Выбрать главу

Шчасце — гэта шанц, удача, лёгкае бесклапотнае жыццё і багацце, лічаць Карпа («Пра чарнакніжніка і пра цмока…»), Сямён («Вужыная карона»), Альберт («Вогненныя духі»), I ўсё ж «меў Карпа грошы, меў і павагу, але ж ці ў гэтым шчасце?» I Сямён прыйшоў да пераканання, што найвялікшае шчасце — каханне; яно і натхніла яго на барацьбу з нячысцікам і адмаўленне ад багацця. I Альберт не змог купіць спакою ні за якія скарбы. Шчасце — быць вышэй за ўсіх, лічыць Васіль («Зухаватыя ўчынкі»), але ўсе ад яго адвярнуліся… «Жыць так, як хочаш, нічога сабе не забараняючы, — вось пра што я мару» — жыццёвае крэда Люцэфугі.

Усіх герояў фантастычных апавяданняў родніць і тое, што да канчатковага ўсведамлення шчасця яны прыходзяць у выніку расчаравання, пераацэнкі каштоўнасці і эвалюцыі душы. Дорага заплацілі ўсе героі за памылковасць сваіх думак, за сваю прыдуманую імі праўду. А праўда, настойліва даводзіць Ян Баршчэўскі, на ўсіх адна — праўда веры.

Разуменне шчасця з'яўляецца меркай духоўнасці ўсіх герояў і адначасова вызначае іх сутнасць, іх жыццёвыя шляхі, нават лёс.

Лірычны герой А. Пушкіна катэгарычна заяўляе: «На свете счастья нет, а есть покой и воля». Тым самым сцвярджае, што спакой і свабода з'яўляюцца адзінай меркай шчасця. Лірычны герой А. Куляшова не менш катэгарычны ў сцвярджэнні адваротнага: «Спакойнага шчасця не зычу нікому». Для лірычнага героя заспакоенасць, статычнасць і шчасце — паняцці несумяшчальныя. Катэгарычнае («не зычу нікому») адмаўленне «спакойнага шчасця» выяўляецца праз асацыяцыі: ручай тады асабліва жаданы, калі неабходна спатоліць смагу; увага толькі тады многага вартая, калі яна шчырая і заслужаная, а не зайздрослівая, крывадушная; і «лес без зязюлі» — трагедыя і абсурд, як шчасце без імкненняў і парыванняў.

…Адзін мудры чалавек на пытанне, што ён у жыцці любіць больш за ўсё, адказаў: «Само жыццё». Лірычны герой вершаў Максіма Танка не толькі шчыры, чулы, высакародны, але і мудры. Праз усведамленне лірычнага героя Танк у вершы «Шчасце» сцвярджае простую і вечную ісціну: шчасце — гэта само жыццё. Усё пералічанае паэтам — выявы жыцця. Верш насычаны аднароднымі дапаўненнямі («з солі, з хлеба… з поту, з дарожнага пылу, з роднага небасхілу, з дружбы… з песні»), пасля якіх — шматкроп'е. Кожны можа прадоўжыць гэты пералік жаданымі для сябе выявамі жыцця, але ўсведамленне таго, што «простае шчасце людское», аб'яднае нас усіх. Усведамленне жыцця як шчасця ва ўсіх яго праяўленнях — сведчанне мудрасці, аптымізму і жыццястойкасці чалавека наогул і лірычнага героя Танка ў прыватнасці.

У вершы «Шчаслівы дзень» заключана філасофская думка, што якім бы мудрым ні быў чалавек, якімі б здольнасцямі ўбіраць у сябе вопыт папярэднікаў ні валодаў, — адкрыццяў на ўласным шляху яму не пазбегнуць. Немагчыма ўхіліцца ад вырашэння праблем «праўды, няпраўды, дружбы, кахання, жыцця і смерці». Шчаслівы той дзень, лічыць паэт-філосаф, калі чалавек пераасэнсаваў раней асэнсаванае, калі змог перагледзець свае каштоўнасці. Шчаслівы дзень вызначаецца словамі «I аказалася», бо чалавек на сваё ранейшае «Я думаў» глядзіць ужо з вышыні вопыту, сталасці розуму і душы.

Творы нацыянальнай літаратуры даюць чытачу магчымасць усвядоміць і асэнсаваць засведчаны ў іх духоўны вопыт і ўзбагаціць ім свой уласны.

«Той і шчаслівы, хто зведаў каханне…» (П. Панчанка)

Наиболей любовь ко всим да соблюдает, еже ест совершена над все иныя дарования, без нея же ничто поспешно ест.

Ф. Скарына.

А ў сэрцы хораша было, —

Там запалілася цяпло.

М. Багдановіч.

«Пачынаецца ўсё з любві», валадарыць светам любоў, вызначае стан душы і вечнасць жыцця толькі любоў. Нават калі пакідае вера і знікае надзея, то застаецца любоў, бо яна мацнейшая за ўсе чалавечыя пачуцці, бо яна «совершена над все иныя дарования».

У нашай роднай мове ёсць прыгожае слова для вызначэння самага светлага пачуцця паміж мужчынам і жанчынай, пачуцця, якое і з'яўляецца пачаткам усяго — пачаткам жыцця. Гэтае слова — каханне. Каханне ўслаўлена «высокаю красою» паэтычных радкоў многіх таленавітых твораў.

