Раптам я адчуў, што Верачка недзе блізка. Прыбраў руку з калена Козьліка і дастаў тэлефон. Шматзначна так дастаў, з намёкам. І адсунуўся ад Козьліка, на якісьці сантымэтар, але адсунуўся. Так, каб ён таксама нешта адчуў. Але той быў на сваёй хвалі.
“Я мала што зразумеў, — паўтарыў Козьлік, летуценна ўсьміхаючыся. — Але гэта было прыгожа. Як музыка. Я думаю... Я хацеў бы пачуць ваш аповед зноў. Напішыце мне сёньня ліст. Добра?”
7.
Вядома, я яму напісаў. Як заўжды, уначы. Напісаў, каб ён не прымаў блізка да сэрца тое, што я яму панарасказваў, што я проста выпіў лішняга, а алькаголь на мяне няправільна дзейнічае. На бальбуце мой ліст выглядаў дзікавата: як высьветлілася, гэтая мова ня надта добра пачуваецца ў апраўданьнях. Увесь час даводзіцца хаваць простыя словы за складанымі апісаньнямі таго, што хочаш сказаць, і ў выніку любое выказваньне нагадвае квяцісты падман. Вось і скажы пасьля гэтага, што бальбута — прымітыўны арганізм. І хоць ніхто мне такога пакуль што не казаў, я апантана ўвязаўся ў спрэчку з гэтым нікім. Бальбута раскручвалася, як спружына — ужо амаль без майго ўдзелу.
Зрэшты, я не для гэтага яе ствараў, ня дзеля апраўданьняў — проста лепш не ствараць такіх сытуацыяў, пераконваў я сябе. Трэба жыць так, як падказвае бальбута, а не наадварот. Ісьці за мовай, каб яна вывела да простасьці і шчырасьці.
Вядома, я напісаў Козьліку. А потым напісаў яму яшчэ і яшчэ. Ён адказваў практычна адразу ж — такое адчуваньне, што ён толькі тым у жыцьці і займаўся цяпер, што чакаў маіх паведамленьняў і кідаўся пісаць адказы. Неяк мы зноў сустрэліся і доўга гулялі каля Белай Вежы, абмяркоўваючы нашую бальбуту і прыкладваючы яе да самых розных рэчаў і зьяваў, кумекаючы ды камечачы яе просты і адначасова такі складаны слоўнік. Часам мы сьмяяліся, разыгрываючы сцэнкі: напрыклад, візыт бальбутаніна ў раённую паліклініку, або прамова Лукашэнкі на бальбуце ў Дзень работніка жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Часам спыняліся і ўзрушана чыталі адзін аднаму вершы на бальбуце — пераклады любімых паэтаў. Часам прыкідваліся турыстамі з Бальбуты, заходзілі ў паўпустую краму і пачыналі прыцэньвацца да якіх-небудзь зьвяроў з саломкі, балбочачы па-свойму. Нам верылі. Нязьменна верылі. Цярпліва тлумачылі, пакутліва ўспаміналі ангельскую, рабілі знакі пашаны — і амаль ніхто так і не спытаўся, адкуль мы. Легкаверныя belarusutika, як жа мала вы ведаеце пра сьвет, пра тых, хто жыве сярод вас, і якую ж хваравітую балючую павагу маеце да ўсяго чужога.
Лета мінула, выгарала, выкіпела, прабулькала ў такой вось бальбуце, гэтым імклівым летам Козьлік упершыню нікуды не паехаў. Мы так і праседзелі ў горадзе, прывучаючы яго да гукаў новае мовы. З чырвонага радка пачалася восень — і вось у нейкі цёплы дзень мы з Козьлікам пайшлі па праспэкце, захоплена разважаючы пра слоўнік. Карані бальбуты, злучаныя ў мностве камбінацый, давалі нам такую прастору для дзейнасьці, што мы вырашылі падзяліць нашую працу і распраектаваць яе на некалькі гадоў. Козьлік браў на сябе распрацоўку лексыкі мэдычнай, транспартнай, юрыдычнай, сельскагаспадарчай, эканамічнай і спартовай. Я — лінгвістыку, гісторыю, палітыку, кулінарыю, мэдыі і мастацтва. Літаратуру ніхто не хацеў аддаваць — і мы вырашылі займацца ёй разам. Перад намі адкрываліся такія пэрспэктывы, такія бяскрайнія палі для экспэрымэнтаў, што мы не зьвярталі ўвагі на тое, дзе мы і хто мы. Мы нават дарогу некалькі разоў на чырвонае сьвятло перайшлі, учынак для вышкаленага Менску нечуваны, але нам пашанцавала, ніхто нас не спыніў і ніхто не размазаў па асфальце. Узбуджана махаючы рукамі, мы дайшлі да станцыі мэтро “Маскоўская” і толькі там ачунялі. Зьелі па піражку, седзячы на бардзюры, памаўчалі, уражаныя задумай. Пакрысе размова разгарэлася зноў — выкалупваючы языком мяса з зубоў, я ішоў наперад і нараджаў на хаду новыя словы бальбуты, і адначасова слухаў Козьліка, які таксама быў сам ня свой. Так мы дайшлі ажно да Барысаўскага тракту, перасеклі кальцавую, спусьціліся з горкі...
“Дарэчы, я тут зусім блізка жыву”, — сказаў раптам Козьлік, нібы мімаходзь.
Я якраз дазволіў сабе невялікую мрою: зараз бы сшытак агульны, такі, як у дзяцінстве, школьны тоўсты сшытак, так хочацца запісваць, што аж моцы няма. Ноўтбук я з сабой ня браў, не хацелася зь ім цягацца. А са сшыткам пасядзець у цені — самае тое. І тут Козьлік і сказаў тое, чаго я зусім не чакаў пачуць.
“Так, зусім блізка, хвілін дзесяць адсюль”.