Выбрать главу

На жаль, не кожны здольны тут і цяпер убачыць, што будзе потым, якімі будуць наступствы яго цяперашніх слоў і дзеянняў ці, наадварот — маўчання і пакоры. Народная мудрасць сцвярджае: час пакажа, час усё рассудзіць; час — найлепшы лекар. I сапраўды, тое, што чалавек лічыць самым галоўным і важным у дадзены момант, дзеля чаго высільваецца, з цягам часу можа стаць мізэрным, дробязным, не вартым увагі. Тое, што сёння цешыць і радуе, у будучым можа стаць прычынай трагедыі; тое, што засмучае, праз нейкі час прыгадаецца з усмешкай, а можа нават і выйсці на дабро. Нездарма ж у народзе кажуць: няма таго ліхога, каб не вынікла на добрае.

Ёсць у народзе яшчэ адна мудрая перасцярога: ніколі не гавары «ніколі». Чалавек да пары да часу — таямніца, загадка не толькі для іншых, але найперш для самога сябе. Ён не можа сёння гарантаваць менавіта такія, а не іншыя паводзіны ў экстрэмальнай сітуацыі, якая здарыцца заўтра.

Паводзіны чалавека ў сітуацыі выбару і ў час пік — люстэрка, у якім ён бачыць нарэшце бервяно ў воку сваім, як некалі бачыў сучок у воку брата свайго. I толькі ў такі час і ў такой сітуацыі адкрываецца чалавеку ўся глыбіня і мудрасць аднаго з законаў вечнасці: не судзі!

Якія высновы, здабыткі, урокі вынесе чалавек, убачыўшы сябе ў люстэрку, — залежыць зноў жа толькі ад яго самога. Іншага, на жаль, і ўбачаная ў люстэрку ўласная выява не мяняе да лепшага. Быкаўскі герой Сурвіла з апавядання «Жоўты пясочак» так і памірае з цвёрдым перакананнем у сваёй выключнасці і невінаватасці.

Высокае неба ідэала ззяе над тым, хто ўстаў і ідзе, хто, адмаўляючы, сцвярджае, хто пераглядае каштоўнасці ўласнай душы, хто сумняваецца. Каго вучыць і мяняе да лепшага час, — тая душа жыве!

Чалавеку не дадзена ведаць, што будзе заўтра, але ад чалавека ў многім залежыць, якім яно будзе. Памяць пра будучыню — самая мудрая памяць чалавека.

«Мінулае вучыць нас, як жыць сёння» (1) (Ян Баршчэўскі)

Найбольшае зло ў нашым жыцці — спрадвечнае наша бяспамяцтва.

В. Быкаў.

Ёсць старая, як свет, ісціна: мінулае павінна вучыць нас, як жыць сёння. I хто гэтага не ўсведамляе, асуджаны на нябыт. Пароль неўміручасці, гарантыя і падмурак будучага — памяць пра мінулае, веданне яго. Галоўны герой рамана М. Зарэцкага «Вязьмо» Сымон Карызна так усведамляе свой крах і трагедыю: «Няма мінулага ў мяне… разумееш? Будучыня — глупства, а галоўнае — мінулае… Звычайна кажуць іначай, а ў мяне, наадварот, акурат так… Няма на што абаперціся, каб ступіць у будучыню… Няма падставы, як кажуць, будучыні…»

«Знішчыць нашы ўсе сляды, каб не ведалі і ўнукі, хто такія іх дзяды» — такі «вір ашукі» ўсіх заваёўнікаў, што ішлі «мілы край наш зваяваць» (Якуб Колас). Любая таталітарная сістэма таксама ставіць на мэце «нашы скарбы апаганіць, душу вынесці на здзек». I вынішчэнне душы найперш пачынае з вынішчэння памяці народа, з разрыву самых моцных повязяў паміж вякамі і пакаленнямі.

«Хто згубіў памяць — згубіў усё», — папярэджвае нас У. Караткевіч. Даследчыкі сівой мінуўшчыны бачаць сваё прызначэнне, паводле слоў Караткевіча, у тым, каб нанава ствараць свой народ, у якога некалі, адбіраючы яго край, разбураючы яго гнёзды, адабралі і памяць. Памяць пра мінулае ёсць памяць пра будучыню.

«На гістарычных сюжэтах я стварыў сваю матрыцу будучага… Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам» — так пра сваё пісьменніцкае крэда сказаў сам У. Караткевіч. Ён «размаўляе» з намі пра многае. Яго кнігі — гэта кнігі не толькі і не столькі пра паўстанні, войны, змаганні, колькі кнігі пра годнасць і гонар, «о подвигах, о доблести, о славе», пра тое, што трэба жыць не прыніжаючы і не прыніжаючыся.

Мінулае ў кнігах У. Караткевіча вучыць нас, што гонар і годнасць чалавека ў тым, «каб быць незалежным з моцнымі, роўным з роўнымі, памяркоўным для ніжэйшых. У тым, каб быць добрым для жанчын, дзяцей, слабых, пераможаных. У тым, каб быць літасцівым да звяроў…».

