А яшчэ я адчуваў зайздрасьць да юрлівай вар’яткі Франсуазы. Даўно памерлай Франсуазы зь яе даўно згнілым у парыскай зямлі сабакам. Магчыма, там, дзе спачыў гэты дог, перад сабачымі вачыма якога адкрываліся такія магчымасьці, цяпер стракатая арабская крама. Ці кот д’івуарская. Ці банглядэская. Зрэшты, ці існаваў той дог насамрэч? І ці праўда так ужо любіла Франсуаза ўладкоўваць яго між сваіх караткаватых ног? Ці гэта была проста фантазія добрапрыстойнай дамы, якая так добра ўмела маляваць сама сябе з дробных завітушак і мушыных кропак?
Зайздрасьць. У Франсуазы Дарлён сапраўды атрымалася прыдумаць мову, якую ніхто так і ня здолеў зразумець. Мову толькі для сябе. Я думаў, што бальбута атрымаецца такой самай. І вось на табе. Давялося дзяліцца. Цяпер я для іх — гэта заўжды я плюс мая мова. Пакуль я існую. Мяне ня стане — а бальбута застанецца. І яны зробяць зь ёй усё, што захочуць. Па праве маладых. Іхным неад’емным праве.
Я чуў, як варушыцца мая рэўнасьць — ува мне, глыбока, як у ложку, накрыўшыся з галавой і дыхаючы. Удаючы сон.
Ну так, Верачка.
Верачка мяне не пакідала.
Верачцы трэба было нешта падараваць на Новы год. Мінулым разам я проста пакінуў для яе на стале кветкі. Узяла. Шкляны слоік пасьля таго яе візыту стаяў пусты, вымыты, ніякіх сьлядоў. А побач ляжаў яе падарунак мне. Тая кашуля, якую я цяпер нашу, амаль не здымаючы. І калі я часам адчуваю — у самых розных месцах — што Верачка недзе блізка, і пачынаю задыхацца, і ногі мае сьцюдзянеюць, і рукі пачынаюць дрыжаць, я амаль упэўнены: гэта ўсё кашуля. Яна падаравала мне яе, каб ведаць, кожную хвіліну ведаць, дзе я знаходжуся. Таму я не здымаю гэтую сінюю кашулю. Я не хачу злаваць Верачку. Хто ведае, як яно ўсё складзецца, калі Верачка мяне кіне. Наўрад ці як у кіно.
Неяк у канцы лістапада я сустрэў каля “Шчодрага” Буню. На шчасьце, я быў адзін (залегчы на дно, як высьветлілася, аказалася правільнай ідэяй). Стоячы каля дзьвярэй (столікі, вядома, даўно прыбралі і на месцы, дзе мы любілі сядзець, цяпер пеніліся толькі дажджавыя пляўкі), я піў каву і курыў сырую, крывую цыгарэту — а тут з-за павароту вылезла раптам ярка-аранжавая куртка, з тых, якія я ненавіджу, і знаёмы твар сунуўся да мяне, ухмыляючыся:
“Здрасьце!”
Я пагардліва кіўнуў.
“Ну как, репетируете? Как успехи? — Буня бачыў, што я не хачу зь ім размаўляць, і ўсё ж спыніўся, прыціснуў мяне да сьцяны. — Да ладно, Олегыч, я знаю, што вы с Каштанкой и с этим козлищем по городу бегаете. Или с вами тока на беларуском говорить надо? Я могу...”
Ён усё ўхмыляўся. Ён сам быў зьбянтэжаны. Ён таксама мог бы быць маім сынам.
Я дакурыў, адным глытком дапіў каву і рушыў у абход аранжавай курткі. Ён зрабіў выгляд, што хоча загарадзіць мне дарогу, але адразу ж адступіў.
“Берегите себя, Олег Олегыч!” — пачуў я за сьпінай. — Беражонага бег беражэ!”
Пра сустрэчу з Бунем я нікому не расказваў. У Каштанкі ад гэтага сапсаваўся б настрой — яшчэ пачала б разьбірацца са сваім абрыдлым ухажорам, каб абараніць нашае таварыства. А Козьлік пачаў бы зноў ва ўсім абвінавачваць Каштанку — маўляў, калі б мы яе не ўзялі, дык ніякага Буні не было б. Проста не існавала. Козьлік напісаў мне неяк, што пакуль у жыцьці ёсьць мовы і кнігі, людзі не нясуць у сабе небясьпекі. А варта пачаць блытаць мовы і кнігі зь людзьмі, што размаўляюць і пішуць — вось тады і праўда: пішы прапала.
“Прапала,” — адказаў я яму. Бо і праўда: Каштанка была з намі, добра гэта ці не, і мы нічога ўжо не маглі зрабіць зь яе існаваньнем. Яна ведала бальбуту — а значыць, мусіла быць побач. Не маглі ж мы прымусіць Каштанку яе забыць.
Слоўнік атрымаўся на сем тысяч словаў. Вядома, на “Уліс” гэтага не хапала — але згодна з тэорыяй Козьліка, у працэсе перакладу лексычны запас бальбуты мусіў павялічыцца ў пяць разоў. Так што задача была ня толькі велічнай — але і рэалістычнай. Гэта надавала нам сілаў.
І вось неяк у пачатку сьнежня, халодным, сырым вечарам з грубым ветрам і жменямі калючага дажджу, мы сустрэліся ўтраіх каля ратушы і пайшлі шукаць кавярню — але месцаў нідзе не было, а там, дзе былі, мы па нейкай негалоснай згодзе адразу вырашалі, што тут мы адчуваем сябе не ў сваёй талерцы. Чуючы, як мы балбочам на “інастраннам языке”, на нас азіраліся — і зноў хавалі позіркі ў талеркі: Каштанку гэта забаўляла, і яна сьмяялася — досыць непрыстойна, даводзілася ёй выгаворваць, а гэта была цяжкая для мяне роля. У нейкі момант я ўзяў яе за руку — яна ня вырвалася, толькі зірнула, ці ня бачыць Козьлік. Я разумеў, што трэба гэта спыніць — але пачуцьцё поўнага кантролю над імі ўжо апанавала мяне, цяпер я ведаў, куды вяду іх празь непагадзь.