Выбрать главу

Некаторыя айчынныя сцяганосцы, папярэдне вельмі многа зрабіўшы дзеля абуджэння і вяртання народа да памяці, клічуць за сабой не ўсіх, а толькі тых, хто ўжо прачнуўся і здольны слухаць. М. Ермаловіч наказвае таму, хто прачнуўся (адна з гутарак так і называецца): «Абудзіўся сам — абуджай іншых да свядомага нацыянальнага жыцця. Калі ты хоць аднаго чалавека далучыш да патрыятычнай работы — зробіш вялікую справу… Ніколі не выракайся роднай мовы, тым болей жывучы на радзіме. Заўсёды вусна і пісьмова ўжывай яе…»

Як мудра і проста: «заўсёды… ужывай яе»! Сапраўды, становішча мовы сёння на той мяжы, калі ўратаваць яе ўжо не здольны не толькі самыя таленавітыя фальклорныя ансамблі, але нават шэдэўры В. Быкава. Не ўратавалі ж лацінскую мову шэдэўры, створаныя на ёй, мёртвая сёння лацінская мова, як і многія іншыя. Уратаваць нашу родную мову здольны сёння толькі тыя, што прачнуліся. I нават без барацьбы, канфрантацый, стогнаў і енкаў — без ахвяр. Толькі адным — гаварыць і пісаць на ёй — і яна будзе жыць! А разам з ёй — і мы. Узвысіцца над абставінамі можна толькі тады, калі ўстаць і ісці. Страх быць асмяяным і прыніжаным — не больш чым самаапраўданне, за якое чакае немінучая расплата. Капітуляцыя перад абставінамі ды яшчэ імкненне скласці з сябе віну за спрычыненае рана ці позна прывядуць да «сцяны абсурду», перад якой зноў прагучыць наша і такое ўласцівае нашай ментальнасці «за што?».

Лейтэнант Іваноўскі з аповесці В. Быкава «Дажыць да світання» ўпэўнены, што на вайне, дзе, здавалася б, усё залежыць ад волі сляпога выпадку, чалавеку «ні на хвіліну нельга выпускаць з рук тугіх павадоў абставін, пры любых, самых немагчымых умовах трэба старацца кіраваць імі». Гэтая філасофія цалкам прымальная і для мірнага жыцця, калі ў ім руйнуецца нешта святое і каштоўнае. Адчаем, енкамі ды слязамі справе не дапаможаш. Пагадзіўшыся з тым, што «наш лес бы кат з рукой забойнай», час пашукаць таго, што можна было б кату супрацьпаставіць. Марна разлічваць, што калі кату лізнуць руку, то ён пасля гэтага будзе біць слабей. На самай справе ўсё будзе наадварот.

Вядома, каб «заўсёды вусна і пісьмова ўжываць яе», мову, таксама патрабуюцца пэўная стойкасць і праца душы. Але, як сказана ў Евангеллі, «той, хто працуе, варты ўзнагароды за працу сваю». У Пасланнях да Карынфянаў святы апостал Павел пісаў: «…мы ў адчайных абставінах, але не адчайваемся», бо «хто арэ, павінен араць з надзеяю, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяю атрымаць спадзяванае».

«Мудрыя ўсіх вякоў лічылі, што ў кожнай дзяржаве пачціваму чалавеку няма нічога даражэйшага за свабоду» (Леў Сапега)

Чалавек стварэнне боскае і нараджаецца свабодным.

В. Быкаў

У гісторыі заўсёды і непазбежна наступае такі час, калі таго, хто асмельваецца сказаць, што двойчы два — чатыры, караюць смерцю. I пытанне не ў тым, каб ведаць, якую кару ці якую ўзнагароду пацягне за сабой гэтае разважанне. Праблема ў тым, каб ведаць, складаюдь ці не двойчы два чатыры.

А. Камю

Свет паразумеўся на яснай, як «двойчы два — чатыры», ісціне, што найвялікшай для кожнай нацыі каштоўнасцю з'яўляецца воля і незалежнасць. Яны — самая першая ўмова годнага жыцця і росквіту дзяржавы.

Падканцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега ў прадмове да Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. пісаў, што прыстойнаму, пачціваму чалавеку «няволя павінна быць такой агіднай, што не толькі скарбамі, але і смерцю яе ад сябе адганяць павінен. А таму прыстойныя людзі не толькі маёмасць, але і жыцця… не шкадуюць», каб не трапіць пад жорсткую ўладу ворага. Гэтая бясспрэчная ісціна — правіла для ўсяго свету. Аднак у кожным правіле ёсць выключэнні.

М. Ермаловіч са скрухай і абурэннем піша, што стала хадзячаю думка, быццам Беларусь ніколі не была і не можа быць самастойнаю, што яна абавязкова павінна быць часткай іншых дзяржаў і, само сабой зразумела, займаць у іх падначаленае месца. Такое забыццё «дзедавай славы» даследчык даўніны лічыць вялікай ганьбай. I як вынік гэтай ганьбы яшчэ большая ганьба — засмечванне нашай свядомасці, бесперашкоднае пашырэнне ў нас такога ідэйнага пустазелля, якое ў кожнай самавітай дзяржаве лічыцца абразлівым і нават злачынным.

