Выбрать главу

“Дык ты ў Бэрліне купіла свайго кунду?”

“Я называю гэта: Кніга. Вось так, зь вялікай літары: Кніга”.

“Кніга — гэта вось. Слоўнік Бальбуты. А ты лепш бы ў тым Бэрліне шмотак купіла, — сказаў Козьлік. — Ходзіш абы ў чым. У школе, відаць, зь цябе ржуць”.

“На сябе паглядзі, — я тыцнуў Козьліка ў голае калена. — Хіпстэрок”.

“Так, аднойчы раніцай я гуляла па Бэрліне, па Кудам, і купіла Кнігу... — Каштанка задумалася і прачытала нам з тэлефона:

“Бэрлін. Учора я купіла Кнігу. А на што яшчэ можна патраціць грошы ў Бэрліне ў наш час? Усё гэтакае і растакое, што некалі меў гэты горад, усё, чым ён мог спакусіць раней, усё, чым ён зьдзіўляў, раздражняў, раніў, усё, чаму прымушаў зайздросьціць, мы даўно ўжо маем. Дзякуй. У нас тыя самыя крамы і тыя самыя кошты, тая самая стома і тая самая прага валодаць, якую некалі так карцела прыме­раць на сябе: ці ўмеем мы так прагнуць? Ці зможам мы спажыць столькі і не падавіцца? Як высьветлілася, зможам. Мы ўлезьлі ў бэрлінскія стандарты і шчасьліва ўсьміхнуліся свайму адбітку ў люс­тэрку. У нас тая самая спустошанасьць і тая самая ілюзія вечнай непаўнаты, тая самая ліхаманка­васьць рухаў і тыя самыя страхі. Тыя самыя густы і тыя самыя праблемы з выбарам. Wir sind Berliner. Калі я кажу гэта, дык уяўляю, ясная рэч, тыя самыя прысмакі, ад аднаго выгляду якіх некалі круцілася галава. Мы — бэрлінэры. Людзі-­пончыкі з шакалядным, яблычным і абрыкосавым начыньнем. Прадаемся ў найбліжэйшых “Суседзях” па шэсьцьдзесят капеек. Купі нас. Wir sind Berliner.

З жаданага, жывога, патрэбнага, нянаскага ў Бэрліне засталіся хіба музэі, але іх ня купіш, не прывязеш дамоў і не павесіш на сьценку. Музэі — і яшчэ кнігі.

Тое, што і як мы чытаем, мае свае прычыны і наступствы. Калі ты купляеш кнігу, то знаходзішся ў палоне ілюзій, што яна табе цікавая, то бок адпавядае нейкім тваім інтарэсам. Насамрэч часьцей за ўсё гэтыя сапраўдныя прычыны і наступствы недасяжныя для нашага разуменьня — прынамсі, спачатку. Часам мы ўсьведамляем іх і жахаемся свайму адкрыцьцю, але гэта адбываецца значна пазьней. У большасьці выпадкаў так і застаецца таямніцай, навошта ты ўзяў у рукі тую ці іншую кнігу. Няўжо ты такі дурань, што можаш купіцца на прыгожую вокладку, мілагучнае імя, настойлівую анатацыю? Няўжо кнігу можна здабыць выпадкова?”

“Дык ты пісьменьнік...” — засьмяяўся Козьлік.

Я строга паправіў яго — у бальбуце трэба ўжываць фэмінітывы. Не nataln, а natalinga.

“А ты — проста Козьлік, — сказала Каштанка, якая імгненна пераняла маю звычку так яго называць. — Які ты мілы козьлік. Я правільна ўжыла казьлянятыў?”

І яна паглядзела на мяне нявінным позіркам чалавека, які зноў, трэці раз на дзень зьбіраецца саграшыць з марозівам.

Яна так хутка пачала размаўляць на бальбуце, што я яе запаважаў. У дзяўчынкі былі здольнасьці... А вось Козьліку Каштанка зь першага ж знаёмства прыйшлася неяк не даспадобы. Ён увесь час няўмела спрабаваў яе патроліць — але, здавалася, ёй было хутчэй забаўна слухаць гэтыя хлапечыя падколкі. Магчыма, ён раўнаваў — і колькі б я яму ні тлумачыў, што нас ужо трое (трое, Козьліку! Менш чым за год! Такім тэмпамі бальбута захо­піць сусьвет!), паміж Козьлікам і Каштанкай часта ўзьнікалі хуткія і бязглуздыя спрэчкі. Даводзілася ўключаць сілу сваіх ОО, даводзілася быць суворым і справядлівым. А бальбута ня надта прыстасаваная да такіх рэчаў, як строгасьць, дысцыпліна, закон і суд.

“Ты першая жанчына ў сьвеце, якая гаворыць на бальбуце”, — павіншаваў я неяк Каштанку, спа­дзеючыся на тое, што яна заганарыцца, расьцьвіце, пачырванее.

“А ты першы мужчына, які прыдумаў нешта вартае ўвагі”, — адказала яна, не міргнуўшы вокам.

Яна казала мне “ты”. Гэтая дурнічка казала мне ты. Калі яна была ў гуморы, дык называла мяне “ОО”, а калі злавалася — не называла ніяк.

“А марозіва?”

“Я думаю, яго прыдумалі жанчыны. Афрыканскія жанчыны”.

“Тваё марозіва белае, — сказаў Козьлік. — Так што ўсё роўна ты расістка. Белае, салодкае, гетэрасэксуальнае, і ты яго ліжаш”.

Гэта мне не спадабалася. Ён так і сказаў на бальбуце, спалучыўшы яе словы ня самым удалым чынам:

“Tau izimoje pajuta oviloje, tau ne amiluzu sutima onoje tviutіma, oviloje, azurkoje ismakutima, amiluzu onkuru onoje seksutima, tau fuzu pajutima nau”.