Выбрать главу

І падміргнуў мне няўмела, абодвума вачамі.

“Можам да мяне зайсьці, у мяне чыстых сшыткаў хапае, маці прыносіць з працы. Пасядзім, піва пап’ем халоднага”.

Сам ня ведаю, чаму я пагадзіўся. Чаму даў яму павесьці за сабой, у пераход, а потым у двары, па сьцежцы, вытаптанай сярод шматпавярховікаў.

“А бацькі? Супраць ня будуць? Ты ж з бацькамі жывеш?” — спытаў я глуха, калі мы агіналі агромністы дзіцячы садок, драцяная агароджа якога ніяк не сканчалася. З таго боку агароджы за намі сачыў вартаўнік, а мо і дворнік — высахлы дзед ці то з ломам, ці то зь дзержаком ад лапаты.

“Яны на працы, яшчэ ж толькі чатыры, а яны а шостай канчаюць”.

Козьлік спрытна пераступаў праз кучы нейкага будаўнічага друзу, а я ледзь перастаўляў ногі. Нешта нядобрае лунала ў паветры, стомленым, стаячым, дзесьці ніяк не маглі завесьці машыну — і шум рухавіка гучаў, як воплескі вялікай канцэртнай залі. Дворнік перамяшчаўся ўздоўж агароджы, не адстаючы ад нас — я паскорыў хаду, каб ён нарэшце апынуўся за сьпінай, і Козьлік зьдзіўлена нагнаў мяне каля пад’езду.

“Не сюды”, — мякка сказаў ён.

“Верачка!” — крыкнуў нехта з балькона.

Мы нырнулі ў нейкую арку і выйшлі ў шырокі двор.

“Тут я і жыву”.

Мы падняліся на невядома які паверх. Я зусім ня ведаў, што гэта за вуліца і як дайсьці да мэтро. Козьлік адчыніў дзьверы, за якімі была каморка з чатырма дзьвярамі, у якой стаяў той самы ровар. Нахіліўся, даў мне тапкі.

“Праходзьце”.

Калідор напоўніўся пахам майго поту. Кватэра шамацела шырмачкамі, фіранкамі, гардзінкамі, жалюзі, утульнае жытло сям’і з трох чалавек. Двухпакаёўка з выглядам на школьны стадыён. Козьлік пасадзіў мяне на канапу — пругкую, чыс­тую, засланую нечым такім прыемным на дотык, што я адразу ж схапіўся за тканіну і пачаў перабіраць, мацаць, круціць на пальцы ніткі. Нібы хатнюю жывёлу песьціў, уціраўся ў давер.

Ён паказаў мне свае багацьці. Тое, што прывозіў са сваіх азіяцкіх падарожжаў. Нейкія сьмярдзючыя, усе ў адбітках тлустых пальцаў, барабаны, вырваныя з дагістарычных кніг старонкі з напаўсьцёртай вязьзю, пэўне ж, падробка... Нейкія ржавыя нажы з мудрагелістымі тронкамі, выцьвілыя фота невядомых кінаакторак з вусікамі над пульхнымі вуснамі...

Я без асаблівай цікавасьці разглядваў ягоныя скарбы. Ён прынёс піва, запытальна паказаў на паліцы з кнігамі:

“Калі вам цікава, бярыце, гартайце, магу нешта даць пачытаць... Бацькам даўно гэта ўсё ня трэба”.

Я думаў адмовіцца, але волю маю як паралізавала. Узяў зь ягоных гладкіх, як калені, рук нешта — ага, чытаў, і яшчэ нешта — таксама чытаў. Вядома, ён пахваліўся Піперскім — “От эсперанто до дотракийского”, у яго яна была на паперы, гэтая запаветная кніжка, а я спампаваў яе на Флібусьце і чытаў з ноўта — ну, ладна, кніжка была файная, але пакінула лёгкае расчараваньне, бо занадта хутка скончылася, мне было мала, Піперскі як Піперскі.

“А па канлангах?”

“Конлянгі тут”, — ён нахіліўся, футболка задралася, выглянуў азадак. У яго цэлая паліца, самая ніжняя, была ўся пра канлангі — на розных мовах, але ён шчыра прызнаўся, што паловы яшчэ не прачытаў:

“Я марудна чытаю. І, ведаеце, калі я пачаў бальбуту — ні пра што іншае не магу думаць”.

Сярод кніг я заўважыў тоўсты альбом у шыкоўным пераплёце, ляніва пацягнуўся, Козьлік зрабіў ледзь прыкметны рух, гэта быў нават ня рух, а нейкая стрэлка магчымай сутаргі, але я адзначыў — ён пратэставаў. Стрымаўся, каб не паказаць. Зацікаўлены, я схапіў кнігу і расклаў на каленях.

“Гэта бацькоўскае”, — сказаў Козьлік незадаволена.

Альбом быў і праўда шыкоўны. У ім была парнаграфія — ды якая. На тоўстай і шляхетнай паперы, старонка за старонкай, адна і тая самая жанчына займалася любоўнымі ўцехамі са сваім сабакам — тонкім і мускулістым догам, ва ўсіх магчымых позах, у раскошнай атмасфэры арыстакратычнага дому пачатку дваццатага стагодзьдзя. Фрызура жанчыны ўвесь час зьмянялася, таму я не адразу ўцяміў, што на ўсіх малюнках выяўленая менавіта яна: то ў раскіданых сьветлых кудзерах, то з хлапчуковай стрыжкай, то наогул з выгаленай галавою, то надзеўшы віктарыянскі парык яна аддавалася свайму догу з чалавечымі вачамі, і толькі валасы ў яе паміж ног заставаліся нязьменна густымі, выпісанымі старанна і таленавіта, і намаляванымі кожны раз так, каб глядач бачыў усе падрабязнасьці яе ўлоньня. Я адчуў, што ўзбудзіўся, пад альбомам, што ляжаў у мяне на каленях, расло тое, што ніяк ня сьпішаш з рахункаў. Мне захацелася мець гэтую кнігу — калі схаваць яе ад Верачкі, можна было б дарыць сабе час ад часу такія імгненьні, што можна было калекцыянаваць. Ніякае порна ў інтэрнэце не магло параўнацца з тым, што я тут пабачыў.