Выбрать главу

“Хороший у тебя репетитор, я смотрю, — Буня павольна дакрануўся да майго плястыкавага кубка, дзе плавалі мае другія сто грамаў. — А что репетируете? Чему учитесь?”

“Тебе дело? Давай, Буня, быстрым шагом, — прамовіла Каштанка, і вочы яе бліснулі. — У тебя ж бизнес, все дела”.

На выгляд Буню было гадоў дваццаць. Ён падумаў — і ў ягоных раскосых, прыгожых вачах зьявіўся сумнеў.

“Ладно, — ён адпусьціў крэсла Каштанкі, выпрастаўся. — Я только другу твоему, Козлику, кое-­что сказать хотел. На два слова, брат”.

“Не пайду я нікуды, — нечакана гучна і абурана сказаў Козьлік. — Кажы або зьнікні. Астапізьдзеў ужо”.

“Ого, — Буня падышоў да яго. — Беларуская мова. Паважаю. Мова нанова, пагоня, галерэя У. Толькі ў сэрцы трывожным пачую... Нармальна. Я тожа магу. Таксама магу па-беларуску размаўляць. Слухай, Козьлік. Сябар. Каштанку не абіжай, дабро? Мы зь ёй сябры. Я яе кахаю. Зразумеў?”

“Ты что, бухой, Буня?” — Каштанка ўстала і ўзяла яго за руку.

“Ладно. Позвоню тебе сегодня. Репетируйте, только закусывайте, — Буня міралюбна паціснуў мне руку. — Да пабачэньня, Алег Алегыч!”

І ён сваім павольным, развалістым крокам пайшоў да парку, пару разоў абярнуўшыся і неяк тужліва выхопліваючы нашую тройцу з-пад ценю рыпучых парасонаў.

“Моке а бэке бэ моке... Не, ён нармальны хлопец, — сказала Каштанка і пералічыла грошы. — Не палезе. Але апрыкраў так, што хоць ты яму нагу зламі. Ходзіць за мной і ходзіць. Што яму ад мяне трэба? Сказала ж, Буня, ніякіх шанцаў”.

Козьлік гмыкнуў. А я сабраў са стала паперы.

“Ён за табой сочыць, — я зноў падумаў пра асьцярожнасьць і неяк ніякавата зрабілася, нібы сачылі за мной. — Ты што, ня бачыш? Каштанка!”

Яна ня слухала, мармытала нешта пад нос. Не на бальбуце, і не на кунду. Я не адразу зразумеў, што яна напаўголасу мацюкаецца.

“Каштанка!”

Яна страпянулася, паглядзела на мяне зьдзіў­лена.

“Табе пасуе”, — усьміхнуўся Козьлік.

Яна паказала яму кончык языка. Сінявата-чыр­воны, зьмерзлы. Козьлік адвярнуўся.

“Трэба прыдумаць іншае месца, — задуменна сказаў я. — А можа, і наогул пакуль што легчы на дно”.

9.

Некалькі тыдняў мы амаль не ліставаліся — а на пачатку лістапада слоўнік быў гатовы. Не скажу, што гэта мяне ўсьцешыла: бальбута нібыта набывала форму, але ці ішло ёй гэта на карысьць? Не, не ішло, і я наогул ужо не зусім разумеў, куды і што ідзе ў маёй гісторыі з гэтай дзіўнай мовай, што вырасла аднойчы з кубка, на дне якога цямнела астылая кававая гушча. Бальбута задумвалася мной як няспынная “ліючаяся форма”, якая ніколі ня мусіла застываць. Няўжо і праўда законы, іх законы, непазьбежныя, і мы ня можам паразумецца, не дамовіўшыся перад тым строга выконваць правілы? Бальбута нарадзілася як “каранёвая база” і збор нескладаных правілаў — слоўнік ставіў бальбуце ультыматум, ён загадваў ёй зрабіць выгляд, што яна існуе даўно і яе не прыдумалі, але ўспомнілі. Гэта быў загад падмануць. Бальбута на маіх вачах ператваралася ў езуіцкую гаворку, што вымагала ад нас траіх здраджваць і забіваць у імя разуменьня і веры.

Але што заставалася рабіць? Напэўна, гэта быў заканамерны шлях яе разьвіцьця. Адзіна магчымы. Неяк нам прыйшла ў галаву вар’яцкая ідэя — узяцца за пераклад на бальбуту Джойсавага “Уліса”. Мы нават падзялілі тэкст, нам з Козьлікам дасталася па шэсьць эпізодаў, Каштанцы як адзінай дзевачцы ў нашым таварыстве — чатыры. Вядома, гэта была толькі ідэя. Але я ня проста пага­дзіўся — я нават разьмеркаваў, хто за якія часткі возьмецца. Нібы нехта нашэптваў мне, што самы час паказаць, хто тут галоўны.

Не, мой аўтарытэт першага бальбутаніна, прарока бальбуты і яе імпэратара ніхто не аспрэчваў. І ўсё ж я разумеў — калі паслабіць хватку, калі не падтрымліваць у гэтых дваіх штодня полымя бальбуты, з часам мне застанецца толькі дымок і папялішча, на якім я буду сядзець адзін і аплакваць свой народ. Іх нельга было адпускаць.

Так што няпростым быў канец гэтай восені. Некалькі разоў мы сустракаліся ў нейкіх душных, набітых моладзьдзю піцэрыях — але хутка разьбягаліся, не вытрымліваючы шуму і марнасьці. Вяртаючыся дахаты, я кожнага разу мучыўся і ня мог зразумець: я адначасова дакараў сябе, што паддаўся спакусе і сабраў нас усіх, і шкадаваў, што мы пасядзелі так нядоўга. Як толькі мы разьвітваліся — я пачынаў сумаваць па маіх бальбутанах, як толькі сустракаліся — зь нецярплівасьцю чакаў, калі ж нарэшце можна пайсьці дамоў і ня бачыць іхных юных і таямнічых твараў.

Мяне ўратавала Франсуаза Дарлён — яе твар, поўны pajuta, яе паўзаплюшчаныя okutika pajutima і яе незразумелыя тэксты, у якія я ўзіраўся ашалелымі вачыма сярод ночы, голы і пракураны так, што ў мяне нават валасы пад пахамі пахлі нікатынам. Я лавіў сябе на думцы, што хачу, каб у гэтых яе вершах сапраўды не было ніякага сэнсу. Каб мая здагадка выявілася правільнай.