«Пра маці можна гаварыць бясконца»
(Максім Горкі)
Маці — адна ты!..
П. Броўка.
Пакахаў юнак дзяўчыну, а тая запатрабавала, каб ён прынёс ёй матчына сэрца, — і тады адкажа яму ўзаемнасцю. I юнак выканаў тую ўмову… А калі нёс сваёй каханай матчына сэрца, спатыкнуўся і выцяўся. I сэрца спыталася: «Ці не балюча табе, сынок?»
Самаахвярнасць і ўсёдаравальнасць — вышэйшая выява святой любові, бо толькі святыя здольны на такое пачуццё. Кожнаму грэшнаму разам з жыццём даецца і чалавек, праз якога прыходзіць жыццё, і да скону яно асветлена святым пачуццём матчынай любові. Гэтую любоў нельга вызначыць, вытлумачыць, вымераць, бо яна — дар Усявышняга, як само жыццё. Фантастычнымі сродкамі славяць матчыну любоў паэты, бо розумам усвядоміць яе немагчыма — «цуды можна разумець толькі сэрцам». У Цёткі ёсць хвалюючы верш «Тры кветкі», напісаны паводле народнага падання пра юнака, што ў доўгую нялёгкую дарогу ўзяў тры кветкі: ад друга, каханай і маці. У самы крытычны момант свайго жыцця юнак дастаў дарагі дарунак і ўбачыў: дзве кветкі завялі, жывой была толькі трэцяя — матчына.
У вершы «Голас» групоўкай слоў і выразаў з нарастаннем іх сэнсавай выразнасці («незнаемы», «друг», «любая», «маці» — «здзівіць», «спыніць», «сагрэць сонцам лета», «вярнуць з таго свету») Максім Танк дасягае афарыстычнасці ва ўслаўленні маці і яе бязмежнай любові да дзяцей:
Выключнага ўздзеяння на душу чытача дасягаюць тыя пісьменнікі, што паказваюць праз пакуты маці трагізм пакалення, якому наканавана было з Радзімай «дзяліці лёс благі». Лірычны герой верша У. Жылкі «Маёй маці» ўсведамляе невымернасць пакут маці за сваіх няшчасных дзяцей:
«Один я в мире подсмотрел святые искренние слёзы — то слёзы бедных матерей» — так пісаў М. Някрасаў пра вялікую і святую шчырасць у свеце — матчыну шчырасць. Якія б добрыя людзі ні сустрэліся на нашым шляху, усё ж ніхто не будзе любіць нас так, як мама. Ніхто не возьме на сябе наш боль і пакуты так, як мама. Ніхто не парадуецца за нас так, як мама.
Гімнам мацярынскай любові і самаахвярнасці з'яўляецца лірычнае адступленне ў кнізе I. Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага»: «Маці, маці, колькі слёз пралілі вашы вочы, колькі начэй недаспалі, калі вы, схіліўшыся над сынамі, адганялі ад іх бяду. Толькі нязгасныя вашы сэрцы, трапяткія і мужныя, пяшчотныя і суровыя, поўныя любві і гневу, могуць перажыць такія трывогі, якія выпадаюць на вашу долю. Рана адцвітаюць вашы вочы, пакрываюцца маршчынамі родныя твары, але не трэба вам ніякай узнагароды за гэта: жывіце толькі, дзеці, не памірайце, няхай вас міне хвароба, няхай не кране бяда-гора. Жывіце!»
Шэсцем да несмяротнасці з'яўляецца пакутніцкі шлях на Галгофу брылёўскай гераіні з апавядання «Маці». Трымаючы «свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі» мазалямі да мазалёў, маці моліцца і за чужых дзяцей, з якімі зрадніла яе доля, і за сваіх. Подзвіг маці стане і дакорам, і напамінам усім дужым пра тое, што ёсць праведнікі, якія ўзыходзяць на Галгофу, каб уратаваць свет. Пісьменнік верыць, што подзвіг маці «ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх» перад бітвай са злом.
Усім нам дадзена Евангелле ад Бога, напісанае святымі апосталамі, а кожнаму з нас — яшчэ і Евангелле ад Мамы. Філасофскай назвай аднаго з апошніх сваіх зборнікаў «Евангелле ад Мамы» Р. Барадулін сцвярджае ісціну, што загады Божыя пішуцца ў сэрцы кожнага з самых першых хвілін жыцця. I пішуцца Мамай. У беларускай літаратуры шмат вобразаў маці-евангелістак, якія змаглі напоўніць святлом душы сваіх дзяцей, напісаць для іх Евангелле. Гэта і гераіні твораў А. Вярцінскага («Заазер'е», «Маці пячэ хлеб»), і Куліна з аднайменнай паэмы Р. Барадуліна, і маці з паэмы П. Броўкі «Голас сэрца»…
Асаблівай эстэтычнай сілай уздзеяння валодае вобраз Ганны з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». У гэтым вобразе ўвасоблены пісьменніцкі ідэал жанчыны, жонкі і маці, нястомнай працаўніцы і ахоўніцы сямейнага ачага. Не можа не здзіўляць тактоўнасць гэтай простай сялянскай жанчыны, тонкасць яе натуры і багацце душы. Ад яе залежыць духоўнасць усёй сям'і: цеплыня, шчырасць і лад — усё ад яе і праз яе. Яна — носьбіт народнай мудрасці і маралі, яна — носьбіт вечнасці: традыцый, звычаяў. Яе любяць і шануюць усе ў сям'і, а першы прыклад павагі і пашаны да яе дае дзецям Міхал.
