Выбрать главу

“Я думаю, гэта канланг”, — сказала яна цьвёрда і зірнула на нас з выглядам пераможцы. Вочы ясныя, як у птушкі.

Замарожаная галава ў яе руцэ павольна і ўра­чыс­та развалілася на дзьве часткі. І мы інстынктыўна, кожны са свайго боку, пацягнуліся, каб іх падняць.

8.

Я веру ў вар’ятаў. І ў вар’ятак веру ня менш.

Адзін белы бант у ганаровым каравуле абавязкова несапраўдны. Разумееце маю мэтафару? ­Адзін белы бант у ганаровым каравуле, на які так сьмешна глядзець, калі сядзіш за столікам каля “Шчодрага” на плошчы Перамогі і папіваеш цёплае піва, хоць бы адзін белы бант заўжды зьлезе набок, адклеіцца, павісьне, сьмеху варты, нахабны, непакорлівы, хоць бы адзін белы бант абавязкова выявіцца чорным, зялёным, жоўтым — а то і ня бантам зусім, а марской зоркай, ці мэдузай, ці кавалкам марозіва. Вар’яцтва не цярпіць няволі, вар’яцтва сьмяецца з нас, нябачнае і бязьлітаснае. Яно тут. Проста трэба ўмець бачыць. А калі табе вельмі пашанцуе, яно само зьверне на сябе ўвагу.

Кашкан Натальля Яўгенаўна... так у вас там запісана, правільна? Дык вось, Кашкан Натальля, то бок Каштанка, была вар’яткай старэйшага школьнага ўзросту. Яна любіла марозіва, мовы і мужчын, старэйшых за яе на дваццаць пяць гадоў. І толькі мужчын з гэтага кароткага сьпісу яна любіла плятанічна, не любіла нават, а цікавілася імі, як цікавяцца пандамі ці сланамі. Праўда, Козьлік быў старэйшы за яе ўсяго на тры з паловай гады... Ну, няважна. Хто з нас панда, а хто слон, мы меліся высьветліць пазьней — і высьветлілі; усё роўна канкурэнцыі з марозівам і мовамі нам было ня вытрымаць.

Яе любоў да марозіва была паталягічнай. Нібы ў гэтай дзяўчынкі ўнутры гарэў агонь, які яна ўвесь час намагалася суцішыць усё новымі і новымі порцыямі салодкага лёду. Мяне гэта раздражняла. Я памятаю марозіва свайго дзяцінства — у якім любові, марозу і малака было значна больш, а хіміі, цукру і розных іншых лішкаў наогул не адчувалася. Гэта было марозіва, якое зьлівалася з кончыкам твайго языка ў экстазе, што неўзабаве пераходзіў у пяшчотнае і спакойнае сяброўства, у цудоўную гармонію смакавых стасункаў.

Цягам свайго жыцьця я мог назіраць няўхільную і прыкрую дэградацыю марозіва, усё больш зьяўлялася новых гатункаў, усё больш рабілася слодычы і ўсё больш разнастайваўся дызайн, але язык лізуна, язык гурмана, язык паглынальніка лёдаў адвыкаў ад сапраўднага смаку — з аматараў марозіва мы ператварыліся ў спажыўцоў, што куп­ляюцца на рэкляму, на нежывы холад, на хімічную віягру падробленага малака і лішняга цукру. Спажыўцы, настальгію якіх бессаромна і цынічна выкарыстоўваюць дзеля продажаў — вось кім зрабіліся людзі, што ядуць марозіва ў новым тысячагодзьдзі. Дзеля справядлівасьці, вядома, трэба адз­начыць, што ў горадзе М. існуе “Каштан” — адзінае марозіва, якое можна есьці і якое хоць неяк адпавядае колішнім стандартам. “Каштан”... Каштанка... Відаць, нездарма мы яе так называлі — хоць мянушка была прыдуманая ня намі. А кім? Не, Чэхаў тут ні прычым. Пра мянушку я раскажу пазьней.

З марозівам ясна. А вось мовы... Тут у Каштанкі быў спэцыфічны густ. Як і Козьлік, дзесяціклясьніца Каштанка была ўладальніцай дзіўнай кнігі. Не, парнаграфіі там амаль не сустракалася, хоць якія народныя прымаўкі бяз порна. Проста яно схаванае глыбока, дзеці не дастануць. Каштанку порна не цікавіла. У яе быў скарб, які яна не прамяняла б ні на што на сьвеце. Мы ёй нават не паверылі, пакуль яна не прынесла яго аднойчы ў “Шчодры” і ня тыцнула ў нашыя мядзьведжыя насы.

Нейкім чынам яна яшчэ ў восьмай клясе займела “Слоўнік прымавак народу кунду”, складзены ў 70-х гадах адным нямецкім дасьледчыкам і надрукаваны для ўнутранага карыстаньня ў Гумбальцкім унівэрсытэце. Слоўнік быў яе настольнай кнігай — яна ведала яго ледзьве не на памяць і сыпала прымаўкамі направа і налева. Як афрыканская бабка. Прымаўкі заўжды зьляталі зь яе вуснаў у арыгінале — калі Каштанка была ў гуморы, яна перакладала нам, што значаць усе гэтыя таямнічыя словы, а калі не — зьдзекліва сьмяялася. Сабе на ўме была дзеўка. І мы нічога не маглі зь ёй зрабіць.

Хіба засьмяяцца разам зь ёй.

“Нье ка ма: ло мбоко!”

Гэта значыць: ой, не магу, сказаў шымпанзэ, давячыся ад сьмеху.

Такія ў іх, кунду, прымаўкі.

Не паверыў бы, калі б не пабачыў кнігу. Каштанка прынесла яе на адну з нашых сустрэч. Дала пагартаць — і праўда, кніжка была што трэба.

“Дай пачытаць”, — папрасіў Козьлік.

“Мбэе эсі фо ла”, — сказала, хаваючы сваю кнігу, Каштанка. Што значыла: а гаршчэчак не наеўся. Так кажуць маці кунду, калі дзеці просяць яшчэ салодкага.

Яе бацькі, інтэлігібэльныя інтэлігентныя ін­тра­­вэртныя інтэлектуалы, беларускамоўныя пры­хіль­нікі дэмакратычных каштоўнасьцяў, кожны год бралі яе з сабою ў Бэрлін. Вось якія дзеці пайшлі... Яна расказвала пра Бэрлін так, што я яе нена­ві­дзеў. Шаснаццацігадовыя, а швэндаюцца па замежжах так, нібы мы даўно ў Эўразьвязе. У яе ўзросьце я сумняваўся, што ў маім жыцьці мне хаця б на дзянёк удасца вырвацца ў Эўропу, ня кажучы ўжо пра Амэрыку.