У гутарцы, прысвечанай нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму, М. Ермаловіч піша і пра тых «сыноў» Беларуся для якіх вырачэнне роднай мовы было іх першым крокам у здрадзе радзіме. Для К. Каліноўскага вернасць роднай мове была паролем вернасці Беларусі, «і ён не мог уяўляць уздым роднай старонкі без узняцця з прыніжэння роднай мовы». Калі да яго на гэтай мове пісалі толькі літаратурныя творы, то К. Каліноўскі падняў ужыванне беларускай мовы на ўзровень вялікай нацыянальнай справы і шматграннай дзяржаўнай дзейнасці. На ёй вучыў ён народ сваёй «Мужыцкай праўдай»; на ёй аддаваў загады сваім паўстанцам; на ёй напісаў свой запавет народу — «Ліст з-пад шыбеніцы».
Наш сучаснік сцяганосец Айчыны М. Ермаловіч заклікаў усіх, хто прачнуўся: «Ніколі не выракайся роднай мовы, тым болей жывучы на радзіме… змагайся за яе».
Страту народам мовы М. Ермаловіч параўноўвае са стратай сцяга палком: «Калі полк страчвае свой сцяг, ён перастае існаваць… Калі народ страчвае сваю мову, ён таксама перастае існаваць». Довады М. Ермаловіча для нас асабліва пераканальныя. Даследчык айчыннай гісторыі вылучыў з яе такія ўрокі, якія карысныя для ўсяго народа, знайшоў адказы на такія пытанні, што не могуць не хваляваць усіх, хто прачнуўся. Даводзячы, што прыгнечанне народа пачынаецца са зневажэння і ганення яго мовы, М. Ермаловіч падказвае выйсце са становішча, у якім мы ўсе апынуліся: «Гэтак жа сама і нацыянальнае абуджэнне народа бярэ свой пачатак з усведамлення ім вялікага значэння роднай мовы як свайго сцяга, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце».
Пераканальна даводзіць сцяганосец М. Ермаловіч, што страта роднай мовы азначае страту і сваёй нацыянальнасці, а прыналежнасць да яе будзе толькі фармальная. I гэта заахвочваецца рознымі спосабамі. М. Ермаловіч папярэджвае пра наступствы адзінай свабоды, якая дадзена нам і якой мы можам карыстацца бесперашкодна, — свабоды адрачэння ад сваёй роднай мовы. «Магчыма, таму і знаходзяцца людзі, якія з-за адсутнасці другіх свабод спяшаюцца пакарыстацца хоць гэтай свабодай», — піша М. Ермаловіч. Яго гутаркі «Аб усім, што баліць» прасякнуты верай: народ зразумее, што яму патрэбна не адна гэтая ганебная свабода, а ўсе свабоды, што родная мова — гэта сцяг, ідучы пад якім «вызваліць свае душы мы можам ужо сёння».
Пісьменнік усведамляе, што вольныя думкі і вольныя словы — «гэта, вядома, далека не ўсё, але з гэтага пачынаецца» выратавальнае і вызначальнае для любой нацыі — духоўнасць з усімі яе выявамі.
«Шануйце роднае слова!» (Цётка)
У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце… А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слсў вашых, дык, выходзячы з дому альбо з горада таго, абцерушыце пыл з ног вашых; праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.
Евангелле ад Матфея
С. Александровіч назваў артыкул Цёткі «Шануйце роднае слова!» «палымяным гімнам беларускай мове, яе багаццю і сіле». Артыкул пераклікаецца з вершамі «Пагоня» М. Багдановіча, «Ворагам беларушчыны» Янкі Купалы. У ім відавочная рэмінісцэнтная сувязь з багушэвічаўскімі прадмовамі да зборнікаў, у прыватнасці з афарызмам «Бацькава, спрадвечная, святая, Богам дадзеная адзежа душы чалавека». Мова — адзежа душы чалавека, а ўздзець «чужую апратку» — страціць уласную душу, страціць сябе. «Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўздзеў чужую апратку — той адышоў ад народу далёка-далёка», — піша Цётка. А на рэмінісцэнцыю багушэвічаўскага афарызма «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» указвае сама: «Толькі не кідайце роднай мовы: бо сапраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!»
З часоў Багушэвіча і Цёткі многа падзей адбылося ў нашай Айчыне, многае змянілася. I на вялікі жаль — не ўсё да лепшага. Многа ёсць набалелага ў нашым грамадстве. «Але сярод усяго — ёсць і самае набалелае: гэта — становішча, у якім апынулася сёння ў Беларусі беларуская мова. Мацней набалелага болю, чым гэты, — няма. Больш актуальнай, больш вострай праблемы, чым гэта, — няма. Гэта пытанне — у поўным сэнсе слова пытанне жыцця і смерці. Жыцця і смерці беларускай нацыі» — так пра самае набалелае піша Ніл Гілевіч. Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове гэтага сцяганосца народа склалі цэлую кнігу, якая называецца «Любоў прасветлая» і прысвячаецца праблемам нацыянальнага адраджэння.
