Іншага выйсця, як вярнуць страчанае, адшукаць згубленае і стаць на трывалую аснову духоўнасці, у грамадства няма. «Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу» — такая выснова гутарак А. Адамовіча з В. Быкавым, і пад такой назвай яны апублікаваны ў № 5,6 часопіса «Полымя» за 2001 г. Выснова роздумаў двух пісьменнікаў, сцяганосцаў Айчыны, засведчана і ў назве публікацыі, падрыхтаванай Верай Адамовіч.
Падзенне без пакаяння пасля сатанінскага тура
Імкненне адгарадзіцца — ці то ад дурасці, ці то ад жорсткасці, — заўсёды бессэнсоўнае… Даводзіцца або супрацоўнічаць, або змагацца… Судзіць падзею звонку немагчыма і амаральна.
А. Камю.
Летапісцы сучаснасці пры ўсёй іх рознасці, індывідуальнасці сыходзяцца ў адным — у разуменні таго, што бездухоўнасць у грамадстве дасягнула сваёй крытычнай масы і пагражае выбухам — духоўным Чарнобылем.
У паэме «Чорная быль» С. Законнікаў спрабуе асэнсаваць прычыны трагедыі, папярэджвае пра наступствы духоўнага Чарнобыля:
Адна з аповесцей кнігі I. Шамякіна «Сатанінскі тур» называецца «Падзенне». Сэнс назвы, асабліва ў кантэксце ўсёй кнігі, сімвалічны. Канкрэтная гісторыя маральнага падзення Рамана Юшкоўскага, былога трэцяга сакратара райкама партыі, а пасля развалу СССР — дзяржаўнага функцыянера (загадваў, як ён сам жартаваў, «камітэтам па развалу таго, што яшчэ не развалілі»), набывае шматзначны сімвалічны сэнс.
Развал, падзенне, маральнае здзічэнне, «выраджэнне ў ваўкоў», што адбываецца ў нашым грамадстве тут і цяпер, засведчана I. Шамякіным з уласцівай яго стылю пераканальнасцю і доляй інтрыгі.
Працэсы глабальнага значэння сфакусіраваны пісьменнікам на мікрасвеце адной сям'і Юшкоўскіх, у якой жыве ажно чатыры пакаленні. Словамі аднаго са сваіх герояў — пісьменніка Івана Андрэевіча, блізкага самому аўтару, гэтая сям'я названа «сям'ёй у поўным значэнні слова». Але асаблівую ўвагу Івана Андрэевіча, чалавечую і пісьменніцкую, прыцягвалі двое з гэтай сям'і: стары Юшкоўскі і жонка яго ўнука Галіна. Менавіта гэтыя двое і стануць ахвярамі, якіх першымі раструшчыць «сцяна абсурду».
Відавочна, што рупарам пісьменніцкага светапогляду і канцэпцыі, рэалізаванай у творы, з'яўляецца стары Юшкоўскі, якому 87 гадоў. Васемнаццаць гадоў Вялікі Дзед, як яго называлі ўсе ў сям'і, «загараў на магаданскіх маразах». Юшкоўскі, былы намеснік наркома, «не скардзіўся на свой лёс… Нават Сталіна гэты чалавек, які перанёс столькі пакут, не кляйміў так, як пасля дваццатага з'езда пачалі кляйміць усе, жук і жаба, выдаючы сябе мудрымі палітолагамі». Стары гулагавец быў упэўнены, што «гісторыю нікому не закрэсліць! Яе можна ачарніць ці абяліць, і то ненадоўга, у вачах аднаго пакалення, не больш». На іранічную заўвагу сына, што Вялікі Дзед абараняе Сталіна, які яго «пасадзіў», адказаў: «Я не Сталіна абараняю. Сацыялізм».
Усё, што спрычынілася ў выніку развалу СССР, усведамляецца Юшкоўскім як трагедыя. «Антыхрыстам, князем цемры» з'яўляецца для яго «ён» — той, па чыёй віне, як лічыць Юшкоўскі, развалілася краіна: «Ён вядзе ўсіх слабых у тупік, у канцы якогапрорва… магіла, не брацкая. Брацкая — гэта калі гінуць за свабоду, за жыццё, а не даляры. I ён ёсць антыхрыст, князь цемры, прыходу якога заўсёды баяліся». Вярнуўшыся пасля дваццатага з'езда ў родную сям'ю, упершыню ўбачыў унука Рамана і здолеў выхаваць яго «ў крышталёвай сумленнасці».
Трагедыя, што прычынілася ў сям'і, звязана менавіта з Раманам, выхаваным «у крышталёвай сумленнасці». Спакусіўшыся на хабар, ён стаў нявольнікам і заложнікам, «хросным бацькам» нуварышаў, якіх так ненавідзеў Вялікі Дзед. Далей — болей. Пісьменнік засведчыў у траекторыі імклівага падзення загадчыка прамысловага рэспубліканскага камітэта і такі момант, як зусім не выпадковую выпадковую сувязь з Веранікай. Палюбоўніца аказалася хаўрусніцай нуварышаў і самай звычайнай прастытуткай. I як вынік — СНІД. Пасля аналізаў на СНІД жонка Рамана Галіна скончыла жыццё самагубствам. Перад трагедыяй яна наведала Вялікага Дзеда, так і не здолеўшы раскрыць яму сваю душу. «Боль разарваў сэрца» старога, калі зразумеў, што Галіна выкінулася з яго балкона. «Абедзве труны апусцілі ў адну магілу». Падзенне — такі канчатковы дыягназ стану людскіх душ, зроблены I. Шамякіным ва ўсіх аповесцях, сабраных у кнігу «Сатанінскі тур», а таксама ў аповесці «Без пакаяння», апублікаванай у часопісе «Полымя» (1995).
