Выбрать главу

I ўсё ж неабходнасць рашаць, ці біць у адказ, узнікае, бадай, у кожнага. У хвіліны асляплення крыўдай і несправядлівасцю, што нам учынілі, мы добра помнім, што «сказана: любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго». Гэта мы чуем, гэта нам зразумела. Ёсць вайна свяшчэнная, а помета святая. Вось такую прыдумалі людзі «аздобу» самаму страшнаму, каб стала ўсё ясна і зразумела, каб біць не вагаючыся. I не чуем, што далей сказана так: «А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, дабраслоўце ненавіснікаў і праклёншчыкаў вашых, рабіце дабро крыўдзіцелям і ганіцелям вашым…» Цяжка такое зразумець, яшчэ цяжэй выканаць. Вельмі нямногія здольны, як герой апавядання «Ваўкалак» Яна Баршчэўскага, праз неверагодныя пакуты падняцца да ўсведамлення, што з усіх чалавечых заганаў «найбольш супярэчыць рэлігіі і агідная Богу — помста. Ёю не супакоіш пакуты». Не толькі не супакоіш, а памножыш новыя, бо зло спараджае новае зло. I самая страшная і згубная яго выява ~ вайна і варожасць паміж людзьмі. Яны вынішчаюць жыццё, а жыццё, як сцвярджае лірычны герой А. Вярцінскага, «даецца, каб жыццё тварыць, не руйнаваць, не нішчыць, а — тварыць!»

«Паўзуць яны, сілы гэтыя, у шэрую бронь адзетыя…» (А. Вярцінскі)

Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа вынішчаюць і дзе зладзеі падкопваюць і крадуць;

Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не вынішчаюць і дзе зладзеі не падкопваюць і не крадуць;

Бо, дзе скарбы вашыя, там будзе і сэрца ваша.

З Евангелля.

Не страшна, што ў свеце ёсць зло. Гэта не падстава для роспачы ці абурэння. Якую б гарманічную і справядлівую форму супольнасці ні прыдумалі людзі, зло будзе нават у ёй. Яно было, ёсць і будзе, як была і ёсць ноч, але за ноччу абавязкова будзе дзень. «Усё мінаецца», — напісана на пярсцёнку цара Саламона.

На свеце заўсёды будуць тыя, хто збірае сабе скарбы толькі на зямлі, а значыць, і сэрцы іх будуць там жа і будуць выпраменьваць зло. Не страшна нават, калі зла вельмі многа. Страшна, калі яго столькі, колькі дабра. Тады — разлад, развал, злом. «Дабро і зло ў аднолькай мерцы» — гэта войны («рака затоўчана крывёю»), незлічоныя ахвяры («удава заводзіць каля крыжа»), сацыяльная няроўнасць і несправядлівасць («адзін накраў — багацце ўмножыў, другі згалеў»)…

Яшчэ страшней, калі «няпраўда праўду акілзала і едзе людскасці на спіне» (Янка Купала). Гэта — баль сатаны і сатанінскі тур. Так бывае, калі дабро не проста пераможана, зрынута, але пастаўлена на службу злу, калі «аслу з напоўненай машною леў акаваны лапы ліжа». «Свінтус грандыёзус» Гарлахвацкі цынічна заяўляе, што ён «так тут зблытае карты, што свой свайго не пазнае», і тады ён зможа на спінах іншых «у вялікія вучоныя выехаць». Гэта ўжо зло ваяўнічае. I ўсё ж са злом лягчэй змагацца, калі яно відавочнае.

«На свеце трэба быць асцярожным» — адзін з лейтматываў кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…». Зло ў алегарычных апавяданнях паказана не толькі ў вобліку агідных пачвар, цмокаў, карузлікаў (фантазія пісьменніка неабмежаваная ў абмалёўцы зла), але вельмі часта яно надзвычай прывабнае, зманлівае, зіхоткае: «і ў міг вока стаіць пасярод пакоя кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці, на галаве і на ўсім адзенні зіхацяць дыяменты і каштоўныя камяні» («Белая Сарока»).

Страшнай сілай валодае зло ў белых адзеннях, у авечай шкуры, перасцерагае пісьменнік. Яно вабіць, захапляе, бярэ ў палон, нішчыць волю і пачуцці, «святыя думкі блоце», як пра тое даводзіць і Янка Купала ў вершы «Разлад». Ян Баршчэўскі на канкрэтных прыкладах паказаў, як здольна такое зло зблытаць «святыя думкі». Каханая, пра якую так марыў, жыць без якой не мог, становіцца Альберту ўжо непрывабнай: ён убачыў у ёй тысячу заганаў.

Менавіта зло ў белых адзеннях прагне валадарства не адной, а ўсімі душамі. Белая Сарока прыслала Скамароху вялізны мех золата, «каб быў верны сам і іншых знайшоў, адцаных ёй», здольных пайсці ў шырокую браму, што вядзе да пагібелі.

П. Панчанка вершам «Мала сказаць: ненавіджу…» папярэджвае, што зло «хітра маскіравацца вучыцца спрытна штодня». Яно бярэ на ўзбраенне дэвіз дабра «з ворагам біцца і выжыць, нібы салдат у баю» і кіруецца ім у барацьбе з праўдай, святлом, якія для зла найпершыя ворагі.