У паэзіі Ніла Гілевіча — адказ на пытанне, ад чаго нам трэба выбавіцца, каб быць вартымі нашай «святой зямлі» і дайсці да Беларусі. Асноўным зместам многіх зборнікаў паэта, і ў прыватнасці апошняга — на «На высокім алтары», з'яўляецца лес беларускай мовы і культуры, духоўнасць народа, памяць яго і будучыня.
Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і захапленне, пяшчота і замілаванне, туга і папрок, гнеў і расчараванне — уся гама пачуццяў выяўлена ў лірычных, філасофскіх і публіцыстычных вершах Ніла Гілевіча.
Многія вершы, прысвечаныя роднай мове і клопату пра яе існаванне (а значыць, і пра існаванне нацыі!), напісаны ў форме звароту да нас. Паэт-філосаф па-бацькоўску ўшчувае, пераконвае, папракае, імкнучыся паўплываць на нашы душы і розум:
Не слухаюць дзеці свайго бацьку… I ў вершы на тую ж тэму — «За драбніцу» — гучыць ужо іншая інтанацыя: саркастычная, гнеўная і абуральная:
Вычарпаўшы да канца ўсе магчымасці пераканаць нас, прымусіць задумацца, ужо самой назвай верша «Вы не яе — вы сябе прыніжаеце» аўтар нагадвае вечныя ісціны: ніколі не будзе паважаны другімі той, хто сам сябе не паважае; недавер, падазронасць і нават гідлівасць у самавітых людзей выклікае той, хто свайго роднага выракаецца…
Як разумець сёння заклікі сцяганосцаў шанаваць, любіць родную мову, змагацца за яе? Як за яе змагацца? Пераконваць тых, хто перакананы ў адваротным?
Аднак дзве тысячы гадоў таму сказана, што трэба ісці і прамаўляць туды, дзе прымаюць і слухаюць. I вяртацца адтуль, дзе не прымаюць і не слухаюць, бо зерне, кінутае там, усё роўна ўпадзе на цвёрды камень. Ні свет, ні нават асобнага чалавека перайначыць нельга. Быкаўскі герой апавядання «Бедныя людзі» прафесар Скварыш, якому наканавана жыць у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве», прыходзіць да ўсведамлення, што праўда, мабыць, усё ж за Пратагорам з яго высновай пра чалавека як меру ўсіх рэчаў. Менавіта чалавек заўсёды вызначае, як яму жыць. «Замест чалавека таго не можа зрабіць ніхто — ні Бог, ні д'ябал, толькі ён сам». Магчыма, і з народам адбываецца тое ж самае: ён сам вызначае свае каштоўнасныя арыенціры. Для сцяганосцаў «добра рабіць сваю справу», рабіць так, «як калі б…» азначае: так, як калі б быў упэўнены, што справа будзе плённай, — ісці першым, несучы сцяг.
У прадмове да кнігі «Любоў прасветлая» Ніл Гілевіч піша, што сабранае ў ёй — «на адну неабсяжна вялікую», а для яго, «як цяпер ужо бачна, галоўную тэму… жыцця, літаратурнай працы».
Усведамляючы подзвіг Сізіфа як пагарду да абставін і «школу ўпартасці і яснасці» для ўсіх, хто збоку назірае гэтую ўпартасць, А. Камю ў «Міфе пра Сізіфа» піша: «Няма такога лёсу, над якім нельга было б узвысіцца пагардай. Пагарда мацнейшая за любы лёс». Усялякі раз упартасць, неверагодныя высілкі Сізіфа канчаюцца недаўгавечным авалоданнем мізэрнай крупінкай жаданага, якая імгненна знікае, як прывід. Пасля чаго — расчараванне, а ў вышку яго — умудронасць, што жаданага ўсё роўна ніколі не дасягнуць. Тым не менш майстар самааддана ўкладае ўвесь свой жар, упартасць, талент у працу над тым, што асуджана.
Ніл Гілевіч узвышаецца над абставінамі і пагардай да іх, і любоўю да таго, у імя чаго зноў і зноў паднімае цяжкі камень на верх гары: «Над усім гэтым і ва ўсім гэтым — любоў да роднага слова, гонар за яго высокія прыродныя вартасці, радасць ад карыстання ім, боль за яго прыніжэнне… горыч за здраду яму саміх жа беларусаў, і — непахісная вера, што яму, вялікаму і магутнаму роднаму слову, жыць вечна…Толькі ў святле гэтай высакароднай ідэі, гэтай благаславёнай мэты бачу апраўданым усё, што я зрабіў і раблю як літаратар і навуковец, як грамадзянін і сын Беларусі».