Выбрать главу

“Ел уже? Мы с папой в магазин зашли...”

“Отвечай, когда мать спрашивает, — цяжка пражаваў словы тата-казёл. — А мы пока покурим сходим... Со специалистом”.

Ён пайшоў проста на мяне — і мне нічога не заставалася, як адступіць да балькону. Ён схапіўся за ручку і выштурхнуў мяне туды, дзе ліянамі зьвісала бялізна Казловічаў, ужо зусім сухая.

Я прыбраў з твару штаны Казловіча-старэйшага і прыкрыў вочы станікам мамы-казы. Так было зручней адбівацца.

“Ну что скажешь, Олегович, — тата дастаў скамечаны пачак чырвонага “Мінску”, але цыгарэту так і ня выцягнуў. — Чему ты учишь? Рассказывай, специалист”.

“Да так, — я глядзеў на яго скрозь станік мамы-казы, як праз проразі на шаломе. — Учу”.

“Ага, — ён паківаў, быццам мой адказ яго цалкам задаволіў. — Учишь, значит. Молодец”.

На школьным стадыёне пад намі малыя гулялі ў футбол. Жоўты мячык замітусіўся па карычневай высахлай зямлі, малыя мацюкаліся — тонкія, сарваныя галасы. Яны нібы цкавалі гэты мяч — і ён ня ведаў, куды падзецца, скакаў то ўправа, то ўлева, то падлятаў угару, да сонца, але яму не было куды схавацца, а яны крычалі, узбуджана і з азартам, яны ведалі, што ўрэшце загоняць яго, як зай­ца, і ён упадзе зьнясілены, дзесьці ў кустах, так і не пасьпеўшы ўцячы. І тады яны накінуцца на яго і разьдзяруць сваімі малочнымі зубамі, і насыцяцца, і разыдуцца па дамах.

Навучальны год пачаўся. А я і забыў.

“Слушай, ты, забирай свои бумажки, и чтоб я тебя больше с Дениской не видел, — прашыпеў страшны маленькі казёл, запраныя майткі якога пагрозьліва пагойдваліся ў яго над вухам у такт словам. — Ты мне парня не порти, хуй ты бумажный. Знаю я таких специалистов. Заднего ряда. Увижу еще раз с Денисом, ты у меня таким специалистом заделаешься...”

Козьлік глядзеў на нас з таго боку акна, разгуб­лена стоячы пасярод пакоя і трымаючы ў руках сшытак — ці то мой, ці то ягоны.

Я асьцярожна вярнуў станік мамы-казы на месца і выйшаў з балькону.

“Денис, иди сюда,” — пачуўся з кухні трывожны голас.

Козьлік неахвотна пайшоў на кухню. Тата-казёл рушыў за ім, пагардліва махнуўшы ўяўнай барадой і адцясьніўшы мяне элегантным рухам таза.

“Мам, я сейчас! — пачуўшы, як я абуваюся, Козь­лік выскачыў у калідор і схапіў заплечнік. — Я вас правяду!”

Ён нахіліўся да майго вуха і зашаптаў на бальбуце, што вінаваты, вінаваты, што бацькі прыйшлі раней, што яны ніколі раней за сем не зьяўляліся і што бацьку ягонага за такое...

Усьміхаючыся, я моўчкі ўзяўся за ручку дзьвярэй.

“Такая девка ходила! — бушаваў на кухні ка­зёл-старэйшы. — Кровь с молоком. Отец с матерью на дачу спицальна гоняли, чтоб он тут с девкой делом занялся. Нет! Послал Олесю, сам послал, не она его. На бумажки, биляць, променял. Чем они здесь занимались, а, мать? Ты мне можешь объяснить? Развелось, биляць, специалистов. А ты его все защищаешь! Денис! Ты куда это? Стоять, я тебе сказал!”

Але Козьлік ужо рвануў на сябе дзьверы, і мы затупалі па прыступках, скаціліся, адпіхваючы з дарогі ровары, вазочкі, зьбіваючы нагамі цацачныя грузавікі, усё, чым былі застаўленыя сходы, скаціліся, выскачылі з пад’езду, і нейкая бабулька гучна сказала нам наўздагон: “Вот скатаўё”.

Ідучы кудысьці — я ня ведаў дарогі — я раптам засьмяяўся на ўвесь голас, і Козьлік уміг прасьвятлеў тварам.

“Твой тата цікава вымаўляе слова “блядзь”, — сказаў я Козьліку, калі мы зноў ішлі ўздоўж дзіцячага садка. — Біляць. Адкуль там галосны?”

“Ня ведаю. Ён заўжды так казаў”.

“Як быццам акцэнт сярэднеазіяцкі”.

“Нармалды. Гэта яшчэ адно ягонае слова. Калі ён у гуморы. Ён насамрэч неблагі чалавек”.

Козьлік давёў мяне да мэтро. Мы больш не гаварылі. Толькі калі я працягнуў яму руку на разьвітаньне, ён раптам расшпіліў заплечнік і выцягнуў кнігу Франсуазы. Той самай, мадэмуазэль Дарлён.

“Я так зразумеў, яна вам патрэбная?”

Паміж намі праціснуўся, заехаўшы мне ў бок локцем, нейкі нецярплівы ўручанец:

“Пасталі ў праходзе, не прайці! Інастранцы, ва­шу маць!”

Ён азірнуўся і весела падміргнуў. Чарнявы, нападпітку, у футболцы з расейскімі арламі. Падмірг­нуў і зьнік. І ўсё ж запомніўся мне назаўжды. Хто ведае, чаму.

“І яшчэ... — Козьлік уздыхнуў. — Вас праўда клічуць Олег Олеговіч?”

“Так”.

“Можна, я ня буду вас так называць?”

“А як будзеш?”

“Як і раней. Абыходзіцца без імя”.

Я паціснуў плячыма і пайшоў да турнікета, прыціскаючы кнігу тытулам да жывата. Хоць вок­ладка і так была без карцінак. Напэўна, Козьлік глядзеў мне ўсьлед. А можа, і не. Мне было пляваць.

***

Некалькі дзён ад Козьліка не прыходзіла ніякіх лістоў. Можа, яно й добра, думаў я. Трэба было супакоіць Верачку. У мяне было такое адчуваньне, што яна пачала нешта падазраваць. Напэўна, Козьлік усё ж мучыўся пачуцьцём віны — і я даў яму напакутавацца ўдосталь. Я ведаў, што рана ці позна ён азавецца. Магчыма, тата-казёл пазбавіў яго інтэрнэту — але было ясна, што Козьлік ужо дастаткова дарослы, каб супрацьстаяць дыктатуры вялікіх казлоў.