Адносіны да маці, любоў і пашана да яе — выключная мерка духоўнасці кожнага чалавека. Становішча жанчыны-маці — люстэрка грамадства. Адносінамі да маці вывяраюць сваіх герояў многія пісьменнікі. На вялікі жаль, многія героі не вытрымліваюць гэтага выпрабавання. Не любоў, удзячнасць і пяшчоту, а эгаізм, чэрствасць і чорную няўдзячнасць у адносінах да самага роднага чалавека выпраменьваюць іх душы. Не роднымі дзецьмі, нават не пасынкам! а нелюдзямі і пачварамі паўстаюць яны перад чытачом. У 3. Прыгодзіча ёсць аповесць з сімвалічнай назвай «Ноч перад нядзеляю». Даследуючы лёс самаахвярнай маці, якой дзеці адплацілі чорнай няўдзячнасцю, пісьменнік б'е трывогу, папярэджвае пра дэградацыю грамадства.
I З. Прыгодзіч, і В. Карамазаў, і А. Дудараў, і многія іншыя пісьменнікі сучаснасці папярэджваюць усіх нас, што мы ўжо на парозе, пераступаць які нельга, што ўжо не толькі вечар, а ноч, за якой можа не наступіць раніца. Сімвалічным з'яўляецца вяртанне Сцяпана да сваёй маці пасля дзяльбы кабанчыка (апавяданне В. Карамазава «Дзяльба кабанчыка»). Вяртанне да маці — одум, абуджанае сумленне, выратаванне сваёй душы. Вяртанне да маці — вяртанне да духоўнасці, якую занядбалі, якую ў мітусні і тлуме адкінулі як непатрэбшчыну. Настаў час усвядоміць духоўнасць як краевугольны камень і пакласці яго ў аснову асноў. I пачаць, калі яшчэ не позна, трэба найперш з удзячнасці Маме і клопату пра Маму. Так, як зрабіў герой апавядання В. Карамазава.
«Тут зямля такая!» (Максім ТАНК)
Ёсць яшчэ адзін куточак запаветны,
Дзе растуць, нібы грыбы, здаўна паэты…
П. Панчанка.
У Максіма Танка ёсць цудоўны верш з фальклорнай рэмінісцэнцыяй на ўзроўні сюжэта.
…Хадзілі мужыкі па свеце ў пошуках шчасця і прыйшлі ў чароўны край азёр і лясоў. Стаміліся, прылеглі адпачыць і прачнуліся ад нейкай дзівоснай музыкі, што лілася немаведама адкуль. Кінуцца ў адзін бок — нідзе нікога, у другі — таксама ні душы.
Сапраўдным гімнам роднаму краю, яго красе і багаццям, галоўнае з якіх — таленты, з'яўляецца пафасны верш П. Панчанкі «Край паэтаў». I сама назва, і ўвесь гэты вялікі памерам верш уяўляюць сабой перыфразы. Гэта верш-загадка, мастацкае, вобразнае, узнёслае і пафаснае апісанне Беларусі, хоць аўтар і ні разу не ўжыў слова «Беларусь». Што ні радок — то метафара. Выключная рытмічнасць, мажорнасць верша дасягаецца анафарай «там» і анафарычнай будовай сказаў.
Парадаксальна тое, што ў такім пафасным, экспрэсіўным вершы выкарыстоўваюцца фразеалагізмы, эўфемізмы, выразы тыпу: «сто разоў цалуюць там і яшчэ трошкі»; «бо красуня перад ім не задаецца»; «там зубрыная гарэлка прадаецца»; «выдаўцы там не бяруць у рот ні кроплі». Усё пералічанае надае твору адначасова і гумарыстычнае гучанне. Валадарства гумару вялікае, і ў тым пераконваешся, чытаючы таленавіты верш П. Панчанкі. Спалучыўшы, на першы погляд, неспалучальнае, паэт дасягае найбольшага эстэтычнага і эмацыянальнага ўздзеяння на чытача.
Беларуская зямля — краіна талентаў. Гістарычна так склалася, што беларусу даводзілі, быццам ён ні на што высокае не здатны і можа толькі быць «панам сахі і касы». Сцвярджэнню таленавітасці беларускага народа прысвячаецца многа дасканалых у мастацкіх адносінах твораў: паэмы Янкі Купалы «Курган», Якуба Коласа «Сымон-музыка», аповесць Змітрака Бядулі «Салавей». У шэрагу лепшых твораў пра ролю і прызначэнне мастака і мастацтва — паэма Максіма Танка «Люцыян Таполя». Галоўны герой паэмы — моцная, выключная асоба, надзеленая такім незвычайным дарам, што пад яго рукамі «ажывала нават нежывое, немагчымае рабілася магчымым: гнуўся камень, а з звычайнай цэглы, быццам з бронзы, паўставалі здані». Герой уступае ў канфлікт з абставінамі і не гіне, як гэтага вымагаюць законы жанру паэмы, а выйграе бітву са злом.