«I прад высокаю красою» паэзіі М. Багдановіча, у якой выяўлена і апета самае вартае чалавека пачуццё, схіляемся і мы. Палоніць нашу душу і эпічнае, як у «Вераніцы», і лірычнае, як у рамансе «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…», выяўленне самоты па нязбытным каханні і адначасова ўдзячнасці лесу, за тое, што яно было ў жыцці, што сустрэў свой «вечны цэль» — свой ідэал. Мы ведаем, што ў гэтых вершах і трагедыя самога паэта, што гэта яго ўласны помнік свайму трагічнаму і адначасова шчасліваму каханню:

I прад высокаю красою, Увесь зачарованы ёй, Скланіўся я душой маёй, Натхнёнай, радаснай такою, А ў сэрцы хороша было, — Там запалілася цяпло.

Чытаючы адзін з самых першых твораў А. Куляшова — верш «Бывай», нельга не здзівіцца, што такое і так мог напісаць 14-гадовы падлетак. Філасофія верша і сродкі выяўлення стану закаханасці вартыя пяра не толькі таленавітага, але і мудрага, сталага творцы. Мала ў інтымнай лірыцы беларускіх паэтаў вершаў, у якіх бы з такой мастацкай сілай была выяўлена, апета і добраславёна «светлая самота» нязбытнага кахання. Хай сабе яно і не спатоліла сэрца радасцю, але будзе наталяць усё жыццё сілай і ўдзячнасцю лёсу, што такое пачуццё наканавана было зведаць:

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая. Твой светлы вобраз панясу я па жыцці. На ўсходзе дня майго заранка дагарае, Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

Дзівоснае, парадаксальнае спалучэнне неспалучальнага (аксюмаран «стаю на ростанях былых»), кантрастная метафара («самотным жаўранкам звініць і плача май»), мажорная мінорнасць і элегічнасць верша — усё ў ім выяўляе стан душы ўзвышанай і натхнёнай, шчаслівай і самотнай — багатай! Невыпадкова гэты верш стаў вядомай і любімай песняй. Верш варты таго, каб быць школай выхавання самых лепшых чалавечых пачуццяў, каб выхоўваць «душою чулых». Асабліва патрэбны ён для ўратавання душ маладых, для знявераных і скалечаных цынізмам душ.

Вершы Максіма Танка «Нашто ты косы заплятаеш…», «Аvе Магіа», «Працягласць дня і ночы» — гімн жаноцкасці, прыгажосці, гімн жанчыне, якая здольна не толькі «дзень укараціць і ноч прадоўжыць, але ашчаслівіць на ўсё жыццё». А вершам «Ты пакліч мяне. Пазаві» Яўгенія Янішчыц зноў нагадвае ўсім вечную ісціну, што «пачынаецца ўсё з любві». Для выяўлення стану душы, самага дастойнага чалавека, і сцвярджэння, што каханне — галоўная з усіх каштоўнасцей, якая робіць немагчымае магчымым, паэтка выкарыстала аксюмаран. Гэты прыём найлепш і вызначыў загадкавую сілу найвялікшай тайны і найвялікшага дару: «прыручаюцца салаўі». Паэтам і закаханым падуладна тое, чаго не можа ніхто, — прыручыць салаўя.

Многія пісьменнікі выпрабоўваюць сваіх герояў каханнем, бо ў каханні выяўляецца сутнасць чалавека, яго духоўнасць ці бездухоўнасць. Сіла ўздзеяння мележаўскіх Васіля і Ганны, гісторыі іх нязбытнага, трагічнага кахання настолькі вялікая, што чытач не можа змірыцца з воляй аўтара. Чаму ж не збылося?

Закон жыцця такі: калі наканавана дваім сустрэцца на жыццёвай дарозе і зведаць каханне, то яны, як дзве палавінкі, павінны спалучыцца ў адно цэлае і ўсвядоміць, што ўзнагароджаны дарам, здрада якому — вялікі грэх.

Лягчэй за ўсё Мележу-чалавеку было «ашчаслівіць» свайго чытача, дагадзіць яму і «спалучыць дзве палавінкі», якія, безумоўна, заслугоўвалі шчасця і былі вартыя адна другой. Аднак Мележ-мастак не мог адступіць ад праўды жыцця і пераступіць законы мастацтва. У творцы была задача паказаць не толькі трагедыю чалавека, а трагедыю народа ў адзін з самых крытычных момантаў нацыянальнай гісторыі.

Прычына трагедыі нязбытнага кахання Васіля і Ганны многімі ўсведамляецца як віна і здрада Васіля свайму каханню: герой не вытрымлівае выпрабавання каханнем і выяўляе слабасць сваёй душы. Аднак моцная, незвычайная асоба вызначаецца да ўсяго яшчэ і здольнасцю «пераступіць» цераз важнае і дарагое ў імя яшчэ больш дарагога, свядома зрабіць свой выбар паміж дарагім і яшчэ даражэйшым. I ў гэтым выбары выяўляецца не здрадлівасць Васіля, не яго слабасць, а, як ні парадаксальна, яго сіла. Усведамляе гэта і Ганна, робячы таксама свой крок. I не довады мачыхі пра выгоды шлюбу з Яўхімам (Ганну як модную асобу таксама вызначае акрэсленасць каштоўнасці ў яе ўяўленні: такой каштоўнасцю для яе было каханне да Васіля), не напамін пра абавязак перад бацькамі паўплывалі на яе рашэнне даць згоду на шлюб з нялюбым. Ганарліўка і прыгажуня Ганна да ўсяго была яшчэ разумнай і разважлівай. Яна ведала, што няшчасныя дзеці не бываюць надзейным апірышчам для сваіх бацькоў, якім бы матэрыяльным багаццем ні валодалі. Шчасце дзяцей — трывалы падмурак годнай старасці бацькоў. Доўга ўгаворвала мачыха Ганну, але згоды ад яе дамаглася, калі пацэліла ў самае сэрца. Згадзілася, бо зразумела: Васіль яе не возьме.