Выбрать главу

Але нельга. Трэба гнаць ад сябе дурныя думкі — заставацца па гэты бок мяжы.

Ну калі ласка.

Зусім маленькі кампраміс.

“Сьпіна баліць, — працадзіў я, скрывіўшыся. — Хто куды, а я на падлогу”.

І, не чакаючы Козьлікавай рэакцыі, я з асалодаю споўз на дыван, лёг на яго бокам, падпёршы рукой галаву. Як нічога ніякага я ляжаў і пісаў у агульным сшытку словы бальбуты і адчуваў, як рука пачала дранцьвець. Я ўдыхаў пах дывана, заляжалага пылу, далёкі водар сродку для мыцьця лямінату — і ведаў, што Козьлік здасца хутчэй, чым я запоўню старонку.

І ён здаўся.

“Горача”, — ён раптам скінуў футболку: худы, бледны і дробны, як дзіця — дзіця з густой барадой і сьветлым рэдкім валосьсем на грудзях, паміж якіх тырчала вялікая радзімка, дый не радзімка нават, а цэлая ягада. Як трэцяя смочка. Сымэтрыя была жахлівая — быццам ён сам яе туды прыляпіў. Я ня мог адвесьці ад яе вачэй. Хацелася яе зрэзаць.

“Горача”, — паўтарыў Козьлік і расьцягнуўся на падлозе побач са мной, высалапіўшы язык.

“Маеш нажніцы?” — спытаў я, чамусьці па-беларуску. Ён зьдзіўлена падняў вочы:

“Прынесьці? Навошта?”

“Ды не, не, нічога, — я зноў перайшоў на бальбуту. — Працуем”.

Мы моўчкі пісалі — і я бачыў, што Козьлік займаецца слоўнікам ужо без усялякага імпэту, нешта брадзіла ў ягонай галаве, п’яніла яго, напаўняючы гэтую маладую галоўку дурным газам, ад якога вочы ў Козьліка зрабіліся зусім шкляныя. Мы ляжалі на падлозе, зусім блізка, я ў сваёй пакамечанай кашулі і джынсах, басанож, вастранож, анягож — і Козьлік у адных кароткіх шортах. Раптам мне заклала вушы. Відаць, я занадта рэзка апусьціўся на дыван. Зноў у мяне праблемы зь ціскам. Краем вока я назіраў за маім вучнем і неўпрыкмет скуб пальцам дывановую траву. Дзьве імпэрыі сышліся ў чыстым полі. Два войскі, два ўладары. Трэба правесьці мяжу і выставіць варту — і сачыць за Козьлікавымі рукамі, сачыць, інакш ён можа схаваць свае атрады дзесьці пад канапай, над якой сонцам тырчэла лямпа, пад якой увечары, кожны вечар, кожны божы, д’ябальскі, нядобры вечар са­дзіцца Козьлікава сям’я, Козьлікаў тата, Козьлікава мама, тата-казёл і мама-каза...

“Здрасьце”, — сказала мама-каза, якая вырасла з бамбукавых зарасьнікаў. За яе сьпінай, у калідоры, стаяў тата-казёл, ростам з Козьліка, але без барады.

Нічога ня скажаш. Ціха ходзяць казловічы.

Мякка ступаюць капытамі па лямінаце, бародамі не трасуць, лісьце зь вецьця не паскубваюць, на лішняе не атвлекаюцца, сур’ёзныя жыхары ўручанскіх джунгляў. Тыгры, а не траваедныя.

Козьлік ускочыў, схапіў чамусьці футболку, пачаў нацягваць, задам наперад.

Козьлікаў тата выйшаў наперад, зрабіў такі рух, быццам даць мне капытам у твар зьбіраўся — але стрымаўся:

“Здрасьце! Это кто?”

“Это мой... Друг”, — сказаў Козьлік з-пад футболкі.

“Олег Олегович”, — я з годнасьцю, не сьпяшаючыся, падняўся, разумеючы, як гідка гэта гучыць. Олег Олеговіч. Ёсьць нешта непрыстойнае ў гэтых о, нешта з намёкам на не зусім законныя рэчы, за якія шмат не дадуць, але пра якія напішуць у хроніцы здарэньняў на тутбаі.

Пачуўшы маё імя, тата-казёл ажно скалануўся. Дый Козьлік быў зьдзіўлены. Я працягнуў тату-казлу руку — але ён яе не паціснуў. Падняў мой сшытак, пачаў чытаць, варушачы вуснамі — але што ён мог там зразумець?

“Это што?” — спытаў ён, разглядваючы мяне. Зьні­зу ўверх — і гэта давала мне надзею, што ўсё абыдзецца. Урэшце, што ён мне прад’явіць? І што наогул такога адбылося?

“Мы с Олегом... Олеговичем язык учим, — сказаў Козьлік, запінаючыся. — Сложный. Олег Олегович известный специалист...”

“Не знаем мы что-то таких специалистов, — змрочна сказаў Козьлікаў тата, уважліва разглядваючы мяне з галавы да ног. — Мы таких спе­циалистов что-то вообще не того... Не знаем... Знаем мы их, специалистов таких...”

Козьлікава мама адчула, што трэба ратаваць сытуацыю, крыкнула з кухні, закашляўшыся:

“Денис, ты звонил в приемную комиссию?”

“Да”, — Козьлік хацеў засланіць мяне ад татавага драпежнага позірку, але куды там, я быў вышэйшы і шырэйшы ў плячах, так што цяпер узвышаўся над імі абодвума.