У аповесці «Без пакаяння» трагедыя нашага грамадства па прычыне бездухоўнасці паказана праз трагедыю дзіцяці, вымушанага сярод раскошы і сытасці некаторых «новых» калаціцца ад холаду і страху, зведаць голад і адважыцца ўкрасці батон. Хлопчык перад гэтым прасіўся на працу, каб зарабіць на хлеб і пакарміць хворую маці. Бізнесмен, жадаючы напалохаць злодзея, страляе шротам і трапляе ў вуха хлопчыка… Уцёкі забойцы ад пакарання магчымы, сцвярджае пісьменнік, але нельга ўцячы ад сябе. Самаапраўданне героя (яго ўнутраныя маналогі, успаміны складаюць большую частку твора) — спосаб даследавання аўтарам прычын таго, як былы камсамольскі функцыянер дайшоў да забойства дзіцяці.
Пазіцыя пісьменніка відавочная і непрыхаваная. Даследуючы іншыя выявы зла ў кнізе «Сатанінскі тур», I. Шамякін лічыць, што такое падзенне і вар'яцтва сталі магчымымі толькі ў выніку перабудовы і дэмакратызацыі, да якой грамадства было не падрыхтавана. Перабудова стала той бесчалавечнай сітуацыяй, якая і справакавала самыя мярзотныя якасці людзей, справакавала людзей на нялюдскасць. Перабудова — тая сітуацыя, калі магчыма здзяйсненне прынцыпу «лаві момант»: усе вакол хапаюць, рвуць — спяшайся і ты!
З такой высновай можна было б пагадзіцца, калі б пісьменнік даследаваў яшчэ і прычыну прычын. Мярзотнасці людскія, што драмалі да пары да часу, назапашваліся і выпешчваліся той сістэмай, якую (і гэта нельга адмаўляць) апяваў і ўслаўляў I. Шамякін у многіх сваіх творах. Так, ён, безумоўна, з уласцівым яму майстэрствам паказваў і канфлікты, што былі ў камуністычным мінулым, аднак гэтыя канфлікты заўсёды вырашаліся майстрам белетрыстыкі на ўзроўні перамогі дабра над злом. А калі так вырашаюцца канфлікты ў грамадстве — яно чалавечнае, справядлівае, а лад жыцця і абставіны маюць права на існаванне, бо, сапраўды, і канфлікты, і зло ёсць нават у самым пажаданым грамадстве. Не страшна, калі ў жыцці ёсць зло, страшна — калі яно ваяўнічае, калі «няпраўда праўду акілзала і едзе людскасці на спіне», як пра тое даводзіў яшчэ Купала вершам «Разлад».
Пісьменнік жа Іван Шамякін не хацеў бачыць, што ў апетым ім грамадстве выпешчваліся «свінтусы» да памераў «грандыёзусаў», што чорт «загаціў пекла да варотаў», і зло, прарваўшы ўсе шлюзы, хлынула і ў наша жыццё, і, на жаль, у нашы душы. Мы сёння не толькі назіраем «сатанінскі тур», сатанінскі баль зла, але (і ў тым трагедыя нашага грамадства) вымушаны быць на тым балі, так ці іначай, але быць. Толькі ж заўсёды ў чалавека ёсць выбар хаця б на тым балі не танцаваць — застацца чалавекам. Не паехаць, не ўдзельнічаць у «сатанінскім туры».
Герой аповесці «Сатанінскі тур» сілай абставін вымушаны быў на яго згадзіцца, хоць жонка сэрцам чула бяду, не хацела таго тура. Узнікла сітуацыя (дарэчы, жыццёвая, апісаная на старонках прэсы), пры якой удзельнікі камерцыйнага тура ў Польшчу некалькі дзён (у спеку!) вазілі з сабой труп аднаго з удзельнікаў тура, бо не хацелі вярнуцца, калі здарылася трагедыя, — каб не цярпець страт. А пра страту сваіх душ мала хто думаў, а тыя, што і падумалі, аказаліся ў меншасці. Нясіла дабра заўсёды ператвараецца ў зло.
Кожны па жыцці нясе свой крыж. I ў кожнага ёсць выбар. Чалавек заўсёды вызначаецца выбарам. Зрабіў свой выбар і Стах — галоўны герой аповесці А. Кірвеля «Гон». Ён таксама падпілаваў свой крыж, каб лягчэй было ісці: стаў целаахоўнікам Арнольда і слугой д'ябла. Перад смерцю прыгадаў: не раз раструшчваў людзей, як і птушанят у гняздзе. Цыганка прадказала яму смерць ад пчол. Паралізаваны пасля ранеНня Стах пачаў вяртацца да жыцця. Каханне, што сустрэў тут, у бальнічнай палаце, аказалася сілай, мацнейшай за ўсе лекі. «Пчолы» прыляцелі якраз у той момант, калі асабліва захацелася выжыць. Прыйшлі «сябры», «клапатліва» вывезлі нямоглага на калідор, каб паветра даць яму болей, а тры «пчалы», выпушчаныя кілерам з дома насупраць, амаль нячутна ўпіліся ў маладое цела.