Мовай дакументаў «Старажытнай Беларусі» і мовай, што ідзе ад сэрца, гісторык і пісьменнік даводзіць нам, што наша Беларусь ужо ў першапачатковы, полацкі, перыяд сваёй гісторыі першаю адваявала ў Кіеўскай імперыі сваю незалежнасць і жыла вольнай дзяржавай. М.Ермаловіч піша: «Нягледзячы на скупыя звесткі пра Рагвалода, мы можам з упэўненасцю сказаць, што ён быў мудрым дзеячам… спакваля пашыраў Полаччыну і здабываў для яе незалежнасць, а для сябе гонар вольнага князя». Ворагі-суседзі раптам са здзіўленнем і страхам убачылі новую дзяржаву, якая ляжала на скрыжаванні важнейшых шляхоў і якая ў любы момант магла замкнуць іх. Не могучы змірыцца з гэтым, яны не марудзілі з расправай. У 980 г. кіеўскі князь Уладзімір робіць знішчальны паход на Полаччыну. Юная краіна не вытрымала шалёнага націску і гераічна пала, а яе тварэц — Рагвалод — разам з жонкай і двума сынамі быў па-зверску забіты. Пралітая кроў Рагвалода і яго сыноў стала барвовай зарой Беларусі.

Але на гэтай крывавай зары ўзышла наша першая зорка — Рагнеда. Калі яе бацька Рагвалод і яе браты былі першымі ахвярамі Беларусі, то Рагнеда з'явілася нашым першым героем. З яе імем звязана цудоўнае ўваскрэсенне Полаччыны, бязлітасна вынішчанай Уладзімірам. Подзвіг Рагнеды ў імя Радзімы — яркае пацвярджэнне таму, што галоўнае не самавольства тыранаў, а гераічнае супраціўленне ім і непакорнасць. Якой бы ні была вялікай і жорсткай сіла і ўлада самадзяржаўных дэспатаў, але любоў да волі і Радзімы і нянавісць да прыгнёту заўсёды будуць мацнейшымі і ўрэшце перамогуць.

У пачатку сваёй гісторыі Беларусь атрымала ў асобе Рагнеды найвыдатнейшы ўзор нязломнасці духу і прыклад барацьбы за волю і Радзіму. Подзвіг Рагнеды быў настолькі незвычайны, што праўдзівая гісторыя яе жыцця ўспрымалася наступнымі пакаленнямі як легенда.

У гутарцы «Рагвалод і Рагнеда» М. Ермаловіч пафасна, страсна выяўляе сваё захапленне беларускай гераіняй і сваю веру ў тое, што яе прыклад паўплывае на фарміраванне каштоўнасных арыенціраў нашых сучаснікаў: «Няхай жа заўсёды ў нашых жылах цячэ яе палымяная кроў, няхай жа ў нашых грудзях заўсёды жыве яе непакорная душа, няхай жа ў нашых сэрцах заўсёды гарыць жыватворная яе любоў да Радзімы…»

Даўно ўжо знікла ў Мінску рэчка Няміга, але ёсць вуліца Няміга. «I больш няма для нашай сталіцы даражэйшага, як гэтыя святыні», — піша М. Ермаловіч. У сувязі з бітвай на рацэ Нямізе з'явіўся ўпершыню на старонках летапісу Менск. Цяжка пераацаніць значэнне гэтай падзеі ў гісторыі Беларусі. Адна з самых крывавых у нашай старажытнасці, бітва на Нямізе ўразіла не толькі сучаснікаў. Рэха яе цераз 120 гадоў адбілася ў «Слове пра паход Ігаравы» самымі натхнёнымі паэтычнымі радкамі. «I хаця гэта бітва прынесла страшэннае паражэнне нашай прарадзіме Полаччыне — і яе слаўнейшаму правадыру — князю Усяславу Чарадзею, — яна была яскравейшым сведчаннем нашай слаўнай мінуўшчыны, поўнай няспыннай барацьбы з нашым першым па часе ворагам — Кіеўскай імперыяй» — так усведамляецца даследчыкам даўніны М. Ермаловічам значэнне гэтай падзеі ў нацыянальнай гісторыі. Ён піша, што, на вялікі гонар Полаччыне, яна была першай, якая пачала развал гэтай, паводле К. Маркса, «недарэчнай і няскладнай, скараспелай і шматковай дзяржавы». Палачане не хацелі несці ахвяры ў імя ажыццяўлення заваёўніцкіх мэт кіеўскіх князёў і рашуча распачалі барацьбу з імі.

Бітва на Нямізе сведчыць і пра тое, што ў далёкім мінулым Менск быў самай важнай і надзейнай крэпасцю Полаччыны для абароны ад Кіева. Жыхары Менска, самаахвярныя грамадзяне і свайго горада, і сваёй радзімы, мужна бараніліся ад ворага. Нездарма ж кіеўскія князі так па-варварску помсцілі Менску. Узяўшы яго ў 1067 г., яны «йссекоша мужей, а жёны я детей взяша на шдты». Крыху пазней Уладзімір Манамах выхваляўся тым, што, захапіўшы Менск, «не оставяхом у него челядяна, н^ скотаны».