Выбрать главу

Мова Каліберава — яго самахарактарыстыка; яна адпавядае тым сродкам, метадам, якімі дасягаецда мэта і вырашаецца галоўная задача: «Не зробіш — дух вон, жылы на тэлефон!», «Я цябе ў парашок сатру!», «Такі сабантуй арганізую, што моташна стане», «Гайкі трэба тужэй закручваць сваім работнікам». Такая лексіка, такі стыль кіраўніцтва — такая і ўлада. Бойкая ўлада; па ўсім відаць, што ўсталявалася яна надоўга. Але не назаўсёды. У кожнага з хаўруснікаў свой інтарэс: Моцкін прагне заняць галоўную пасаду на базе «Заготзбожжа», дырэктар спіртзавода Печкуроў — дабудаваць за дзяржаўны кошт шыкоўны дом. У гэтым хаўрусе кожны гатовы ў выпадку чаго перакласці віну, усе свае грахі на чужыя галовы, і найперш на галовы адзін другога. Нічым не грэбуюць, ні перад чым не спыняюцца «да славы прагныя, ды вузкія ў плячах», каб дарвацца да ўлады, займець «вялікі хамут» і адпаведна — шыкоўнае жыццё.

Назвай «Выбачайце, калі ласка!» пісьменнік гаворыць, што такім кіраўнікам даўно пара паказаць на дзверы, падабаецца ім гэта ці не: злазь з даху — не псуй гонту! На заўвагу, што іхні старшыня «вельмі добры чалавек», Ганна Чыхнюк адазвалася па-свойму: «Жонцы трэба лагодны характар… Калгасу гаспадар патрэбен, ды добры гаспадар…» У падтэксце сёння прачытваецца і большае: гаспадар патрэбны быў і ўсёй краіне. Бо ад гаспадара, дзяржаўцы, як сцвярджалі яшчэ мудрыя нашы продкі, залежыдь росквіт і багацце краіны, дабрабыт і годнае жыццё народа.

«Паўзуць яны, сілы гэтыя, у шэрую бронь адзетыя, колькі іх там? Ого! А мы: Агонь! Агонь!.. — I зло ляціць пад адхон» — такі шлях вырашэння праблемы дабра і зла прапануе лірычны герой верша «Бой» А. Вярцінскага. Каб зло не стала ваяўнічым, каб свінтусы не сталі «грандыёзусамі», іх трэба «біць проста па пятачку» — такі сцвярджальны пафас усіх таленавітых твораў нацыянальнай літаратуры.

I. Шамякін у рамане «Сэрца на далоні» праз дыялог Тукана з Тарасавым яшчэ раз нагадвае нам ісціну, што перагледзець свае ўчынкі, пакаяцца, змяніцца да лепшага здольны толькі людзі. Нелюдзі ж (а такім нелюдзем і з'яўляецца Гукан-Сажань) ніколі не мяняюцца. Яны баяцца толькі аднаго — кары, страты пасады, да якой ішлі, пераступаючы цераз усё і ўсіх. Намаганні Тарасава абудзіць у Гукане сумленне, прымусіць яго прызнаць сваю віну і пакаяцца — марныя. Гукан здольны толькі на самаапраўданне, а не на пакаянне. Тарасаў перакананы, што Гукану «нельга паблажліва дараваць! Яго трэба бязлітасна выкрываць!».

П. Панчанка ў вершы «Гнеў і літасць» сцвярджае глыбока чалавечную думку пра тое, што ўсе мы павінны быць больш цярплівымі і даравальнымі адзін да аднаго:

Пакаўзнецца Нехта незнарок, Наламае дроў З малога розуму, Будзе хай урок, А не курок, I не трэба Прыгавору грознага.

Але ж ёсць і тое, што для сябе лірычны герой вызначыў як несумяшчальнае з воблікам чалавека: «п'янае дзікунства і паклёп, гвалтаванне, цёмнае грабежніцтва, падхалімства подлае ўзахлёб — ім заўсёды кара непазбежная».

«Кара непазбежная», а значыць, і перамога дабра над злом магчыма толькі ў выніку справядлівай барацьбы са злом. Хаўрус, згодніцтва са злом, капітуляцыя перад ім толькі ўмацоўвае і множыць зло. Вечнасць жыцця забяспечваецца толькі перавагай дабра, перамогай дабра над злом.

Хто смяецца апошнім

Предел на белом свете есть всему,

Лишь подлость человечья беспредельна.

Я. Еўтушэнка.

Добра смяецца той, хто смяецца апошнім. Галоўнае пытанне жыцця і адпаведна адна з асноўных праблем мастацтва — хто смяецца апошнім? Хто здольны перамагчы зло? Што неабходна, каб перамагчы «сілы гэтыя, у шэрую бронь адзетыя», каб зло ляцела пад адхон, а дабро святкавала перамогу? Трагедыя і ў жыцці, і ў мастацтве вызначаецца балем сатаны, як трыумф жыцця — перамогай дабра.

Сцвярджаючы, што перамога дабра магчыма толькі ў выніку бязлітаснага бою са злом, пісьменнікі нашай нацыянальнай літаратуры папярэджваюць, што гэты бой нялёгкі. Зло «хітра маскіравацца вучыцца спрытна штодня». Сілы зла, як даводзіць Ян Баршчэўскі, «здольны пладзіцца, як звяры, бо людская злосць ім добрая паша».

