Выбрать главу

Наша захапленне сяброўствам Яраша і Шыковіча, герояў рамана «Сэрца на далоні», нельга лепш выказаць, як праз усведамленне Зосі: «Заўсёды хораша ад іх вось такой дружбы». Так думае Зося, назіраючы цёплыя, шчырыя адносіны паміж сябрамі, знешне такімі рознымі, але аб'яднанымі агульным — сумленнасцю. Так думаем і мы, усведамляючы, што толькі еднасць сумленных людзей здольна супрацьстаяць злу ў самых агідных яго выявах. Гэтымі вобразамі пісьменнік дае нам урокі аптымізму, пераконвае, што сілы дабра, калі яны дзейнічаюць супольна, заўсёды мацнейшыя за сілы зла.

Урокі паспяховай барацьбы са злом дае нам і В. ДунінМарцінкевіч вобразам Юліі з п'есы «Ідылія». Можна скептычна ставіцца да «хітрага» плана дваранкі Юліі выдаць сябе за сялянку, закахаць у сябе франкамана і ненавісніка ўсяго нацыянальнага — Лятальскага, каб паўплываць на яго стаўленне да народа. Але ніяк нельга адмаўляць думку пісьменніка, што гармонія знешняй і ўнутранай прыгажосці, дасканалы розум, часам нават хітрасць і хаўрус з усімі, хто, так ці інакш, паспрыяе высакароднай мэце, — дзейсныя сродкі ў барацьбе са злом. Галоўны ўрок Юліі ўсім нам не столькі ў тым, што яна сваім «хітрым» планам паўплывала на франкамана Лятальскага, а ў тым, што яна вывела на чыстую ваду Банавантуру Выкрутача. Ён быў упэўнены, што апошняе слова будзе абавязкова за ім, што смяяцца апошнім будзе ён. Атрымалася наадварот. Вобразам Юліі пісьменнік даводзіць, што для таго, каб дабро смяялася апошнім, недастаткова толькі высакародных намераў, адвагі і гатоўнасці рызыкаваць у імя перамогі над злом. Адвагу і высакароднасць зло часам касуе з лёгкасцю, а вось з дасканалым розумам і супольнымі намаганнямі справядлівых сіл яму не справіцца.

Даючы нам рэцэпты паспяховай барацьбы са злом, многія творы нашай нацыянальнай літаратуры вучаць і папярэджваюць нас, што ваяўнічасць зла намнога лягчэй папярэдзіць, чым потым з ім змагацца. Запабегнуць ваяўнічасць зла можна толькі клопатам і дбаннем пра духоўнае, бо «людская злосць яму (злу) добрая паша», даводзіць Ян Баршчэўскі творам «Шляхціц Завальня…». Чалавек стане годным уладаром і зямных скарбаў, калі навучыцца пазнаваць і любіць духоўнае. Пісьменнік нецярпімы да тых, хто гоніцца за багаццем «не дзеля таго, каб рабіць дабро бліжнім, а каб нічога не рабіць, або — што яшчэ горш — каб шкодзіць. Але што ж далей?». На ўсё жыццё шляхціц Завальня засвоіў урок бацькі: «добры лёс і ўладу над зямнымі скарбамі — дзеля бліжніх сваіх».

«На свеце трэба быць асцярожным». Быць асцярожнымі і пільнымі заклікае нас пісьменнік менавіга для таго, каб зло не распладзілася і не стала ваяўнічым. Толькі лічаным героям фантастычных апавяданняў Яна Баршчэўскага Удалося перамагчы зло, усіх астатніх яно перамагло. I ў гэтым рэалізм пісьменніка і яго філасофія. Пісьменнік сцвярджае таксама і магутную сілу слова, перасцерагае ўсіх, хто лічыць, што «слова — вецер, які не можа ані дапамагчы, ані, таксама, пашкодзіць». Славячы выратавальную сілу слова, ён заклікае нас быць пільнымі да таго слова, якое здольна пашкодзіць, разбэсціць, паклікаць у шырокую браму, што вядзе да пагібелі.

У апавяданні «Вучань Твардоўскага» пераканальна паказана, што асабліва магутнай сілай, як стваральнай, так і разбуральнай, валодае слова настаўніка і святара-духоўніка, бо яно палоніць душы людзей. Пра чысціню душы і павшей быць пільны клопат чалавека. Тэрыторыя любові і дабра — сумленная душа, авалодаць якой зло бяссільна. Там, дзе занядбана духоўнасць, пладзіцца зло і становіцца ваяўнічым. I вось тады бой з ім ужо непазбежны. А ніякай бітвы не бывае без ахвяр. I вялікай платай, якую запатрабуе перамога дабра над злом, будуць і сумленныя сілы. Запабегнуць ваяўнічае зло — ашчаджаць, зберагаць сілы дабра, а значыць — зберагаць само жыццё.

«Простае шчасце людское…» (Максім ТАНК)

…Людская кохания и мысли суть собь противна. Един бо в том ся кохаеть, тое хвалить и о том мыслит, а другый другое, а иный иное.

Ф. Скарына.

Прага шчасця, як і прага жыцця, асабліва моцная ў чалавеку. Няма, бадай, на свеце чалавека, які б не хацеў быць шчаслівым, не марыў бы пра шчасце і не імкнуўся да яго. Аднак, як слушна даводзіць Ф. Скарына, людскія памкненні і пачуцці адносна шчасця супярэчлівыя. Усе хочуць быць шчаслівымі, але кожны разумее шчасце па-свойму.

