***
Я назваў яе бальбута. Аднаму богу вядома, чаму.
А богам быў я.
Лінгваканструяваньнем я пачаў захапляцца яшчэ ў дзяцінстве.
Памятаю, мы з прыяцелямі выразалі з паперы фігуркі людзей, размалёўвалі іх і гулялі на падлозе ў дзяржавы: ваявалі, мірыліся, гандлявалі, прырасталі землямі — дывановымі сібірамі, горнымі хрыбтамі канапаў і іншымі каляніяльнымі ўладаньнямі. Трэба было абзавесьціся як мага большай колькасьцю народу: з-пад нашых нажніцаў на падлогу сыпаліся салдаты, сяляне, чыноўнікі, сьвятары, маракі, купцы. Больш за ўсё, вядома, мы любілі рабіць салдатаў: прыдумлялі ім абмундзіраваньне і зброю, знакі адрозьненьня, чыны і нават характары — для самых гераічных. Гульню прыдумаў я — і імгненна падсадзіў на яе астатніх, мы маглі поўзаць па падлозе гадзінамі, перамяшчаючы нашыя войскі і пасяленцаў, будуючы гарады і ўвесь час ведучы перастрэлкі і бітвы: тышч, тышч, тыдышч. Тысячы фігурак былі падуладныя нашым загадам. Нам было гадоў па дванаццаць-трынаццаць, эпоха кампутарных гульняў яшчэ не надышла, але мы атрымлівалі ад нашай забавы такі кайф, якога не адчуеш ад сучасных стралялак, аркадаў і стратэгій. Мы гулялі пасьля школы ў мяне дома, зроблены намі сьвет трэба было прыбраць да прыходу бацькоў з працы, інакш згортвацца даводзілася ў сьпешцы, пад нагамі ў дарослых, і можна было ў мітусьні забыць, якія на сёньня ў нашым сьвеце ўсталяваныя межы. Часам дарослыя прыходзілі раней і ўсё ж засьпявалі нас за гэтай групавой памарокай. Спачатку яны не зьвярталі ўвагі, што робіцца ў іх пад нагамі, але з часам нашая гульня пачала іх насьцярожваць. Пэўне, існавалі нейкія невядомыя нам бацькоўскія нарады. Бо бацяня аднаго з прыяцеляў, сустрэўшы неяк на вуліцы нашую кумпанію (мы акурат ішлі да мяне з поўнымі кішэнямі фігурак), спыніў нас і зь нейкай лагоднай лютасьцю ў вачах сказаў, гледзячы ў вочы не каму іншаму, а мне — і ўхапіўшы мяне вышэй за локаць:
“Слыш? Вы ж здаровыя хлопцы! Что вы херней маецесь? Шлі б уже дзевак ціскаць... Набухайцесь вазьміце, ілі там ня знаю, лбы себе паразьбівайце. Што вы ўсё па палу поўзаеце?”
“Папа, ідзі куда шол”, — прамармытаў мой прыяцель. Мы стаялі і сарамліва лыбіліся, ня ведаючы, што сказаць. Ён быў Папа. З правам караць ці мілаваць, з пляўкамі замест вачэй, пралетарскімі кулакамі, з пэнісам, перагарам, прынцыпамі. А мы былі ніхто, падлеткі з папяровымі цацкамі ў кішэнях школьных пінжачкоў.
“А ты бацьку рот не затыкай! Будзеш с нім і дальшэ поўзаць, не мужык із цебя палучыцца, а хуй бумажны!”
Ён сьціснуў маю руку яшчэ мацней. Ён быў выпіўшы. Ён лічыў, што мае бацькі абыходзяцца са мной недастаткова сувора. Але што ён мог зрабіць? Толькі адпусьціць мяне, залезьці да сына ў кішэню пінжачка і вытрасьці зь яго цэлы народ, салдатаў, вандроўных манахаў, палкаводцаў, купцоў, кавалёў — вытрасьці проста на асфальт, на які кагосьці нядаўна званітавала сьвежай смуроднай вясной, кагосьці вялікага, хто плыў цяпер па небе і ў каго мы ўжо трынаццаты год блыталіся пад нагамі.
Ён патаптаў фігуркі, умясіў іх у лужыну, гэты ўсёмагутны айцец, сапраўдны бог, не папяровы, на асфальце цяпер была брудная каша з фантазіяў ягонага сына, і ён меў поўнае права прымусіць свайго атожылка стаць зараз на калені і зьлізаць яе. Я глядзеў на гэтага бацьку, як загіпнатызаваны. Такая ўлада мяне захапляла. Ён заўважыў мой позірк, плюнуў і пайшоў прэч.
Цьвярозым ён мяне баяўся. І называў за вочы так: “этат бальной”. З павагай і пагардай адначасова — бывае і так. Мы жылі ў нядаўна пабудаваным мікрараёне на самым краі гораду, тут усе ведалі ўсіх, тут цяжка было мець таямніцы. Ён баяўся, што я заражу ягонага сына сваёй “балезьню” — сваёй папяровахуёвасьцю, сваёй папяровапаўзучасьцю, сваёй ненармальнай любоўю да кніжак.