Сілы зла здольны аб'ядноўвацца, як пра тое ў народзе гаворыцца: чорт чорта пазнаў і на піва пазваў. Сілы зла не ведаюць ніякіх маральных бар'ераў. Сапраўды, на свеце ўсяму ёсць мяжа, і толькі зло і чалавечая подласць бязмежныя.

I ўсё ж аптымізм нашай літаратуры, яе сцвярджальны пафас у тым, што яна пераканальна і з вялікай мастацкай сілай паказвае: вынік і поспех у нялёгкай барацьбе са злом рэальны і магчымы. Гэта такая ж аб'ектыўная данасць, як і тое, што на ўсялякую сілу ёсць другая сіла.

К. Крапіва ў камедыі «Хто смяецца апошнім» вобразамі Левановіча і Веры пераканальна даводзіць, што перамога над злом магчыма толькі пры агульных намаганнях усіх сумленных і здаровых сіл у грамадстве. Драматург славіць высакароднасць і здольнасць людзей дапамагчы іншаму ў сітуацыі, якая можа быць небяспечнай для іх саміх. Дабро толькі тады дабро, калі яно дзейснае, калі здольна абараніць сябе і справу, якой яно служыць. Вобразам Чарнавуса пісьменнік славіць прафесіяналізм, адданае служэнне справе і адначасова папярэджвае, што філасофія «мая хата з краю» можа нашкодзіць і таму, хто яе прытрымліваецца, і справе, якой служыць адцаны і сумленны чалавек. Чарнавус выдатна ведаў і разумеў сутнасць Гарлахвацкага, якую вычарпальна, хоць і з уласцівай яму тактоўнасцю, вызначыў Туляга: «Свет пройдзеце, другога такога не знойдзеце». Ведаў і разумеў, але стараўся адмежавацца ад усяго, спадзеючыся, што ні яго самога, ні яго справы гэта не кране. Вельмі шкодная і небяспечная пазіцыя, гэтаму і ў жыцці, і ў гісторыі «мы тьму примеров слышим». Сваё дзікае паляванне зло якраз і пачынае найчасцей на тых, хто намерваўся ў зацішку пераседзець навалу. Вынішчаючы сумленныя, здаровыя, але пасіўныя сілы дабра, зло тым самым расчышчае сабе дарогу і рыхтуе атаку на актыўныя, каб лягчэй было расправіцца з імі.

Незвычаішай таленавітасцю і вастрынёй сацыяльных праблем, у ёй узнятых, вызначаецца камедыя М. Матукоўскага «Мудрамер». Драматург б'е ў набат, што самае страшнае зло — зло, надзеленае ўладай. Выявы зла бываюць розныя, але асабліва небяспечныя для грамадства «аслы на ваяводстве» — дурні, што дапялі пэўных вяршынь улады. Пісьменнік сцвярджае, што для нашага ж выратавання неабходна стварыць сацыяльныя бар'еры для дурняў, якія прагнуць улады і могуць яе дасягнуць. Патрэбны «мудрамеры», якія беспамылкова вызначалі б інтэлектуальны ўзровень кожнага, хто прагне «вялікага хамута». Вынаходства таленавітага Мурашкі — мудрамер. Здавалася б, усе могуць цяпер уздыхнуць з палёгкай: нарэшце! Аднак і ў творы гэта толькі завязка. Дзеянне ў п'есе не раз дасягае момантаў высокага напружання, аднак заканчваецца камедыя… трагічна, што, здавалася б, супярэчыць усім законам жанру.

У фінале п'есы вынаходнік Мурашка даведзены да адчаю ўсведамленнем таго зла, якое натварыў ён сваім вынаходствам. Яго мудрамер скарысталі бюракраты і дурні ва ўладзе, каб яшчэ больш умацавацца з яго дапамогай. Бюракраты павялічылі і без таго непамерна раздутыя штаты і адкрываюць ужо «інстытут мудраметрыі», заручыўшыся тым, што мудрамер у іх ужо ёсць. I зараз дурні будуць вымяраць мудрасць іншых! У адчаі Мурашка топіць сваё вынаходства, але з вады ўжо нясуцца гукі гімна «Слаўся!», што азначае геніяльнасць яго аўтара.

Геніяльнае ў нашым грамадстве сёння пакуль што ў адчаі, бо ваяўнічая шэрасць і дурасць правяць баль. I так будзе, пакуль Мурашкі не аб'яднаюцца з Дабрыянамі, Чарнавусамі, Тулягамі. Адзін у полі не воін! Толькі хаўрус усіх сумленных і здаровых сіл можа супрацьстаяць сілам, «у шэрую бронь» адзетым.

Асабліва настойлівы ў сцвярджэнні гэтай думкі I. Шамякін. Пісьменнік часта выпрабоўвае сваіх герояў сяброўствам і з уласцівай яму мастацкай сілай і пераканальнасцю славіць сапраўднае сяброўства паміж людзьмі. Прыгадаем вялікае і кранальнае сяброўства Сені Пясоцкага і Пятра Шапятовіча з пенталогіі «Трывожнае шчасце».