за стол і прыдумаў бальбуту”.
Ён паглядзеў на мяне пяшчотна, так спагадліва, як сын у вочы бацьку.
“Вось як бывае: спачатку выразаеш фігуркі з паперы і насяляеш імі імпэрыі ад плінтуса да плінтуса. Потым сам, як скамечаная фігурка, валяешся на чужых дыванах. Марыш, гарыш, астываеш, тухнеш, парахнееш, рассыпаешся. Высьвятляецца, усё, на што ты здольны, усё, для чаго гэта было, увесь сэнс папярэдняга жыцьця — няісная мова для цябе і нейкага хлопчыка-фрыка, мова, пра якую лепш нікому не расказваць, а асабліва тым, з кім жывеш, асабліва самым родным. Што, так і выглядае сэнс жыцьця?
Дык ці варта было так выпінацца? Ці варта было так мучыцца і марыць? Навошта былі гэтыя дваццаць гадоў? І навошта я табе ўсё гэта выдаў, пацан? Навошта прызнаўся?
Га, Козьліку?”
Я паглядзеў яму ў твар, намацваючы ў кішэні цыгарэты. Але цыгарэт не было, выпалі, відаць, пакуль я імчаў па праспэкце. Козьлік усьміхнуўся вінавата і выцягнуў перад сабой ногі ў кароткіх шортах, голыя, кароткія, натрэніраваныя:
“Прабачце, але... я амаль нічога не зразумеў. Відаць, доўга мне яшчэ вучыць бальбуту... Цяжкавата вось так, на слых... Асабліва калі так хутка гаварыць, як вы”.
Я паклаў руку яму на пухнатае калена. Мне было страшнавата, сорамна, дый ніз жывата зноў заныў. І ўсё ж я выказаўся — даўно я не гаварыў ні з кім так шчыра. Навокал і праўда паспакайнела. Цені сышлі далёка, да прыступак, у траве скакалі вавёркі: враки, враки, враки, вот Верочка услышит, вот уж она с работы вернется... Горад адсунуўся ад майго твару, шапка Дзяржцырку налезла на лоб вечароваму натоўпу, і ў фантане з голымі дзяўчатамі зноў зашумела вада. Бронзавы Лупака сутаргава зглынуў і выставіў наперад мяккае падбародзьдзе. І ўсё ж нешта было ня так. Быццам Верачка і праўда чула, што я тут нагаварыў. Але яна даруе. Проста я зашмат выпіў. Ці замала.