Выявы зла бываюць самыя разнастайныя. Іранічна, здзекліва-сатырычна паказаў Ядвігін Ш. у байцы «Дачэсныя» розныя выявы зла: сацыяльную несправядлівасць, няўдзячнасць, азвярэласць, рабунак, ашуканства, «мудрахітрыя пастанаўленні», дыктатуру, сутнасць і якасць улады, якую «паднялі з гразі», і тых, хто такую ўладу падняў… Пісьменнік пераканальна паказаў небяспеку давядзення грамадства да такога стану, калі яго можна завесці ў лес, абудзіўшы самыя нізкія інстынкты і пачуцці, у лес, дзе правяць воўчыя законы, галоўны з якіх — закон сілы. Леў навучае ваўкоў: «Не перабіраючы, што і чыё, хапайце і ешце». Рабуй нарабаванае, жыві ў лесе, дзе правіць закон сілы. I сталіся ўжо гэтыя, некалі сумленныя, ваўкі самі дачэснымі гаспадарамі. Сталася тое, што расійскі паэт Ігар Губерман вызначыў з выключнай дакладнасцю:

Боюсь, как дьявольской напасти, Освободительных забот: Когда рабы стоят у власти, Они куда страшней господ.

Леў і ёсць увасабленне разбуральнай сілы, здольнай абудзіць нізкае ў іншых, арганізаваць іх і маніпуліраваць імі ў сваіх мэтах; давесці грамадства да стану, калі «свой свайго не пазнае». Усё — дзеля таго, каб «паміж згоднай даўняй воўчай сям'і пачаліся звадкі, завялося шальмоўства»… Каб «загаціць пекла да варотаў», каб машына набірала свае шалёныя абароты, у яе трэба падкідваць паліва. Вось леў і прыдумаў для ваўкоў «даўгавечную карову», якую яны будуць даглядаць усе па чарзе. I ваўкі «не толькі малако дачыста сцягнуць, але ціснуць, ажно пакуль да крыві не дабяруцца». Кожны, хто яе даглядае, «ціхачом, а хоць кавалачак і лыткі з беднай жывёлы ўрве».

Многія пісьменнікі, як і Ядвігін Ш., пераканальна паказалі сілу зла, надзеленага ўладай. Ян Баршчэўскі настойліва даводзіць, што прычына ўсіх людскіх няшчасцяў на гэтай чароўнай і багатай зямлі — хцівасць, зайздрасць, бяздушнасць уладароў, іх дурасць і прага раскошы. «О! Калі б той пан Гугон (д'ябал) у сваім жыцці на гэтым свеце быў судцзёю, сакратаром або іншым якім чыноўнікам, дык што б рабілася?» А рабілася б тое, што апісана ў апавяданні «Кот Варгін»: «Гнеў яго быў страшны, жорстка і часта без усялякае віны караў… апрыкраў жыхарам, выклікаючы іх на суд, ганарыўся знакамітасцю роду Дадэмухаў, апавядаў, як некая! раскашавалі яго продкі…»

Такіх, надзеленых уладай, як раіць А. Макаёнак, «неабходна судзіць усенародным трыбуналам». Трыбуналам над моцкінымі, каліберавымі, над падхалімамі, прыстасаванцамі, прайдзісветамі і авантурыстамі розных калібраў і рознай моцы і з'яўляецца творчасць Андрэя Макаёнка.

Аснову камедыі «Выбачайце, калі ласка!» складае канфлікт паміж прыстасаванцамі і кар'ерыстамі Каліберавым і Моцкіным, што бачаць сваю галоўную задачу ў тым, каб «у першую чаргу разлічыцца з дзяржавай» любымі метадамі, і здаровымі сіламі, якія ўвасабляе калгасніца Ганна Чыхнюк. Ідэя твора і выяўлена ў яе маналогу, калі яна пярэчыць Калібераву: «Галоўная задача — у першую чаргу добры ўраджай вырасціць, а потым сабраць яго так, каб ніводнае зярнятка не прапала. Тады і з дзяржавай разлічымся. Мы свой доўг помнім. I калгасніку трэба за сваю працу атрымаць, і на лета каб было што пасеяць».

Маналог з'яўляецца прысудам усёй сістэме, пры якой магчымы такі абсурд, такія злачынствы, здзейсненыя не кім-небудзь, а самім кіраўніцтвам: «Гэта па-гаспадарску?! У людзей жа работа з рук валіцца, калі бачаць такое кіраўніцтва».

Гэтымі словамі сялянкі выяўлена аўтарская пазіцыя і перакананне, што самай страшнай сілай валодае зло, надзеленае ўладай. Праз такое «кіраўніцтва» ў людзей не проста работа «з рук валіцца» — валіцца, рушыцца вера ў справядлівасць, парадак. Так паступова разбэшчваецца народ, за што і «неабходна судзіць усенародным трыбуналам» моцкіных і каліберавых. Што хаваецца за слоўнай, прыгожа аформленай, хаця і абсурднай шыльдай, што іх «галоўная задача — у першую чаргу разлічыцца з дзяржавай» (галоўны лозунг таталітарнай сістэмы — чалавек для дзяржавы)? Хаваецца іх «сапраўдная задача» — любымі сродкамі прасунуцца вышэй па службовай лесвіцы ці хаця б уседзець у тым крэсле, якое пад імі зараз.