Як я ўжо сказаў, ідэя гульні належала мне, прыяцелі зайздросьцілі і ўвесь час намагаліся неяк паўплываць на правілы, а мне гэта не падабалася. Таму часам мы падымаліся з падлогі і супрацьстаяньне працягвалася ў паветры — і ўжо не папяровыя людзі, а суворыя багі станавіліся адзін супраць аднаго, сьціскаючы кулакі.
І менавіта мне належала іншая ідэя: пачаць рабіць для гульні ня толькі папяровых салдатаў, манахаў і рабочы люд, але і жанчын. Што й казаць: над жаночымі фігуркамі мы сядзелі значна даўжэй, бо паспрабуй ты выражы ўсе гэтыя таямнічыя выгіны і кашэчыя абрысы, усе гэтыя карункі загадкавых целаў, прыдуманыя некім для нашага пакараньня, целаў, целаў, ад адной думкі пра якія пацелі далоні, балелі смочкі і ныла паміж ног. Варта руцэ дрыгнуць — і замест жанчыны маеш апухлую, бясформенную старую ведзьму. А старыя ня лічацца. У нашых гульнях наогул не было ні старых, ні дзяцей. Толькі здаровыя белыя папяровыя мужыкі, якія думалі пра забойства сабе падобных.
Якая ж гэта хвароба — быць хлопчыкам. Маё цела нагадвала мне тады веснавое дрэва. Я бачыў нешта роднае майму беднаму хлапечаму целу ў першых пупышках на гальлі, у тым, як ім увесну баліць распускацца, у іхным пушку і іхным ранішнім сакавіцкім стогне, які, здаецца, чуў толькі я сам. Якая ж гэта была пакута. Пакута трынаццацігодзьдзя. Бо фантазія ў нас тады працавала так, што не патрэбнае было ніякае порна, ніякія стымулятары. Аднойчы я ня вытрымаў і пачаў рабіць фігуркі аголеных кабетаў, усе заржалі і з палёгкай пачалі пераймаць мяне, а потым мы ляжалі жыватамі на сваіх імпэрыях і параўноўвалі, у каго што выйшла, мы валяліся на падлозе чырвоныя, як быццам з нас зьдзерлі скуру, і чамусьці не хацелася глядзець адзін аднаму ў вочы, і рабілася страшна, што зараз вернуцца бацькі і засьпеюць нас за гэтай гульнёй. Мы настолькі гэтага баяліся, што зьнішчалі жаночыя фігуркі пасьля кожнай гульні, і наступны раз іх трэба было майстраваць наноў. І мы майстравалі, апантана і няўклюдна — і больш не разумелі, хто мы: багі, рабы ці вар’яты, і гучна сьмяяліся, і лаяліся, і лезьлі на сьцены ад чагосьці невымоўнага, страшнага і непазьбежнага.
Аднойчы, пасьпеўшы зьнішчыць усе аголеныя фігуркі якраз перад прыходам бацькоў, я, седзячы з мамай і татам перад тэлевізарам, з жахам заўважыў, што адна фігурка засталася ляжаць пад канапай. Як я мог недагледзець яе, не заўважыць! Што будзе, калі мама знойдзе яе (яна прыбіралася часта, ледзь ня кожны дзень)... Я ўжо ня мог глядзець фільм, я думаў толькі пра гэтую забытую фігурку. А бацькі сядзелі побач са мной, як прыкаваныя. Зь цяжкасьцю дачакаўшыся, калі фільм нарэшце скончыцца, я доўга не сыходзіў з пакоя, але ніяк ня мог застацца адзін. Потым мяне паслалі на кухню па варэньне, затым бацькі выходзілі, але па адным, кожны раз па адным, я ніяк ня мог выбраць момант, каб схапіць тую злашчасную фігурку і схаваць у штаны. Я згараў ад сораму. Нарэшце застаўшыся ў пакоі без бацькоў, я палез пад канапу, але фігуркі там не было! Ніякай фігуркі, толькі чысьціня — і гэтая абсалютная чысьціня палохала мяне больш, чым любы скандал. Яна была там. Я яе бачыў. Куды яна падзелася? Адказ на гэтае пытаньне доўга не даваў мне спакою.
Пазьней, калі я ўжо быў цалкам сабе дарослым чалавекам і часам заставаўся дома адзін, я некалькі разоў не вытрымліваў і клаўся на падлогу, быццам шукаў тую згубленую жанчыну. Яе нідзе не было. Я браў нажніцы і паперу, і вакол мяне зноў вырасталі імпэрыі дзяцінства, мае салдаты, сяляне, жрацы няісных рэлігій, а я ляжаў з заплюшчанымі вачыма і маркотна прыслухоўваўся да сваіх адчуваньняў. Часам мне падавалася, што сэрца коле нешта знаёмае, я чакаў знаёмага, забытага ныцьця ўнізе жывата, ляжаў, баючыся спужаць мінулае, якое, я думаў, вось-вось прашмыгне міма па пустой кватэры — але ўрэшце прыходзіла толькі расчараваньне. Туды не вяртаюцца. Прынамсі, на самоце. Патрэбныя ворагі або саўдзельнікі, але ніхто ня здольны выклікаць іх з царства ценяў.
Пры чым тут лінгваканструяваньне, запытаецеся вы? Пры чым тут бальбута? Хіба яна нарадзілася ўжо тады? Вядома, не. Да бальбуты было яшчэ як да месяца.
Як заточанаму зубу алоўка да папяровага месяца.
Рэч у тым, што тады, падлеткам, гуляючы ў нашыя дзіўныя гульні і перасоўваючы па падлозе папяровыя фігуркі, я меў да прыяцеляў адно важнае патрабаваньне. Калі ўжо мы маем свае дзяржавы і народы, мы мусім прыдумаць ім мовы, нецярпліва тлумачыў я ім. Гэта падавалася мне такім відавочным: да сьлёз! — але, на жаль, толькі мне аднаму. Прыяцелі нехаця пагаджаліся, ды што толку: ім хапала двух-трох бязглуздых фразаў — чыста для дэкору, бессэнсоўных фразаў, якія яны самі ня ў стане былі запомніць. І калі я пачынаў іх распытваць, як будзе на іхных мовах сёе ці тое слова або выраз, вельмі хутка яны не вытрымлівалі. Я добра памятаю іхныя сіплыя распсыхаваныя галасы: я толькі гульню ім псую сваімі капрызамі. Цяпер я, канечне, усё разумею. Іх захапляла іншае: тышч, тышч, тыдышч, улада, стрэлы, войскі і голыя жаночыя фігуркі. Прыдумаўшы свайму народу пару словаў з галавы, яны лічылі, што гэтага цалкам дастаткова, і раздражняліся, калі я лавіў іх на жудасных неадпаведнасьцях моўнага ладу.