Разам з Алесем Загорскім, героем рамана «Каласы пад сярпом тваім», і мы ўсведамляем, што ёсць самае страшнае, «страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце». Гэта — няволя, прыгон, бо яго выявай з'яўляецца рабская псіхалогія, а не толькі галеча і фізічнае вынішчэнне народа. Духоўнае вынішчэнне намнога страшнейшае. Не ўсведамляць гэта — знішчыць будучыню, бо «ў рукі галодных беднякоў будуць аддадзены ворагі ўсіх краін, бо прыніжаны будуць самыя магутныя». I адданне тое і прыніжэнне заўсёды адбываецца з «сякерай пры дрэве».

Рабская псіхалогія не толькі гне да зямлі перад моцным («Толькі б не пападалі на калені!» — думае Мусатаў, спатольваючы сваю прагу здзекавацца і прыніжаць гэтае «быдла»), Яна не толькі штурхае «заўсёды рахманага, паважнамаўклівага» на тое, «чаго ніхто не чакаў» ад яго. Яна вынішчае душу канчаткова, яна асляпляе нянавісцю настолькі, што раб гатовы знішчыць нават свайго збавіцеля. I са збавіцеля найперш пачаць вынішчэнне і помету. Захапляючыся смеласцю, адвагай Алеся Загорскага, прызнаючы яго высакароднасць і тое, што «цвэнькае» па-мужыцку, Корчак усё роўна некалькі разоў, як заклінанне, паўтарае: «Хай бы цябе забілі, князь». I ніякі довад, напамін пра тое, што менавіта Алесю Корчак абавязаны сваім выратаваннем ад злюцелага Кроера, на Корчака не падзейнічаў бы. Кандрат Когут слушна даводзіць, што напамін такі нават пашкодзіў бы, бо Корчак ганарысты: «Дагэтуль усім кажа, што смяротны Кроераў бой вытрымаў адзінай толькі сваёй жывучасцю. I раптам — на табе, панская ласка». Грыня Паківач перасцерагае Корчака: «Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць». Марная перасцярога: хто згубіў сваю памяць — згубіў усё.

Мінулае ў рамане не толькі вучыць, а папярэджвае пра вялікую небяспеку ўсталявання ўлады злюцелых рабоў. Грыня Паківач даводзіць, што Корчак, калі б стаўся панам, быў бы не лепшы за Кроера: «Няма горш, як з хама пан…» «Шэрым князем» назваў Корчака і Кандрат: «Каб табе ягоную (Алесеву) сілу — мы б праз тыдзень усплакаліся б. Крывёю сплылі». Бяспамяцтва, чорная няўдзячнасць і злюцеласць Корчакахама ўражвае, асабліва ў эпізодзе яго расправы з Раўбічам, з якога вырашыў пачаць «народную помету», каб падвысіць свой аўтарытэт «мсціўца». Стоячы звязаным перад Корчакам, церпячы ад яго жудасныя здзекі і ў думках падрыхтаваўшыся да немінучай смерці, Яраш Раўбіч душыўся ад бяссільнай лютасці: «Так па-дурному трапіць!.. Усе гады пакутаваць ад рабства радзімы, рыхтаваць закалат, амаль падрыхтаваць, пусціць сваіх на аброк, чакаць паўстання…» Яшчэ адна прычына дзікунскага намеру Корчака менавіта з такіх, як Яраш Раўбіч, пачаць «народную помету» — тое, што ў Раўбіча была зброя, шмат зброі. Бо рыхтаваўся дваранскі закалат супраць царызму, прыгону.

Хваляванне аўтара перадаецца і нам: ці змогуць зліцца дзве асобныя плыні, народ і шляхта, у магутным рэчышчы, каб знесці ненавісны царызм і прыгон? На гэтае пытанне адказала сама гісторыя: гэтыя плыні так і не змаглі аб'яднацца. Прыгоннае сялянства ў 1863 г. нярэдка выступала супраць паўстанцаў-шляхціцаў, не разумеючы іх мэт, не даруючы свае спрадвечныя крыўды. Гэта дазволіла Мураўёву-вешальніку хітра скарыстаць мужыкоў, абвясціўшы самую свядомую шляхту іх найпершым ворагам, пераканаць сялян, быццам шляхта была супраць адмены прыгону.

Мінулае вучыць нас, што рабства і давядзенне людзей да стану рабоў небяспечнае выключна для ўсіх, бо гэта глеба, на якой можа вырасці толькі кепскае дрэва. I «не можа дрэва кепскае радзіць плады двбрыя. Усякае дрэва, якое не родзіць плоду добрага, ссякаюць і кідаюць у агонь. I ўжо сякера пры дрэве ляжыць…». Невыпадкова гэтыя евангельскія словы сталі эпіграфам да другой кнігі рамана «Каласы пад сярпом тваім».