Я пастараўся перавесьці размову ў іншае рэчышча. Скіраваць іх на працу. Я ня ведаў, што мне зь імі рабіць. Бальбута выходзіла з-пад кантролю — і толькі ад мяне залежала, ці мае гэта небясьпеку для кагосьці з нас.
Мы даручылі Каштанцы працу над адным з разьдзелаў нашага слоўніка — лексыкай, зьвязанай з флёрай і фаўнай. Вырашылі паглядзець, ці дасьць яна рады. Да таго ж яна хадзіла ў гэтую сваю школу — нельга было загружаць яе працай, як дарослую. Каштанка ўзялася за працу з імпэтам, а я ўсё мацней адчуваў, што хачу, зусім не па-даросламу хачу, каб яна аддала перавагу маёй мове і забыла гэтых сваіх улюбёных напаўфантастычных кунду. Пакуль што бальбута ёй падабалася — але ці не было гэта проста дзявочым капрызам? Вядома, калі ведаеш нейкую кніжку на памяць, хочацца пачаць іншую, але тая, якую ведаеш — яна нібы першае каханьне. Не забываецца. Я ўсяляк імкнуўся схаваць, што мяне злуе, калі сярод шляхетных гукаў маёй бальбуты яна ўстаўляе ўсе гэтыя афрыканскія выгукі, усе гэтыя “мбэ” ды “нго”... Але вырашыў нічога ёй не казаць. Няхай яна забудзе сваіх чорных бэрлінскіх кунду сама. Вядома, яе любімыя прымаўкі і на мяне зрабілі ўражаньне — я не чакаў, што нейкае афрыканскае племя валодае такім наборам фразэмаў, да таго ж па духу нічым не адрозным ад нашых народных, крынічных, сялянскіх моўных скарбаў. У нашых народных прымаўках былі ваўкі, сабакі, кані, мядзьведзі — у далёкіх кунду леапарды, дзікабразы ды антылёпы, але ўсе яны былі братамі і сёстрамі з падобнымі характарамі. А я прыдумаў бальбуту ня дзеля брацтва ці сястрынства.
А навошта?
Пакуль я думаў, навошта, нас стала ўжо трое.
А там, дзе трое, можа сасьпець змова ці здрада.
Ясная рэч, Каштанка, што б яна там ні казала і якімі б пагардлівымі мурынскімі слоўцамі ні плявалася, дужа ганарылася, што належыць да самага што ні ёсьць таемнага таварыства. Яна была такая, як мы — усьведамленьне таго, што яна валодае сакрэтам і можа гаварыць на мове, пра якую ніхто не падазрае, нібы асьвятляла яе знутры і было прадметам яе неверагоднай гордасьці. Але надта яна ўжо была разумная. Да таго ж дзеўка. Я ня верыў, што дзеўкі ўмеюць захоўваць таямніцы. Толькі мужчыны валодаюць навукай трымаць рот на замку.
Здаецца, я пачаў яе трохі баяцца.
І быццам насуперак гэтаму страху, быццам каб падражніць мяне, нашыя размовы ў сеціве нязьменна сканчаліся дамоўленасьцю сустрэцца каля “Шчодрага”. Каштанка брала марозіва, двайную порцыю, я — гарэлку, што здымала страх, а Козьлік — сваё піва. Як я выглядаў побач зь імі? Як бацька? Магчыма. Я спадзяваўся, што гэта так. Пакуль ня здарылася непапраўнае.
Мы сядзелі каля “Шчодрага” і абмяркоўвалі Каштанчыну працу (за месяц яна зрабіла неверагодна шмат — што значыць маладосьць), калі раптам пачулі аднекуль з залітага апошнім сонцам пераходу:
“Каштанка!”
Тады мы ня ведалі, што яе можна так называць. Што яна адгукаецца на гэтую мянушку. Мы называлі яе... А ніяк не называлі. Таму ўмомант адчулі палёгку, ад якой самі зьдзівіліся. Каштанка. Так проста. І так пасуе.
Было відаць, што самой Каштанцы гэты вокліч радасьці не прынёс.
“Блядзь, — сказала яна ціха і паморшчылася. — Гэта Буня”.
А да нашага століка, недаверліва ўзіраючыся ў Козьліка і з апаскаю — у мой няголены твар, ужо набліжаўся добры моладзец, стрыжаны паводле апошняй моды. Шырокі ў плячах (двух Козьлікаў не хапіла б, каб скласьці аднаго такога маладзёна), са сківіцай прадаўца спорттавараў, у яркай кашулі і маднявых штанцах. Карацей, стандартны буня.
“Привет, — ён падышоў да Каштанкі і нахіліўся над ёй, абхапіўшы аберуч крэсла. — Здравствуйте”.
Здравствуйте — гэта было мне. Я змрочна кіўнуў. Козьлік ня ведаў, куды падзець свае лапы. Каштанка сьцепанула плячыма.
“Привет, Буня”.
“Станислав, — ён працягнуў руку мне, а потым, ашчэрыўшыся, Козьліку. — А это кто с тобой?”
“Тебе дело, Буня?” — Каштанка, удаючы спакой, даядала марозіва.
“Я тебя с ними уже третий раз вижу. Дай, думаю, подойду, познакомлюсь. Каштанка, ты чего вчера убежала? Я тебя весь вечар искал. И чего ты трубку не берешь?”
“Я тебе говорила, чтоб ты за мной не ходил? А, Буня?”
“Не, ну чего ты в самом деле. Я поговорить хотел, — сказаў Буня пакрыўджана. — Они что, иностранцы? Я слышал, как вы говорили”.
“Это Олег Олегович, мой репетитор, — раздражнёна сказала Каштанка. — А это мой друг, Козлик”.
Козьлік пачырванеў.
“Козлик? — Буня зарагатаў. — Извини, брат, не смог сдержаться. Хорошая у тебя фамилия. Или это она придумала? Каштанка у нас, по ходу, любит клички давать. Знает, что ничего ей за это не будет. Пока что”.
“Шел бы ты, Буня, по своим делам”, — Каштанка аблізала палец.