Цэнтральнай праблемай філасофскага рамана Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні», якая вызначае і многія іншыя праблемы (духоўнага і матэрыяльнага, вечнага і марнага, любові і нянавісці, праблемы бацькоў і дзяцей, шлюбу і сям'і), з'яўляецца праблема шчасця.

Усе героі рамана апантаны прагай шчасця, настойліва ідуць да яго, толькі кожны разумее шчасце па-свойму. Калі б меў усё «золата свету» і магчымасць валадарыць усім светам, калі б валодаў усёй славай свету, — усе гэта аддаў бы Нявада і стаў бы «прасіцца і маліцца: пусціце, калі ласка, дайце мне шчасце спаўзці з гэтага трона: я колькі год жыта не сеяў, кала нават не зачасаў, у кузні каня не каваў, у млыне мукі не малоў, раллі не нюхаў, ботаў не мазаў, капусты не сёрбаў, не наслухаўся ўволю, як пеўні спяваюць, як людзі па-людску гавораць». Удзельнік імперыялістычнай і грамадзянскай войнаў, вязень канцлагера і ваеннапалонны, які даўным-даўно вымушаны быў пакінуць дачушку Волечку і родныя Сумлічы, марыць пра шчасце хлебароба і сейбіта на роднай зямлі. Радзіма для яго — Волечка і шыпшына. «Без Волечкі і шыпшыны няма для мяне і роднай бацькаўшчыны. Як жа гэта так жыць, каб чалавеку на свеце не было за што душой зачапіцца», — дзівіцца Нявада, слухаючы гісторыю графа Паліводскага.

I Сымон Ракуцька, як і Нявада, бачыць сэнс жыцця ў сям'і, яе дабрабыце, забяспечанай будучыні дзяцей. Трагічны, пранізлівы і шчымлівы гэты вобраз. Заслуга Чорнага ў тым, што ён стварыў пераканаўчы псіхалагічны партрэт беларуса з яго адметнай нацыянальнай рысай — любоўю да радзімы, роднага гнязда, клопатам пра дзяцей, сям'ю: «Чалавек гэта быў дзіўны. Як ніхто іншы, ён пільнаваўся свайго гнязда, якое стала, хоць і марудна, складаў саломіна за саломінай». Гэта ў ментальнасці беларуса — пільнавацца свайго гнязда, ратаваць яго ад каршуноў і наперакор усяму зноў віць, калі яго разбурыць віхурай…

Прагай менавіта таго, ад чаго без вагання адмовіўся б Нявада, апантаны Шрэдэры, старэйшы і малодшы, — прагай золата, з якім яны звязваюць усе свае думкі пра будучыню. Таму і пусціліся яны ў небяспечнае падарожжа, каб выправіць ранейшую «памылку»: знайсці і забраць падараванае некалі Волечцы за выратаванне золата. Гэтыя людзі дзеля абагачэння гатовы на ўсё: на рабунак, марадзёрства. Жонка Шрэдэра Гертруда, жывучы ў маёнтку, падараваным ёй акупантамі, думае, што дасягнула шчасця, бо сынзаваёўнік і войска фюрэра забяспечаць ёй багатае жыццё. Яе ніколькі не мучыць сумленне і думка, што адабранае, нарабаванае не прынясе шчасця, што за ўсё трэба будзе заплаціць. I расплата спасцігла іх на гэтай зямлі: жанчына гіне, а муж не мае сіл нават пахаваць яе. Не вярнуў назад золата і Шрэдэр-старэйшы, што двойчы прыходзіў на нашу зямлю: у першую імперыялістычную вайну — з мячом, у другую — пад аховай мечаносцаў. Загінуў ад куль партызана Кастуся Лукашэвіча, мужа Волечкі Нявады. Так і не паспеў разабрацца ні ў сабе, ні ў тым, ці прынесла яго золата шчасце і карысць каму-небудзь іншаму.

У вобразах Волечкі Нявады і Кастуся Лукашэвіча ўвасоблена аўтарскае ўсведамленне кахання і сям'і як найвялікшай каштоўнасці чалавека. Каханне і ёсць тое золата, якое адно і варта Чалавека, якім і ўзнагароджвае яго лёс за духоўнае багацце, цярпенне… Старонкі, прысвечаныя нараджэнню гэтага кахання, самыя светлыя і лірычныя ў рамане. I што закаханым багацце! Што ім тое золата, якое яны трымаюць у шуфлядцы стала, як нейкі клубок нітак, калі багацце і золата ў іх душах!

Герояў (і «праведнікаў», і «зладзеяў») аб'ядноўвае тое, што ўсе яны — натуры моцныя, настойлівыя ў дасягненні сваіх мэтаў, і ў гэтай настойлівасці выключныя, здольныя на выбар: «Лепш грызці зямлю ў родным кутку, чым каб цябе ліхім ветрам кідала па чужым свеце». Так думае Нявада. Іншыя героі вырашаюць, што для іх «лепш», што важней, і ад гэтага выбару залежаць і іх жыццёвыя шляхі.

Цэнтральнай праблемай кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…» таксама з'яўляецца праблема шчасця. Героі Яна Баршчэўскага апантаны прагай шчасця і знаходзяцца ў вечным пошуку яго. I вядома, кожны разумее шчасце па-свойму. Пра яго героі спрачаюцца не толькі адзін з адным, але нярэдка і самі з сабой, адмаўляючыся ад свайго першапачатковага разумення шчасця.